2007-07-12 17:01:02

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг:
Калі мінула больш за тры з паловай стагоддзі з моманту смерці і Уваскрэсення Ісуса Хрыста, толькі тады Хрысціянства было аб’яўлена дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі. Дзякуючы эдыкту імператара Феадосія, з канца ІV стагоддзя, для хрысціянаў надыйшла эпоха стабілізацыі. Большасць гарадоў імперыі сталі хрысціянскімі і ў іх, акрамя сціплых храмаў, абавязкова ўзводзілі базілікі. З гэтага часу алтары ва ўсіх хрысціянскіх бажніцах былі арыентаваныя на ўсход, і гэтаму было адпаведнае сімвалічнае тлумачэнне. Адзін з падзвіжнікаў і найбуйнейшых багасловаў Васіль Вялікі напісаў нават спецыяльнае сачыненне на гэтую тэму, выкарыстоўваючы вобразныя эпітэты прысвечаныя Хрысту: “Сонца праўды” і “Незаходзячае Сонца”.


Тут трэба прыгадаць, што канец ІV стагоддзя, гэта яшчэ і падзел Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю часткі. Сталіцай быў Канстанцінопаль, але рымская архітэктура працягвала захоўваць сваё значэнне. Базілікі ў Рыме аздабляліся самымі раскошнымі матэрыяламі: калоны з каляровага мурмару, падлогі з рознакаляровай мазаікі. Гэта былі найвялікшыя пабудовы і называлі тыя базілікі папскімі не толькі з-за вялікіх памераў, але і таму што яны былі часткай ажыццяўлення новай грамадзкай ролі Рымскага Папы, ды і ўзводзілі іх на сродкі Пàпаў а не імператараў. Самая старажытная з іх – знакамітая Santa Maria Maggiоre – базіліка Святой Марыі Вялікай на Эсквілінскім узгорку.
Яе ўзвядзенне часткова сугучна старым ідэям сакральнага месца, бо будаўніцтва гэтай святыні было пачата на месцы былога язычніцкага храма ў Ліцыніявых садах. Спачатку базіліку называлі Ліберыяна, па імені заказчыка – Папы Рымскага Ліберыя, але пасля Эфескага Царкоўнага сабора 431-га года, на якім Дзева Марыя была абвешчана Багародзіцай, базіліку прысвяцілі Маці Божай. Будаўніцтва было завершана ў 350-м годзе, але ў V-м стагоддзі, пасля пажару, яе перабудоўвалі. На працягу стагоддзяў ўнутраны выгляд базілікі Santa Maria Maggiоre пакрысе змяняўся, яшчэ больш змяняўся яе знешні выгляд, але тая вялізарная шматнефная, велічная прастора ўраджвае і сёння. Калі гэтая базіліка была пабудаваная на сродкі Папы, дык базіліка Святога Паўла за гарацкімі мурамі была апошняй, што будавалася на сродкі імператара.
Будаўніцтва базілікі Святога Апостала Паўла за мурамі (San Paolo fuori lе mura) пачалося ў 381 годзе, і праз 19 гадоў гэты велічны храм быў асвечаны і адкрыты для вернікаў. Прысвечаны Апосталу Паўлу, гэты храм быў адным з чатырох галоўных базілік, узведзеных па загаду імператара Канстанціна. Месца ўзвядзення базілікі па дарозе на Осцію – тагачасны рымскі порт – было выбрана невыпадкова.


Паданне сведчыць, што менавіта тут, на месцы старога некропаля, быў пахаваны Апостал Павел пасля казні ў Рыме. Першапачатковы касцёл быў пабудаваны перад 384 годам па настаўленні Папы Дамаза, які хацеў выправіць няроўнасць паміж апосталамі Пятром і Паўлам – апекунамі Рыма, якія ў роўнай ступені былі шанаваныя хрысціянамі. Базіліка была потым павялічына ў сваіх памерах імператарамі Валенцініянам ІІ у 386 годзе, ды іншымі імператарамі. Потым, у 441-м годзе святыню перабудоўвалі,
Сучасны выгляд базіліка Святога Паўла набыла толькі ў ХІХ стагоддзі, пасля таго, як 26 ліпеня 1823 года страшны пажар амаль поўнасцю знічтожыў храм, заставіўшы толькі зону апсіды. Святыня значна пацярпела ад бомбы ў час Другой Сусветнай вайны. Але гэтай той жа старажытны пяцінефавы храм з цудоўнымі шэрагамі калонаў накіраваных да алтара, дзе чуюцца адгалоскі моцы і велічы імперскага Рыма. Шырокае будаўніцтва хрысціянскіх храмаў у сталіцы імперыі было яшчэ звязанае і з тым, што ў літургічную практыку Рыма ўвайшлі асаблівасці так званай ерусалімскай “станцыянальнай” багаслужбы. Згодна з ёй Папа павінен быў служыць напрацягу года ў адной з такіх “станцый”. Да канца V-га стагоддзя ў Рыме такіх “станцый” існавала не меньш 25-ці.
Увогуле, па ўсёй тэрыторыі Рымскай імперыі было пабудавана шмат хрысціянскіх храмаў і не толькі ў Італіі, у Равэне і Мілане. Будаўніцтва ішло ў Малой Азіі, Афрыцы, Грэцыі, у тым жа Канстанцінопалі, дзе базілікі ўзвадзілі з яшчэ большым размахам, і дзе збіраліся хрысціянскія каштоўнасці і рэліквіі. Канстанцінопаль хаця і арыентаваўся на Рым, але будавалі яго з мэтай пра ідэальны вобраз святога хрысціянскага горада. Ён не ўзнікаў стыхійна або натуральна, але ствараўся як Новы Ерусалім – Святы горад Святой зямлі. Тут захоўвалася пахавальная плашчаніца Хрыста, Крыж, на якім паміраў Збавіцель, Яго цярновы вянец. Таму Канстанцінопаль лічылі святой заменай Ерусаліму, дзе змяшчаліся ўсе напаміны аб галоўнай для хрысціянаў падзеі – адкупляльнай ахвяры Ісуса. Гэта быў горад, дзе шанаванне Багародзіцы як заступніцы візантыйскай сталіцы, паступова выцісківала старыя язычніцкія рэаліі.
З 473-га года Канстанцінопаль стаў месцам цудоўнай дзейнасці і захавання пакрова Багародзіцы. І да сярэдзіны V-га стагоддзя там было ўзведзена некалькі храмаў прысвячаных Маці Божай. Увядзенне шанавання Дзевы Марыі ў грамадзянскія і рэлігійныя цэрымоніі Канстанцінопаля адбілася ў больш позняй легендзе аб яўленні Канстанціну Хрыста, які загадаў імператару пабудаваць Канстанцінопаль: “Ідзі і ствары на месцы гэтым горад Маці Маёй”.
Базілікі ды іншыя хрысціянскія храмы Канстанцінопаля амаль не захаваліся: яны былі разбураныя або моцна перабудаваныя ў наступныя часы, калі Візантыйская імперыя была заваявана туркамі ХV-м стагоддзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.