2007-06-26 13:14:45

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


Мы ўжо адзначалі ў папярэдніх гутарках, што станаўленне хрысціянскага мастацтва было звязана з так званым катакомбным перыядам – часам існавання Хрысціянскай Царквы ў падполлі, у акружэнні сваіх пераследвальнікаў. Для нас яно назаўсёды застанецца святым, але з пункту погляду мастацкага ўзроўня катакомбны перыяд – з’ява вельмі няроўная. Хрысціянскія мастакі гэтага часу старалася выявіць новую веру і не клапоцілася аб прафесійнай дасканаласці сваіх твораў. Побач з цудоўнымі па выкананні абразчыкамі ёсць і вельмі простыя творы, яўна няўмелыя, якія не маюць эстэтычных каштоўнасцяў. Таксама трэба адзначыць, што мастацтва катакомбнага перыяда нікуды не вяло і не знайшло працягу ў далейшым. Але прыгажосць мастацтва ранніх часоў Хрысціянства як раз у тых магчымасцях, якія ў ім ёсць. Яно яшчэ не ажыццяўляе ўсёй паўноты сэнсу, які ёсць у ім, але з’яўляецца абяцаннем бясконцых магчымасцяў.
Прыняты ў 312-м годзе Міланскі эдыкт, або ўказ, узаконіў Хрысціянскую Царкву, адкрыў новую эпоху. З царстваваннем Канстанціна Вялікага Царква выходзіць з затворніцтва і шырока адчыняе дзверы навакольнаму свету. Царква прыймала пад свае святыя скляпенні антычны свет, які многа чакаў і прынёс у Царкву свае клопаты і сумлівы, свае спакусы, вялікую засмучанасць і вялікую гардыню. Гэтую засмучанасць Царква павінна была насыціць, а гардыню ўсмірыць. Так, у смуце і барацьбе, старажытны свет пакрысе станавіўся царкоўным.
Цяжкасці пачатку хрысціянізацыі грамадзтва былі ў тым, што людзі, негледзячы на этнічныя адрозненні, належалі да элінскай (грэцкай) культуры, з яе філасофіяй і рэлігіяй. А для гэтай культуры было незразумелым і чужым паняцце гістарычнага працэса – цэнтральнае для Старога Запавету. Таму нехта быў патрэбны, каб патлумачыць людзям элінскай культуры Новы Запавет у катэгорыі грэцкай філасофіі. Таку спробу немагчыма было б ажыццявіць без самаадданага дзеяння – подзвіга розуму, духа і сэрца, які ўзялі на сябе хрысціянскія падзвіжнікі, якіх назвалі ў гісторыі “Айцы-каппадакійцы”. ІV-е стагоддзе стала перыядам царкоўных спрэчак і царкоўных сабораў, на якіх высвятляліся асновы Хрысціянскай навукі, нараджалася ісціна, нараджаўся сімвал веры.
Свет заставаўся язычніцкім. Дзейнічалі язычніцкія храмы, але і без іх жыццё было насычана язычніцкімі перажываннямі. Культура ж проста была язычніцкай, па сутнасці, на ўсіх узроўнях. Працягвалі дзейнічаць язычніцкія філасофскія школы, у іх выкладалі язычніцкія настаўнікі. Вядома, што будучы імператар Юліян Адступнік і айцы-кападакійцы Васіль Вялікі, Грыгорый Нісскі і Грыгорый Багаслоў разам вучыліся ў Афінскім універсітэце, як бачым, ўсё гэта вельмі нагадвае сучаснае жыццё.
Стаўшы ўзаконенай, Хрысціянская Царква страціла тую першасную гармонію, якая была ў катакомбны перыяд. Час вялікай урачыстасці Царквы стаў для яе часам вялікай спакусы і смуткаў. На дзейнасці самой Царквы ў гэтую эпоху сказваліся разлікі палітыкаў і правіцеляў, этнічныя супярэчнасці. Апынуўшыся з 342-га года дзяржаўнай рэлігіяй Рыма, Хрысціянская Царква не магла не ўвайсці ў супярэчнасць з імперыяй: вядома шмат выпадкаў супрацьстаяння правіцеляў і царкоўных ерархаў, і, магчыма таму візантыйскія імператары да Феадосія хрысціліся толькі на смяротным ложку.
Хрысціянства стала масавым: першапачатковае адзінства, збор асабіста пакліканых, якія адказалі на заклік Бога, пачало змяняцца. У Царкве вылучыўся клас святароў, у былой адзінай царкоўнай грамадзе выдзелілася манаства, якое ўзнікла ў ІV стагоддзі, як уцёк ад свету дзеля здзяйснення духоўнага подзвіга і супрацьстаяння свету. Наплыў вялікай колькасці нованавернутых у Хрысціянства, выклікаў страх з боку хрысціянаў са стажам. Яны баяліся, што новыя вернікі не будуць так пабожна шанаваць іхнія святыні.
У катакомбнай Царкве спрадвечна лічылася неабходнасць зыходу Святога Духа на кожнага члена сабрання, там не было пасвечаных і міранаў, і характэрна, што Святыя дары кожны атрымоўваў у свае рукі. Потым так будуць прычашчацца толькі святары ды імператары пры ўзыходзе на трон. Тады ж пачалі ўзнікаць розныя абмежаванні і адпаведная дысцыпліна. Не выпадкова, што самыя першыя хрысціянскія храмы мелі алтарную перагародку, якая аддзяляла святое дзеянне ад массы вернікаў. Вялікі наплыў новых вернікаў не толькі патрабаваў узвядзення новых месцаў царкоўных збораў, але і змяніў сам характар царкоўнай пропаведзі. Сімвалы першых стагоддзяў Хрысціянства – набытак невялікай колькасці пасвечаных – былі незразумелымі для новых хрысціянаў. Для больш дасягальнага выкладання хрысціянскай навукі патрэбны былі новыя спосабы выяўлення – канкрэтныя і ясныя. Гэта тычылася як сімволікі новых царкоўных будынкаў, так і іх мастацкага афармлення.
Далучэнне да хрысціянства і задачы выхавання мільёнаў вернікаў выклікалі да жыцця хуткае будаўніцтва вялікіх хрысціянскіх храмаў, здольных прыняць натоўпы хрысціянаў. Тады паўстала базіліка Святога Яна на Латэранскім узгорку Рыма, дзе змяшчаюцца да 3500 чалавек. З-за ідэалагічнай супрацьлегласці язычніцтву было немагчыма выкарыстоўваць для рэлігійных патрэбаў Хрысціянства язычніцкія пабудовы. Таму асноўнымі для стварэння абразчыкаў хрысціянскага храма сталі грамадзкія і свецкія будынкі: базілікі (а гэта былі будынкі судовага і адміністрацыйнага прызначэння) і маўзалеі. Адсюль і бяруць пачатак два архітэктурныя тыпы хрысціянскага дойлідства – базілікальны і цэнтрычны.







All the contents on this site are copyrighted ©.