2007-07-17 14:17:09

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


Мастацкія помнікі мінулага, якія цяпер часта называюць “артэфактамі”, дазваляюць нам уявіць жыццё старажытнага грамадзтва, адкрыць для сябе невядомыя старонкі гісторыі.
Хрысціянская іканаграфія бярэ пачатак у Антычнасці, але вядомай яна стала перш за ўсё праз мастацкія творы Сярэднявечча, і менавіта ў той час яна дасягнула вялікага росквіту ва ўсіх хрысціянскіх краінах. Быў аднак і такі час, які прынята называць “Цёмным сярэднявеччам”, гэта перыяд з VI па ІХ стагоддзе, калі амаль на ўсім Захадзе мастацтва знаходзілася на вельмі нізкім узроўні, а ў Візантыі гэта быў час іканабочых пераследванняў і афіцыйнай забароны рэлігійных выяваў. Пасля гэтага доўгага перыяду, аднаўленне павінна было б даць месца новаму выяўленню. Аднак яно не нарадзілася з нуля, і паўсюль, хаця і ў розных манерах, адзначаліся намаганні па аднаўленні спадчыны хрысціянскіх выяваў Старажытнасці. Гэта асноватворны пункт, бо менавіта ў гэтай пазіцыі мастакоў заранку Сярэднявечча канчаткова захаваліся шматлікія важныя элементы больш старажытнай іканаграфіі.
Але свет змяняўся. Змяняліся грамадзкія ды эканамічныя ўмовы. Цесна звязаныя дзеі Царквы і дзяржавы ўплывалі на мастацкія творы, перш за ўсё з іканаграфічнага пункту гледжання. У Візантыі дзейнасць тэакратычнай манархіі стала вызначальнай на працягу і пасля іканаборчага крызісу. На Захадзе, у імперыі Каралінгаў, адбывалася тое ж самае, з той вялікай розніцай, што развіццё мастацтва там праходзіла праз пасрэдніцтва вялікіх аббацтваў, што садзейнічала распаўсюджванню мастацкіх пачынанняў па вялікіх тэрыторыях і такім чынам падрыхтоўвала шлях для развіцця мастацтва на Захадзе ў эпоху позняга Сярэднявечча.
Паходжанне метадаў і вобразаў хрысціянскай іканаграфіі Заходняй Царквы было пакладзена напрыканцы VI стагоддзя Рымскім Папай Грыгорыям Вялікім, які ўзначальваў Царкву з 590-га па 602-гі год. Ва ўсіх краінах лацінскай традыцыі традыцыя заставалася напрацягу ўсяго Сярэднявечча. Папа Грыгорый напісаў працу “Выявы і пісьмо для непісьменных” ў якой вызначыў метад пазнання веры праз мастацкія сродкі і такім чынам метад вывучэння рэлігіі і яе таямніцаў. Заходняе Хрысціянства застанецца вернай гэтай асноўнай ідэі, якая шмат разоў потым будзе ўзгадвацца багасловамі Сярэднявечча і такім чынам пацвярджацца настаўніцкая роля хрысціянскіх выяваў.
Гэты факт вызначыўся перш за ўсё ў часы караля Карла Вялікага, які жыў з 742-га па 814-ы год. Гэты чалавек стаў каралём франкаў у 768-м годзе. Карл Вялікі заваеваў Лангабардскае каралеўства, частку Італіі, вобласці саксаў і ў 800-м годзе стаў імператарам гэтай вялікай імперыі.

Як і Візантыйскі імператар, ён таксама лічыў сябе спадчыннікам Рыма і пераемнікам яго традыцый. Нагадаем, што ў гэтыя ж часы ў Візантыі на дзяржаўным ўзроўні адбывалася іканаборства, таму не дзіўна, што Святы Пасад зблізіўся з Каралінгамі – дынастыяй Карла Вялікага, якога на царства каранаваў Папа Рымскі Леў ІІІ (795-816) і зацвярдзіў у рангу імператара, што ў Канстанцінопалі было прынята як здрадніцтва. Але ў гэтыя ж часы з Рымскай Царквы выйшла ідэя аб пераваге ўлады духоўнай над уладай зямной.
У гэты ж перыяд з асяроддзя Карла Вялікага выйшла яшчэ адна фундаментальная думка адносна рэлігійных выяваў, якая будзе захоўвацца ў хрысціянскім грамадзтве Захада таксама напрацягу ўсяго Сярэднявечча: выява можа нагадваць фізічную знешнасць нейкай асобы або нейкую падзею. Аднак у той жа час, выява ёсць матэрыяльнай справай і такім чынам не можа быць аб’ектам культу. У такім пункце погляду няма нічога новага, у Старажытнасці ён быў сфармулявана шмат разоў і ў розных краінах. Але багасловы Карла Вялікага і сам кароль настойліва абвяргалі абажанне іконаў і магчыма іх упэўненасць у гэтым тлумачылася апазіцыяй у адносінах да Візантыі.
Гаворка ідзе аб навучанні, якое было прынята на экуменічным саборы 787 года і ўхвалена Рымскім Папай Адрыянам І-м (772-795) і лацінскімі прэлатамі. Аднак саперніцтва паміж дзвума імперыямі, грэцкай і лацінскай, больш прадстаўляе сутнасць Карла Вялікага, чым адзінства хрысціянства. Ён асабіста сам надхняў аўтараў аднаго трактата, які аб’яўляў, між іншым, абвяржэнне Царквою Каралінгаў усялякага шанавання рэлігійных выяваў. Аўтары так званых “Кнігаў Каралінгаў” прыймалі гэтыя погляды прымусовых спрэчак супраць грэкаў, якія прыймалі такі культ, але ў гэтым было больш палітыкі чым багаслоўя. Дыспут аб выявах, і ўвогуле аб фігуратыўных выявах, пачаўся за поўстагоддзя да першага разрыву паміж Рымскай і Візантыйскай Цэрквамі.
Гэты пазаўчасны падзел на плоскаці рэлігійнага мастацтва ўвогуле не быў ацэнены гісторыкамі, і гэта памылкова, бо мастацкае поле, гэта моцны паказчык сапраўднага зместу веры ў самавызнанні разнастайных этнічных, палітычных і сацыяльных групаў. “Кнігі Каралінгаў” верагодна не адлюстроўвалі адносіны ўсіх хрысціянаў Захаду ў думках аб рэлігійных выявах, але адлюстроўваюць погляды самых адукаваных і ўплывовых асобаў у імперыі Каралінгаў і іх дактрыну аб рэлігійных выявах.
Напрыканцы эпохі Каралінгаў, хрысціянскі свет Захаду, без абвяржэння рэлігійных выяваў, як гэта рабілі іканаборцы, бачыў у іх толькі інструмент настаўніцкага дзеяння і сродак напаміну асобаў ды эпізодаў гісторыі Божага Запавету. Такія выявы безумоўна мелі сваю карысць, але створаныя людзьмі, яны не павінны былі стаць рэччу глыбокай пашаны і пакланення, як напрыклад іконы ў Візантыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.