2007-05-26 10:34:43

10 сустрэча таленавітай моладзі ў Віцебску


Х сустрэча таленавітай моладзі прайшла 18 мая 2007 г. у Віцебску, у памяшканні дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas». Такія сустрэчы адбываюцца з благаслаўлення ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна ўжо трэці год. За гэты час у іх узялі ўдзел каля дзвюх соцень чалавек.
Традыцыйна сустрэчы таленавітай моладзі ладзяцца пасля святаў Божага Нараджэння і Вялікадня, а таксама напрыканцы літургічнага года, напярэдадні дня Усіх Святых. Іх асноўная мэта — адкрыццё новых талентаў сярод маладых людзей Віцебшчыны, прычым не толькі каталіцкіх вернікаў. Дзякуючы гэтым сустрэчам моладзь мае магчымасць шырока прадставіць свае творы і распрацоўкі.
Х сустрэча таленавітай моладзі, якая была прысвечана тэме «Вера і творчасць», сабрала каля трыццаці маладых талентаў. Біскуп Уладзіслаў звярнуўся да прысутных са словамі прывітання і адзначыў, што творчы чалавек павінен супрацоўнічаць з Богам; ён пакліканы не проста штосьці ствараць, але рабіць жыццё лепшым . Таццяна Дарафеева, кіраўнік віцебскага катэдральнага хора «Гасанна» і вядучая сустрэчы, нагадала прыпавесць пра таленты з Евангелля ад Мацвея, якая вучыць нас не марнаваць талентаў, і прапанавала паразважаць над пытаннямі: хто такі творчы чалавек? Які ў яго лёс? Ад чаго залежыць развіццё яго творчасці? Ці абмяжоўвае вера яго творчасць ці, наадварот, з’яўляецца крыніцай натхнення?








All the contents on this site are copyrighted ©.