2007-07-21 07:56:27

Каталiцкая дабрачынная арганiзацыя "Царква ў патрэбе" выдала ў 2006 годзе 81 млн. еўра.


“Гэта быў добры год, нават, хiба, адзiн з найлепшых за 60 гадоў iснавання нашай арганiзацыi”, - такiмi словамi галава мiжнароднай каталiцкай арганiзацыi “Царква ў патрэбе” Ханс-Петер Ретлiн прадставiў справаздачу аб дзейнасцi за 2006 год. Пры гэтым ён выказаў падзяку дабрачынцам з 17 краiнаў, дзе дзейнiчаюць аддзяленнi арганiзацыi, якiя ўзначальваюць нацыянальныя сакратары. У гэтым годзе ахвяраваннi склалi 81 млн. еўра i ўсе яны былi перададзены Цэрквам, якiя маюць праблемы з мiсiянарствам цi жывуць ва ўмовах пераследаванняў i галечы. Арганiзацыя “Царква ў патрэбе” здзейснiла 5.089 праектаў у 137 краiнах свету i такiм чынам атрымала вядомасць як самая вялiкая дабрачынная арганiзацыя ў свеце. Святарам, якiя мелi матэрыяльныя цяжкасцi, было накiравана каля 1,5 млн iнтэнцый, 16.500 семiнарыстам была аказана дапамога, каб яны здолiлi зрабiцца добрымi святарамi. Была аказана дапамога 180 клаўзуровым кляштарам, 100 з якiх знаходзяцца ва Усходняй Еўропе. Сярод iншых тыпаў дапамогi ёсць будаўнiцтва i рамонт культавых будынкаў, забяспечэнне святароў-мiсiянароў транспартнымi сродкамi рознага тыпу, фiнансаванне сродкаў масавай iнфармацыi хрысцiянскага характару. Асобныя iнiцыятывы арганiзацыi тычылiся выдання рэлiгiйнай лiтаратуры, перад усiм, распаўсюджвання Бiблii i катэхiзiсаў. Сярод новых моваў, на якiя быў перакладзены катэхiзiс “Я веру”, турэцкая мова, на якой былi надрукаваны i распаўсюджаны 10.000 экзэмпляраў.
У рэгiёнах, дзе Царква жыве ў цяжкiх умовах з нагоды парушэння праў на свабоду веравызнання з боку ўладаў цi рэлiгiйнай большасцi, “Царква ў патрэбе” здзейснiла сотнi праектаў па падрымцы хрысцiянаў. Гутарка iдзе, перад усiм, аб Кiтаi, Венесуэле, Мьянме, Кубе, Вьетнаме, Турцыi, Iнданэзii, Iндыi, Iраке, Нiгерыi i Пакiстане.







All the contents on this site are copyrighted ©.