2007-05-30 14:31:09

З Беларусі высылаюць польскага сьвятара


8 траўня Аддзяленне ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкаму анулявала дазвол на пастаяннае жыхарства грамадзяніну Польшчы пастару Царквы хрысціян веры евангельскай Яраславу Лукасіку. Яму было загадана пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам месяца. Афіцыйная прычына гэтага рашэння “дзейнасць накіраваная на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі ў сферы міжканфесійных адносінаў”.
У Яраслава Лукасіка і ягонай жонкі, грамадзянкі Беларусі, Наталлі Лукасік трое дзяцей, таксама грамадзянаў Беларусі. Рашэнне Мядзельскага райвыканкаму разбівае шматдзетную сям’ю, альбо прымушае яе пакінуць Беларусь.
Наталля Лукасік звярнулася ў МУС і ў Адміністрацыю прэзідэнта ў абарону сваёй сям’і. “Я ўпэўненая, што шчаслівыя і моцныя сем’і – гэта фундамент грамадства. Дзяржава павінна клапаціцца пра сям’ю, а не разбіваць яе,” – напісала Наталля Лукасік. Яна заклікае таксама не вяртацца да тых часоў, калі на падставе інфармацыі НКВД без суду і следства вырашаўся лёс чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.