Папа Бэнэдыкт 16: каб нявінна пралітая кроў прынесла Іраку мір
Сьвяцейшы Айцец памаліўся за душы забітага ў Іраку 3-га чэрвеня сьвятара Рагэда
Ганні ды трох дыяканаў і ў намеры іхніх сямейнікаў. Спачувальную тэлеграму на рукі
хальдэйскага біскупа Моссулю пераслаў у імені Папы ватыканскі сакратар стану. Кардынал
Тарчысіё Бэртонэ запэўніў ў сваёй тэлеграме таксама аб малітве Папы, каб гэтая “каштоўная
ахвяра прынесла плады у сэрцах людзей добрае волі адкіненьнем дарогаў нянавісьці і
насільля, рашэньнем пераадольваньня зла дабром ды воляю супрацоўніцтва ў карысьць
прымірэньня, справядлівасьці і міру ў Іраку”. Прыпомнім толькі, што загінулі яны
у мінулую нядзелю 3-га чэрвеня вечарам пасьля адпраўленьня Сьвятой Імшы ў парафіі
Сьвятога Духа. Невядомыя віноўнікі затрымалі іх на адной з вуліц Моссулу і пачалі
страляць да ксяндза і яго дапаможнікаў. Затым побач целаў забітых духоўных ўмясьцілі
бомбы, якія пагражалі сьмерцю для кожнага, хто жадаў-бы да іх наблізіцца. Такім чынам
целы забітых ляжалі на вуліцы некалькі гадзін. Толькі позным вечарам у нядзелю 3-га
чэрвеня ўдалося абязаброіць бомбы і забраць целы духоўных. Іх перанесена да Касьцёла
Сьвятога Духа і 4-га чэрвеня адбыліся паховіны. Як паінфармаваў кардынал Бэртонэ
сітуацыя ў Іраку будзе прадметам размовы Бэнэдыкта 16 з Прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам,
што адбудзецца ў суботу 9-га чэрвеня.