2007-06-30 12:46:33

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Далей ідзе інфармацыя пра Каталіцкую Царкву ў Беларусі, яе гісторыю i цяперашні стан, а таксама праблемы беларускай эміграцыі, небясьпеку страты вернікаў для Каталіцкай Царквы праз адсутнасьць пастырскай апекі. Якраз каб запабегчы гэтаму, патрэбны беларускі біскуп. Таксама «было б балюча для нашага народу, калі б на Паўсюдным Саборы, які мае адбыцца, не было беларускага біскупа (doloroso nam etiam populo nostro esset, si in Concilio futuro Oecumenico Hierarcha Alboruthenus abesset)... У апошні час мы мелі мужоў, заслужаных перад Царквой i нашай Бацькаўшчынай, напр. айцы Ф. Абрантовіч, А. Цікота, экзарх Неманцэвіч, В. Гадлеўскі, А. Станкевіч i інш., i толькі палітычныя абставіны i нянавісьць [ворагаў] да Беларускай Царквы не дазволілі нам ушанаваць ix як біскупаў. Аднак іхныя заслугі робяць нас больш сьмелымі прасіць цяпер ласкі ў Сьвятога Пасаду».
Мэмарыял падпісалі біскуп Слоскан i ўсе прысутныя сьвятары.
Прыватная папская аўдыенцыя адбылася ў суботу 6 лютага aб 11-й гадзіне раніцы. Папа перш прыняў аднаго біскупа Слоскана, а празь некалькі хвілінаў паклікалі ўсіх сьвятароў. Папа сустрэў усіх цёпла, з сваёй непаўторнай усьмешкаю. Коратка пагутарыў з кожным асобна. Айцу Язэпу Германовічу параіў больш “не трапляць у рукі ворагаў” (non incidere in manus inimicorum). Глянуўшы на айца Салаўя, якога ніякім чынам нельга было назваць худым, папа заўважыў: «Questo и una figura imposante” (Вось паважная фігура). Больш сур’ёзна ён сказаў, што ня можа абяцаць нічога канкрэтнага, пакуль не разгледзіць дакладна ўсе пытаньні, узьнятыя ў мэмарыяле, што i абяцаў зрабіць. У канцы даў апостальскае блаславеньне ўсім прысутным.
Выйшаўшы з аўдыенцыі, айцец Салавей аб’явіў усім, што цяпер, калі папа яго пахваліў, ён будзе есьці ў два разы больш...
У панядзелак 8 лютага ўсе ўдзельнікі прыйшлі да сакратара Ўсходняй Кангрэгацыі кардынала Чыканьяні i прэфэкта Кансыстарыяльнай Кангрэгацыі кардынала Сіры. Абодва яны атрымалі копіі мэмарыялу да Сьвятога Айца. Айцец Сіповіч падзякаваў кардыналу Чыканьяні за грашовую дапамогу для зьезду. Кардыналу Сіры перадалі просьбу прызначыць айца Татарыновіча беларускім прадстаўніком у Найвышэйшай Радзе для Эмігрантаў.
Пасьля гэтых аўдыенцыяў усе скіраваліся да базылікі сьвятога Пятра, каб памаліцца на магіле Першага Апостала.
У аўторак 9 лютага ўсе прысутныя на зьезьдзе рушылі да кардынала Тысэрана – папа прызначыў яго прэфэктам Ватыканскай Бібліятэкі, – каб падзякаваць яму за ўсё, што ён зрабіў для беларусаў. Удзельнікі склалі і падпісалі ліст падзякі: «Ніжэй падпісаныя біскуп Баляслаў Слоскан i беларускія каталіцкія сьвятары, з нагоды іхнага зьезду ў Рыме, які стаўся магчымым дзякуючы тваёй спагадзе i дапамозе, выказваюць сваю найвялікшую ўдзячнасьць за ўсё, што ты зрабіў для беларусаў (Tibi pro omnibus, quae pro Alboruthenis fecisti gratias maximas exprimunt)... Паколькі воля Сьвятога Айца была, каб ты больш не займаўся нашымі справамі, нам не застаецца нічога іншага, як толькі памятаць цябе, Дастойны Ойча, перад Богам, каб Ён даў табе на шмат гадоў добрага здароўя i багацьця ласкі, i прасіць пакорна тваёй дапамогі i апекі».
Зьезд у Рыме быў першым свайго роду “міні-сынодам” беларускіх сьвятароў, што займаліся пастырскай дзейнасьцю сярод беларусаў у розных краінах. Дзякуючы апостальскаму візытатару, які аб’ядноўваў i злучаў ix міжсобку, яны ўяўлялі сабою адну арганізацыйную адзінку. Зьезд склікаўся найперш дзеля таго, каб знайсьці шлях як найлепш служыць даручаным іхнай апецы людзям i пашыраць вестку Валадарства Божага сярод суайчыньнікаў на выгнаньні. Але прысутныя не забываліся і пра шырэйшае пытаньне рэлігійных патрэбаў усяго беларускага народу. Зьезд прайшоў зь ведама i блаславеньня вышэйшых царкоўных уладаў, i таму ягоныя ўдзельнікі маглі спадзявацца, што іхныя просьбы пачуюць.
Раздзел: Біскуп
Пасьля зьезду пачалося чаканьне. Ведаючы, як працуе Ватыканская курыя, усе разьлічвалі, што чакаць давядзецца доўга. Яны яшчэ ня ведалі папу Яна XXIII...
Перад ад’ездам з Рыму, 8 лютага 1960 году, айцы Сіповіч i Гарошка напісалі ліст генэралу айцоў марыянаў з просьбаю: 1) каб айцоў Германовіча i Гарошку выправілі ў Лёндан у беларускі марыянскі кляштар (ut patres Josephus Hermanovic et Leo Horosko Londinium in Domum nostram Marianam [Sectio Alboruthena] destinentur); 2) каб айцоў Антона Лося, Фэлікса Журню, Тамаша Падзяву i Баніфата Саруля выклікалі з Польшчы ў Рым ці ў якое іншае месца ў вольным сьвеце для дапамогі іншым беларускім айцом марыянам у іхнай дзейнасьці. Калі з палітычных прычынаў гэта немагчыма, дык польская марыянская правінцыя павінна заплаціць кампэнсацыю беларусам за працу гэтых беларускіх марыянаў у Польшчы.
Генэрал адказаў 13 лютага. Ён не пярэчыў, каб айцец Гарошка выехаў у Лёндан. Адносна ж айца Германовіча ён меў засьцярогі, бо той атрымаў польскі пашпарт, сапраўдны толькі на выезд у Італію. Калі б айцец Германовіч захацеў зьмяніць яго на ватыканскі ці нейкі іншы i польскія камуністычныя ўлады пра гэта даведаліся, яны б пачалі чыніць перашкоды марыянам у Польшчы. Пра кампэнсацыю за працу беларускіх марыянаў у Польшчы, зразумела, нават ня згадвалася.
Аднак айцец Германовіч досыць напакутаваўся ад камуністаў, савецкіх ці польскіх. Не чакаючы адказу генэрала, 9 лютага ён папрасіў ватыканскі пашпарт i атрымаў яго. Пры канцы лютага ён разам з айцом Гарошкам прыехаў у Лёндан, дзе ix чакалі айцы Сіповіч i Надсан. З чатырох сьвятароў толькі апошні ня быў марыянінам.
Прамінула чатыры месяцы, перш чым беларускія марыяне сабраліся адказаць генэралу на ягоны ліст за 13 лютага. 9 чэрвеня яны паўтарылі сваё патрабаваньне дазволіць чатыром раней згаданым беларускім марыянам выехаць з Польшчы на Захад. Яны нагадалі айцу генэралу пра падобную просьбу айца Сіповіча 22 сьнежня 1946 году – нягледзячы на сваю памяркоўнасьць, яна засталася бяз выніку «з прычыны беспадстаўнай апазыцыі пачэснага айца Мрочака, які тады быў галоўным радным, i польскай правінцыі» (nullum tamen effectum ob nоn fundatam oppositionem tum R.P. Mroczek tunc temporis Conciliarii Generalis tum Provinciae Polonae obtinere). Прыводзячы контраргумэнты Мрочака супраць Сіповіча, быццам між працаю польскіх марыянаў у Друі i беларускіх марыянаў у Польшчы захоўвалася роўнасьць i справядлівасьць, аўтары ліста пісалі: «Выглядае, што ў сваіх разьліках а. Мрочак прапусьціў дробязь вялікай важнасьці, менавіта, што нашыя друйскія айцы не маглі працаваць у Польшчы так, як у Друі (г. зн. па-беларуску. – А.Н.), калі, наадварот, польскія айцы (у Друі) працавалі ў польскім духу. Нам вядома, што праз увесь час знаходжаньня польскіх айцоў марыянаў у Друі i Вільні яны ня мелі ніводнага беларускага кандыдата на сьвятара i не сказалі нават адной казані па-беларуску». Цяжкасьці Царквы ў камуністычнай Польшчы нельга параўнаць з трагічным становішчам у Беларусі, дзе не было нават аднаго біскупа, сэмінарыі ці кляштару i вельмі не ставала сьвятароў. Аўтары працягваюць: «Гэтыя нешматлікія польскія сьвятары, якія там засталіся, засьлепленыя крайнім нацыяналізмам, дагэтуль вядуць пастырскую працу на польскай мове, дапамагаючы такім чынам, прынамсі ўскосна, бязбожнікам у іхных падступных інтрыгах»118.
У гэтых моцных словах адчуваецца ўплыў айца Гарошкі, які любіў называць рэчы сваімі імёнамі. Невядома, ці генэрал меў час адказаць на гэты ліст, бо падзеі пачалі разьвівацца вельмі хутка.
У панядзелак 4 ліпеня пасьля Літургіі айцец Сіповіч атрымаў наступную тэлеграму: «Pregola venire quanto prima Roma per communicazioni urgenti. Padre Coussa Assessore» (Прашу Вас прыехаць як найхутчэй у Рым дзеля безадкладных вестак. Айцец Куса асэсар). Айцец Акакі Куса, Алепінскі манах з Сырыі, займаў другое пасьля кардынала становішча ва Ўсходняй Кангрэгацыі.
Айцец Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Паказаў гэту тэлеграму а. Язэпу Германовічу, пасьля а. Льву Гарошку. Усе рашылі, што я павінен ехаць самалётам. Розныя роздумы i дагадкі».
Ha наступны дзень: «Прыяжджае з Нотынгаму а. А. Надсон. Віншуе мяне з біскупствам... Айцец Леў кажа, калі мяне клічуць дзеля біскупства, то я не павінен адракацца... Перадаю а. Гарошку касавыя кнігі Марыян Гауз, а а. Алесю кіраўніцтва Місіяй у Ангельшчыне да часу, аж не вярнуся».








All the contents on this site are copyrighted ©.