2007-07-17 13:30:32

У Гудагаi каранавалi iкону Мацi Божай.


У мястэчку Гудагай Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласцi кардынал Казiмiр Свёнтэк здзейснiў каранацыю цудатворнай iконы Мацi Божай Гудагайскай. Як паведамiў а. Юрый Санько. Яе ўшаноўваюць не толькi вернiкi Гарадзенскай дыяцэзii, захоўваецца ў касцёле Мацi Божай, што быў пабудаваны ў ХVIII° стагоддзi. Па словах а.Юрыя, кардынал усклаў кароны на цудатворную iкону напярэдаднi вялiкага свята каталiцкага закона кармелiтаў босых, якiя апякуюцца санктуарыям у Гудагаi. “Гэта падзея з’яўляецца вялiкай урачыстасцю i для тых, што носяць шкаплер Найсвяцейшай Панны Марыi з гары Кармель на Святой Зямлi. На думку святара, Мацi Божая Гудагайская з’яўляецца нябеснай заступнiцай усiх вернiкаў, якiя носяць шкаплер i ўшаноўваюць Яе. Сёння невялiкае мястэчка Гудагай вядома менавiта дзякуючы гэтай iконе. Невялiкая выява Мадонны – копiя абраза Мацi Божай Уладзiмiрскай, напiсанай, згодна паданню, Эвангелiстам Лукой. Абраз быў знайдзены ў Ашмянскай пушчы манахам-пустэльнiкам i прынесены ў мястэчка. Пасля таго, як ў XVI° стагоддзi для яго пабудавалi каплiцу, а потым у 1763 годзе касцёл, абраз стаў цэнтрам пiлiгрымак. “Пры гэтым былi засведчаны шматлiкiя факты цудатворных фiзiчных i духоўных аздараўленняў вернiкаў”, - зазначыў а. Юрый Санько.
Па ягоных словах, сёлятняе ўкаранаванне ёсць шостым ускладаннем папскiх каронаў на цудатворныя iконы ў рыма-каталiцкiх храмах Беларусi. Раней былi ўкаранаваныя абразы Мацi Божай Будслаўскай, Берасцейскай, Лагiшынскай, Тракельскай i Кангрэгатскай, якая знаходзiцца ў Гарадзенскiм фарным касцёле.







All the contents on this site are copyrighted ©.