2007-06-19 13:25:37

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


Неаднойчы мы ўжо казалі, што самыя раннія творы хрысціянскага жывапісу ўзніклі ў межах нехрысціянскай дзяржавы, паралельна з панаваўшым язычніцкім мастацтвам. Гэта роспісы сцен у катакомбах Рыма ІІ-ІV стагоддзяў – Святога Себасцьяна, Святога Каліста, Даміцылы, Прысцылы і Камадзілы, Святога Марцэліна ды іншых. Іканаграфія выяваў дзіўным чынам аб’ядноўвае хрысціянскія і язычніцкія матывы. Народжанае хрысціянскае мастацтва не мела дакладнай праграмы: ва ўсім там шмат запазычанняў з афіцыяльнага мастацтва Рыма, якія, аднак, былі вытлумачаны сімвалічна і алегарычна. Усё выяўленае мела скрыты сэнс.
Менавіта таму існуюць малюнкі дзе Хрыстос выяўлены разам з Эротам і Апалонам, а німфы танцуюць у кветках побач са сцэнай ахвярапрынашэння Абрама і асабліва шмат сцэнаў звязаных са зборам вінаграда і вінаробствам. Мова сімвалаў і алегорый набывае тут асабісты сэнс, інасказальна чытаюцца ўсе элементы навакольнага свету, персанажы язычніцкай міфалогіі, графічныя знакі. Вінаградная лаза і вінаград звязаны з тэмай крыві Хрыстовай, хлеб – з Яго целам; рыба – знак самога Збавіцеля, бо грэцкае слова ІХТІС (IXΘUC) чыталася як абрэвіятура фразы “Ісус Хрыстос Бога Сын Збавіцель”; якар быў сімвалам збавення, паўлін – бессмяротнасці, чаша з вадой – хросту; алені, якія п’юць ваду – вобраз хрысціянскіх душаў, што прагнуць далучыцца да веры.
У мінулай гутарцы мы ўзгадвалі айца царкоўнай гістрыі Еўсевія Памфіла Біскупа Кесарыйскага які ў 311-325 гадах напісаў “Царкоўную гісторыю”, дзе гаворачы пра пачатак хрысціянства сцвярджаў, што сам Хрыстос і апосталы былі выяўлены ў той час, калі былі жывымі і ўшаноўваліся сваімі сучаснікамі. Нават калі гэтая інфармацыя і няпоўная, яе нельга абвергнуць і такім чынам можна прыйсці да высновы, што гіпотэза па якой культ выяваў Хрыста і святых з’явіўся ў ІV падаецца меньш трывалай за гіпотэзу, згодна якой культ бярэ пачатак з антычных часоў, калі існавала шанаванне некаторых выяваў. Па таму ж меркаванню, звычка гэтая потым безперапынна працягвалася да з’яўлення першых хрысціянаў, больш ці меньш паклоннікаў, гледзячы па абставінах.
Верагодна, што першае пакаленне хрысціянаў валодала партрэтамі Хрыста, апосталаў або мучанікаў, неахвотна заўважаючы факт абкружэння матэрыяльнымі сімваламі павагі і шанавання ў памяць аб выяўленых асобах. Больш таго, у той час было нармальным, калі вучні вялікай асобы, заснавальніка рэлегійнай секты або філасофскай школы мелі і паважалі яго партрэт. Верагодна што пазней духавенства, устрымліваючыся ад ідалашанавання, забараніла не толькі пакланенне ім, але нават пахавальныя партрэты.


Толькі каля 400 года, у эпоху, калі пачаўся вялікі росквіт фігуратыўнага хрысціянскага мастацтва, з мінулага прыйшло шмат мастацкіх навыкаў, і тая забарона была канчаткова адменена. Хрысціянскія абразы, іх выкарыстанне і распаўсюджванне дазволілі Доктары Царквы. Дакладна ў той жа час імператар Феадосій ІІ забараніў язычніцкі культ продкаў, які быў бы пагібельным для мастацтва пахавальнага партрэта. Царква выратавала адзін са сваіх накірункаў – выявы памёрлых прызнаных святых, таму што гэта была законная рэч дазволенага культа.
Мы адзначалі, што пахавальны партрэт простага памёрлага знік напрыканцы ІV стагоддзя, у той жа час яго іканаграфічныя схемы захаваліся выключна для выяваў святых хрысціянаў. Падобны лёс магчыма тычыцца шанавання, якое мела месца ў дачыненні кожнага партрэта нябожчыка, і якое да 400 года захавалася толькі да партрэтаў святых. Залішне казаць, што ў тую эпоху шанаванне святых насіла характар памятны, урачысты і змяшчала толькі форму і святло, якія першыя хрысціяне захавалі ў кульце да кожнага памятнага партрэта. Прагрэс, якога дасягнуў гэты культ у Канстанцінопалі ў наступныя стагоддзі, магчыма адбыўся з прычыны блізкіх сувязяў паміж партрэтамі імператараў і Хрыста, якія заставаліся такімі да канца VІ – пачатку VІІ стагоддзя.
Менавіта тады культ, вельмі запатрабаваны і пабожны, традыцыйна прысвечаны афіцыйным партрэтам манархаў, перамесціўся на выявы Хрыста Валадара і такім чынам на ўсе партрэты святых. Навізна эпохі не праявілася ні ў з’яўленні хрысціянскіх партрэтаў, ні ў іх колькасці, але яны пачалі набываць асабістыя, адметныя рысы ў развіцці дабразычлівасці і пабожнасці, сталі больш рэлігійныя, чым проста памятныя, адносна партрэтаў хрысціянаў і асабліва Хрыста.
Часам узгадваюць, што Хрысціянства адзначае гістарычны паварот рэлігійнага мастацтва Рымскай імперыі, але гэта не зусім дакладна. Яны не паказвалі існуючыя або ўяўныя падзеі надхнёныя міфамі, хрысціяне выяўлялі сцэны і асобаў узгаданых у Святым Пісьме. Усё гэта, як кожнае абагульненне, ёсць сапраўдным толькі напалову. Іканаграфія старажытных хрысціянаў часта абмежавана і выявы ў крайней ступені схематычныя, яны узгадваюць падзеі і асобаў апісаных у Бібліі, але не падаюць іх завершанымі. Гэта хутчэй выявы-знакі, а не апавядальныя сцэны ці партрэты дзеючых асобаў рэлігійнай гісторыі. Тым не меньш, застаецца сапраўдным фактам тое, што мэта хрысціянскіх выяваў была зрабіць ад пачатку тое, што адносіцца да падзеяў гістарычнай мінуўшчыны. Усё астатняе было толькі пытаннем формы і выканання. У нашых наступных гутарках мы паспрабуем расказаць і аб тым, што гістарычныя выявы нясуць таксама адбітак уласных традыцый гэтага роду ў тагачасным мастацтве.







All the contents on this site are copyrighted ©.