2007-07-30 18:22:54

Чарговыя старонкi з Сацыяльнай дактрыны Царквы.


320 Ва ўрэгаляваннi вялiкай i складанай праблемы працы, якая ў некаторых рэгiёнах набывае драматычны характар, навукоўцы i дзеячы культуры заклiканы ўнесцi асаблiвы ўклад, такi важны для выбара правiльных рашэнняў. Iх задача – выяўляць магчымасцi i небяспекi, якiя могуць прынесцi змены, а, самае галоўнае, указваць у якiм напрамку трэба дзейнiчаць, каб змены самым добрым чынам уплывалi на развiццё ўсяго чалавецтва. На iх ускладзена цяжкая задача: даследваць i тлумачыць сацыяльныя феномены разумна i з любоў’ю да iсцiны, не прыймаючы пад увагу групавыя цi асабiстыя iнтэрэсы. Бо iх уклад, менавiта дзякуючы яго тэарытычнай натуры, робiцца важным арыенцiрам для канкрэтных дзеянняў у рамках эканамiчнай палiтыкi.
321 Сучасныя сцэнарыi глыбокай трансфармацыi чалавечай працы яшчэ больш настойлiва патрабуюць сапраўды глабальнага i салiдарнага развiцця, якое ахоплiвала б усе рэгiёны свету, уключаючы найбольш бедныя i рызыковыя. Што тычыцца апошнiх, то шырокамаштабны працэс салiдарнага развiцця не толькi прадугледжвае iм канкрэтную магчымасць ствараць новыя рабочыя месцы, але i аказваецца сапраўднай умовай для выжывання цэлых народаў: “Трэба глабалiзаваць салiдарнасць”.
Трэба пераадолiць эканамiчную i сацыяльную няроўнасць у галiне працы, аднаўляючы правiльную ерархiю каштоўнасцей i ставячы на першае мейсца годнасць чалавека, якi працуе: “Новая рэчаiснасць, якая актыўна ўваходзiць у працэс вытворчасцi, уключае ў сябе глабалiзацыю фiнансаў, эканомiкi, гандлю i працы, але яна нiколi не павiнна завалодваць годнасцю i цэнтральным становiшчам чалавечай асобы, а таксама свабодай i дэмакратыяй народаў. Салiдарнасць, удзел i магчымасць кiраваць гэтымi радыкальнымi зменамi то, безумоўна, ў’яўляюць сабой неабходную этычную гарантыю таго, каб асобныя людзi i цэлыя народы не апынулiся не iнструментамi, але пратаганiстамi сваёй будучынi. Ажыццяўляць усё гэта магчыма, а значыць трэба”.
322 Абвастраецца неабходнасць уважлiва разглядаць новы стан працы ў сучасным кантэксте глабалiзацыi – разглядаць у такой перспектыве, дзе возьме годнае мейсца натуральная схiльнасць людзей усталёўваць адносiны. У сувязi з гэтым трэба сцвердзiць, што сусветнае вымярэнне належыць чалавеку, а не рэчам. Тэхнiка можа быць iнструментальнай нагодай для глабалiзацыi, але апошняя нагода – гэта сусветнасць паходжання чалавечай сямьi. Такiм чынам, i праца мае ўласнае сусветнае вымярэнне, бо яна заснавана на чалавечых адносiнах. Тэхналогii, асаблiва электронныя, дазволiлi распаўсюдзiць гэты аспект працы – аспект узаемных адносiнаў – па ўсёй планеце, вельмi хутка пашыраючы глабалiзацыю. Апошняя аснова гэтай дынамiкi – чалавек, якi працуе; гэта заўсёды суб’ект, а не аб’ект. Такiм чынам, i глабалiзаваная праца паходзiць з антрапалагiчнай асновы, з унутрана належнага працы вымярэння адносiнаў. Адсобныя аспекты глабалiзацыi працы не павiнны адштурхоўваць цi зводзiць у бок для ўсiх магчымасцi выказаць гуманiзм працы ў планетарных памерах, салiдарнасць у галiне працы на тым жа ўзроўнi, каб працаваць у падобным кантэксце, пашыраным i прасягнутым сувязямi, людзi ўсё лепей разумеюць уласнае паклiканне да еднасцi i салiдарнасцi.

ЧАСТКА СЁМАЯ
ЭКАНАМIЧНАЕ ЖЫЦЦЁ
    Бiблiйныя аспекты

а) Чалавек, галеча i багацце.
323 У Старым Запавеце мы знаходзiм падвойныя адносiны да эканамiчных дабротаў i багацця. З аднаго боку, высока ацэньваюцца магчымасцi мець матэрыяльныя даброты, якiя лiчацца неабходнымi для жыцця: тады iх вялiкая колькасць разглядаецца як блаславенства Бога. У лiтаратуры Мудрацоў беднасць апiсваецца як негатыўнае наступства ляноты (пар. Пртчы 10, 4) i як натуральны факт (пар. Прытчы 22, 2). З iншага боку не асуджаюцца эканамiчныя даброты i багацце самыя – асуджаецца iх дрэннае выкарыстанне. Прарочая традыцыя негатыўна ставiцца да падману, лiхвярства, несправядлiвасць, асаблiва ў адносiнах да самых бедных (пар. 58, 3-11; Iер 7, 4-7; Осд 4, 1-2; Ам 2, 6-7; Мiх 2, 1-2). Хаця ж прарокi лiчылi злом галечу прыгнечаных, слабых, жабракоў, але яны бачылi ў ёй i сымвал становiшча чалавека перад Богам; ад Яго паходзiць усякае дабро як дар, якiм трэба распараджацца i падзяляць яго.
324 Хто прызнае ўласную галечу перад Богам, у якiм бы становiшчы ён не быў, да таго Бог будзе асаблiва ўважлiвым: калi бедны шукае Бога, Той адказвае i чуе яго. Да бедных звернуты Боскiя абяцаннi: бедныя будуць нашчадкамi запавета памiж Богам i Яго народам. Збаўчае ўмяшальнiцтва Бога здзейснiцца праз новага Давiда (пар. Езiк 34, 22-31), якi, як – i, нават, у большай ступенi, чым цар Давiд, будзе баранiць бедных i мацаваць справядлiвасць; ён установiць новы запавет i напiша новы закон у сэрцах вернiкаў (пар. Ерам 31, 31-34). Галеча, калi яе прыймаюць цi шукаюць у рэлiгiйным духу, прыцягвае да прызнання i прыняцця парадка стварэння; у гэтай перспектыве, “багаты” – гэта той, хто мае надзею на рэчы, якiмi валодае, а не на Бога; хто чэрпае сiлу ў справе ўласных рук i спадзяецца толькi на гэту сваю сiлу. Беднасць узвышваецца на ўзровень маральнай вартасцi, калi выяўляецца як пакорлiвая чуллiвасць i адкрытасць у адносiнах да Бога, да даверу да Яго. Падобны настрой робiць чалавека здольным прызнаць адноснасць эканамiчных дабротаў i выкарыстоўваць iх як боскiя дары, якiмi трэба распараджацца i дзялiцца, бо першынства валодання дабротамi належыць Богу.







All the contents on this site are copyrighted ©.