27 чэрвеня 2007 г. ад архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі выйшла
XVIІ пешая пілігрымка Мінск-Будслаў. У пяцідзённы шлях да Маці Божай Будслаўскай са
сталіцы вырушылі больш за трыста пілігрымаў. Калона пілігрымаў, стракатая ад рознакаляровых
хусцінак, харугваў і сцягоў, як заўсёды інтэрнацыянальная. Разам з беларусамі у наш
нацыянальны санктуарый ідуць расіяне, палякі і літоўцы. У пілігрымцы да Маці Божай
асабліва ясна адчуваеш, што мы ўсе - Яе дзеці, а таму паміж намі не павінна быць варожасці
і падзелаў. Паломніцтва распачалося святою Імшою, якую цэлебраваў у інтэнцыі пілігрымаў
Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
У сваёй гаміліі біскуп разважаў пра значэнне адпачынку, які можа стаць часам, прысвечаным
Богу. «Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма,
многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце
рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі,
на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам
душы і цела. Адпачынак чалавека - гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але
таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і
гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга»,
- з такімі словамі звярнуўся біскуп да пілігрымаў. Ён таксама адзначыў, што «пілігрымка
ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў
дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае
духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці». На заканчэнне біскуп
Антоні Дзям’янка нагадаў, што пілігрымка мае выключна рэлігійны характар і благаславіў
пілігрымаў, пакрапіўшы іх святою вадою. Як заўсёды, большасць пілігрымаў складае моладзь,
але ёсць таксама старэйшыя людзі і дзеці. Цікава, што некаторыя маладыя сем’і пазнаёміліся
менавіта ў дарозе да Маці Божай.