2007-07-14 10:28:50

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


Серада 10 жніўня была апошнім днём у Мюнхэне. Перад ад’ездам біскуп Сіповіч i айцец Салавей зрабілі візыт кардыналу Вэндэлю, архібіскупу Мюнхэнскаму i “гаспадару” Эўхарыстычнага Кангрэсу. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку: «Прыняў нас вельмі ветліва i сымпатычна. Падзякаваў яму за ўсё, што ён быў ласкаў зрабіць для маёй кансэкрацыі. Я кажу, што, незалежна ад мяне, мая біскупская кансэкрацыя сталася адным з характэрных пунктаў усяго Кангрэсу. Кард. Вэндэль на гэта: “Гэтага мы i жадалі! Вельмі добра!” Пытае, якое наша ўражаньне аб Кангрэсе? Я з свайго боку заўважыў, што вельмі моцны акцэнт у час Кангрэсу быў на ўсходнія абрады. Я. Эмінэнцыя кажа, што гэта было сьведама зроблена i што гэта можа быць добрай падрыхтоўкай да экумэнічнага сабору і наагул да хрысьціянскай еднасьці».
У чацьвер 11 жніўня біскуп Сіповіч ужо зьявіўся ў Рыме. Там чакала яго шмат справаў, найважнейшая зь ix – аўдыенцыя ў Сьвятога Айца ў суботу 20 жніўня ў летняй папскай рэзыдэнцыі Кастэль Гандольфа (Castel Gondolfo). Вось як апісвае яе сам біскуп Сіповіч: «А гадз. 12.08 прыняў мяне Айцец Сьв. словамі: “Venga, venga!” (заходзь, заходзь!). Пашлі да стала. Ён сеў i я сеў збоку стала. Запытаў мяне, хто я, скуль, хто мяне кансэкраваў? Адказаў, што я беларус, з Беларусі, i што я біскуп пасьля доўгіх гадоў нашага гіерархічнага сіроцтва. Спачатку думаў Айцец Сьв., што я ўкраінец, пасьля аднак, калі я ўспомніў аб Менску, умяйсцовіў нашу краіну належна. Калі я сказаў, што быў кансэкраваны ў Мюнхэне, ён запытаў: “Хто кансэкраваў?” – “Я. Э. Бучко” – кажу. “O quell piccolo mio amico!” (O, гэты мой маленькі прыяцель! – А.Н.) – з усьмешкай сказаў Папа. Тады перайшоў Айцец Сьв. на лацінскую мову i сказаў, што трэба заўсёды выбіраць 1) апошняе месца (ізноў засьмяяўся, паказваючы на сябе i гаворачы па-італьянску: “Ma vedi, loro me hanno messo qui!” [але глядзі, яны мяне ўсадзілі сюды! – А.Н.]); 2) быць слугой ycix; 3) захаваць integritatem et puritatem sacerdotalem (сьвятарскую цэльнасьць і чысьціню); 4) адказваць на кліч ласкі. Вылічаючы гэтыя чатыры пункты, ён дадаў: Sub juramento propositionem uti sacerdos feci haec quatour puncta observare” (Пад прысягай я як сьвятар зрабіў пастанову захоўваць гэтыя чатыры пункты. – А.Н.). Скончыўшы гутарку Айцец Сьв. характару маральна-пэдагагічнага, кажа: “А цяпер хачу ахвяраваць табе мэдаль. Ён недарагі, не залаты, але даю яго для біскупаў ад шчырага сэрца...” ...Атрымаўшы падарак, пацалаваў руку Айцу Сьв. i папрасіў багаславенства для маёй маці, маёй сям’і, для ўсіх сваякоў, для ўсіх беларусаў на бацькаўшчыне i на чужыне, для ўсіх марыянаў. Айцец Сьв. адказаў: “Di tutto il cuore” (ад усяго сэрца. – А.Н.). Пасьля сам зьвярнуўся да мяне: “Vuoi che facciamo insieme la fotografia?” (Хочаш, зробім разам здымак? – А.Н.) – “Si, Santitа! (Так, Ваша Сьвятасьць! – А.Н.)... Я забыўся запісаць, калі я гутарыў з Айцом Сьв. i калі я сказаў, што я працаваў сярод беларусаў у Англіі, дык ён сказаў: “Я вучуся цяпер ангельскай мовы, але ж яна страшэнна цяжкая... и troppo difficile!” Так сталася на аўдыенцыі, як прадказваў монс. Моёлі. Спантанічна-бацькаўскія пытаньні. Нейкая адразу адчуваецца дабрата i прастата гэтага чалавека. Калі нават гаворыць аб прынцыпах, дык высказвае ix моцна, але проста, па-бацькоўску».
Толькі ў кастрычніку змог біскуп Сіповіч прыехаць у Лёндан, які ён пакінуў 6 ліпеня. У нядзелю 30 кастрычніка прайшла ўрачыстая біскупская сьвятая Літургія. Малая капліца сьв. Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз не магла зьмясьціць ycix вернікаў – беларусаў ды іхных прыяцеляў. Ha шчасьце, надвор’е спрыяла. Як заўважыў біскуп у сваім дзёньніку, «запраўды адчуваецца апека Божая над намі нават у гэтых малых рэчах». У наступную нядзелю, 6 лістапада, зладзілі “сямейнае” сьвята толькі для беларусаў: раніцай сьв. Літургія ў Марыян Гаўз, a апаўдні прыём у Беларускім Доме. На ім Уладыка Чэслаў атрымаў у падарунак кнігу Прата The Theology of Saint Paul i білет ганаровага сябра Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі.
9 лістапада Ўладыка зноў выправіўся ў Рым.
9 сакавіка 1838 году ў Пецярбурзе памёр у 80-гадовым веку апошні беларускі грэка-каталіцкі мітрапаліт Язафат Булгак. Ён цяжка хварэў i быў зламаны духам. Апошнія 10 гадоў жыцьця ён бясьсільна назіраў, як Язэп Сямашка i ягоныя паплечнікі пры поўнай падтрымцы расейскага ўраду падкопвалі знутры Грэка-Каталіцкую Царкву, каб, слабую, змусіць да “ўзьяднаньня” з расейскім праваслаўем. Адзін мітрапаліт, пакуль жыў, стаяў ім упоперак дарогі. Ён памёр каталіком, але ягоныя праціўнікі скарысталіся нават зь ягонае сьмерці, пахаваўшы Язафата Булгака ў праваслаўнай царкве. Праз год, 25 сакавіка 1839 году, Беларуская Грэка-Каталіцкая (Вуніяцкая) Царква перастала існаваць. У часе беларускага нацыянальнага адраджэньня рабіліся спробы аднавіць яе, але бяз выніку: не спрыялі палітычныя абставіны, заміналі іншыя перашкоды, сярод якіх – непрыхільнасьць або прынамсі абыякавасьць рыма-каталіцкіх царкоўных уладаў. Прызначэньне i высьвячэньне біскупа Чэслава Сіповіча азначала зьмену гэтага стаўленьня да беларусаў. Такім чынам, пасьля 120 гадоў Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква зноў мела свайго біскупа, што давала надзею на лепшую будучыню.
Раздзел: “У дарозе... у працы!” (2 Кар 11:26, 27)
У нядзелю 13 лістапада 1960 году ў базыліцы сьв. Пятра ў Рыме ў дзень сьвятога Яна Залатавуснага прайшла ўрачыстая Літургія, якая носіць ягонае імя. Яна адзначыла пачатак працы Камісіі для Ўсходніх Цэркваў, каб падрыхтаваць матар’ялы да Другога Ватыканскага Паўсюднага Сабору – той набліжаўся з кожным днём. Першае паседжаньне Камісіі адбылося наступнага дня. 15 лістапада біскупа Сіповіча абралі старшынёю падкамісіі для справаў Еднасьці. Падкамісія мелася разгледзець дачыненьні паміж каталіцкімі ўсходнімі цэрквамі i цэрквамі, ня злучанымі ў еднасьці з Апостальскім Пасадам. Безумоўна, канчатковай мэтай, якой прысьвячалася праца падкамісіі, было зьяднаньне ўсіх усходніх хрысьціянаў у Адной Сьвятой Царкве Хрыстовай. Аналізаваліся наступныя пытаньні: перашкоды на шляху да царкоўнай еднасьці, мэтады працы для еднасьці, абрады ў Царкве, месца патрыярхаў у Царкве, характэрныя рысы багаслоўскага вучэньня ўсходніх цэркваў ня ў еднасьці з Апостальскім Пасадам.
Перадсаборная падрыхтоўчая праца займала ў біскупа Сіповіча шмат часу. Апрача сваёй падкамісіі, ён браў удзел у працы падкамісіі пастырскай. У 1962 годзе, ужо калі пачаўся Сабор, ён увайшоў у камісію для законьнікаў.
Нягледзячы на занятасьць, Сіповіч не забываўся, дзеля чаго ён прызначаны біскупам. У лісьце, дадзеным яму Ўсходняй Кангрэгацыяй 29 ліпеня 1960 году, за тыдзень перад ягоным сьвячаньнем, i падпісаным кардыналам Чыканьяні ды айцом Кусам, было сказана, што ён – «Найпачэсьнейшы Спадар Айцец Чэслаў Сіповіч, тытулярны біскуп Марыямітанскі, якому даручана кіраваньне апостальскай працай сярод беларускіх вернікаў бізантыйскага абраду, што жывуць за межамі сваёй краіны»121.
Выраз “кіраваньне апостальскай працай” вельмі шырокі i невыразны, i таму біскуп Сіповіч прасіў ва Ўсходняй Кангрэгацыі інструкцыю, у якой бы дакладна акрэсьліваліся ягоныя правы i абавязкі. Адказ ён атрымаў у лісьце Ўсходняй Кангрэгацыі за 25 лістапада 1960 году:
«1. Вашая Эксцэленцыя павінен кожны год адведваць сваіх суайчыньнікаў, i рабіць справаздачу для Ўсходняй Кангрэгацыі з прапановамі, што трэба ці карысна зрабіць, каб палепшыць духоўнае i часовае становішча;
2. У часе адведзінаў Вашая Эксцэленцыя будзе адпраўляць богаслужэньні i трэбы, публічныя i прыватныя, якія яго папросяць або якія ён будзе ўважаць за патрэбныя, робячы адпаведныя інструкцыі i навучаньні;
3. У выпадках, якія патрабуюць юрысдыкцыі ў вузкім сэнсе гэтага слова (заснаваньне парафіяў, сэмінарыяў, шлюбы, высьвячэньне сьвятароў...), Вашая Эксцэленцыя павінна зьвяртацца да мясцовага біскупа або да гэтай Сьвятой Кангрэгацыі;
4. Нарэшце Вашая Эксцэленцыя будзе гатовая на ўсякі выпадак да распараджэньня гэтай Сьвятой Кангрэгацыі».
Як відаць, біскуп Сіповіч меў даволі абмежаваныя правы i ўладу – яны вынікалі ня столькі зь ягонага тытулу, як з дэлегаваньня паўнамоцтваў ад мясцовага біскупа ці Ўсходняй Кангрэгацыі. Таму шмат залежала ад ягонага такту, дыпляматычных здольнасьцяў і, безумоўна, ініцыятывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.