29 чэрвеня 2007 г. у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава а 13-й гадзіне
адбудзецца ўрачыстае ўручэнне дыпломаў першаму выпуску студэнтаў тэалагічнага факультэта
— маладым спецыялістам у галіне багаслоўя. У цырымоніі возьмуць удзел прадстаўнікі
епіскапатаў Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Улетку 2002 г. пры актыўным
садзейнічанні праваслаўнага архібіскупа Віцебскага і Аршанскага Дымітрыя і ардынарыя
Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна на гістарычным факультэце Віцебскага
дзяржаўнага універсітэта была адкрыта спецыяльнасць «тэалогія, параўнальнае і гістарычнае
рэлігіязнаўства». Першыя студэнты новай спецыяльнасці распачалі навучанне з благаслаўлення
Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, які асабіста
наведаў Віцебскі універсітэт увосені 2002 г. На працягу ўсяго навучальнага працэсу
адбываліся рэгулярныя сустрэчы будучых тэолагаў з Віцебскім біскупам Уладзіславам
Блінам. У 2006/2007 навучальным годзе на спецыльнасці навучаліся больш за 70 студэнтаў.
Навучанне адбываецца ў супрацоўніцтве з Інстытутам тэалогіі імя св. Кірыла і Мятода
Беларускага дзяржаўнага універсітэта, а таксама з праваслаўнай япархіяй і Віцебскай
дыяцэзіяй Рыма-Каталіцкага Касцёла. Сярод выкладчыкаў як свецкія спецыялісты ВНУ,
так і прадстаўнікі духавенства абедзвюх канфесій.