2007-05-22 13:46:07

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


Сёння мы зноў звернемся ў далёкую гісторыю, каб разглядзець тыя першыя крокі хрысціянскага светапогляду, у якіх ясна адчуваецца спроба самавызначэння сябе як асабістую рэлігійную супольнасць. Мы ўжо ўзгадвалі, што з прычыны баязні ідалашанавання, партрэты Хрыста, верагодна, не былі ўжываныя ў хрысціянскай іканаграфіі перад тым як у 313 годзе Святая Царква Хрыстова была прызнана пануючай. Гаворка ідзе аб партрэтах у цяперашнім нашым разуменні, дзе персанаж пададзены сам па сабе, незалежна ад кантэксту.
Але адна археалагічная знаходка надае сумліў гэтай тэорыі. У сярэдзіне мінулага ХХ стагоддзя, у італьянскім горадзе Осція, які быў марскім портам Рыма, была знойдзена цікавая выява. Гэта паясны партрэт, які ўпрыгожвае ўнутраную сцяну маленькага будынка. Невядома як яго выкарыстоўвалі, але сцены пакоя пакрыты мармуровай паліхромнай інкрустацыяй, і партрэт, які ёсць часткай дэкарацыі, зроблены ў той жа манеры. Усе даследчыкі прыйшлі да высновы, што гэта выява Хрыста, на што ўказваюць доўгія валасы, барада і агульны выраз твару. Гэта не жывапісная выява і не мазаіка, гэта іх імітацыя праз тэхніку здольную забяспечыць агульнае падабенства з намаляваным партрэтам. Датуецца гэты твор пачаткам V-га стагоддзя, такім чынам, мяркуемы арыгінал партрэта, нейкі партрэт Хрыста што паслужыў мадэлью, мог быць зроблены намнога раней, ў эпоху Рымскага імператара Феадосія І-га, які правіў з 379-га па 394-ы год. Такая выснова можа быць дапушчальнай, але нажаль не дае інфармацыі аб магчымым існаванні партрэтаў Хрыста адначасова з першымі партрэтамі Пятра і Паўла ў ІІІ-м стагоддзі.
Выява галавы Хрыста на інкрустацыі ў Осціі падобны да выявы Збавіцеля на мазаічным абразе ў рымскім касцёле Святой Прудэнцыі і на адну з фрэсак у рымскай катакомбе Камадзілы, якія датуюцца першай паловай V-га стагоддзя. Выява ў Осціі адносіцца да таго ж перыяду.
У канчатковым выніку ўсё гэта азначае, што партрэт Хрыста, з доўгімі валасамі, барадой і выразным тварам, зроблены напрыканцы ІV-га стагоддзя, у хуткім часе быў скапіраваны на мармуровай інкрустацыі. Некаторыя рысы гэтай выявы вядуць да высновы, што да канца ІV-га стагоддзя ідэя партрэта Хрыста была ўвогуле прынята, як і іншыя партрэты, і магла быць ужываная ў звычайных схемах падобных твораў. З тае прычыны, што няма датаванага партрэта Хрыста той антычнай эпохі, звернемся да іншых крыніц. Напрыканцы ІІІ-га стагоддзя з’явіўся мастацкі тып кампазіцыі, больш распаўсюджаны ў ІV-м стагоддзі, які можна назваць калектыўным партрэтам. Такія выявы з’явіліся на саркафагах катакомбаў, а пазней на абсідах хрысціянскіх храмаў пабудаваных пасля ўказу аб талерантнасці. На іх няма ніякага дзеяння, толькі Хрыстос і апосталы.
Трынаццаць седзячых поўкругам фігураў паяднаных у старажытнай і распаўсюджанай манеры: вучні слухаюць свайго настаўніка. Пазней, пасля таго як у 325 годзе, пад кіраўніцтвам імператара Канстанціна сабраўся Першы Сусветны Сабор у горадзе Нікея, дзе была пацьверджана Боская прырода Ісуса Хрыста, гэтая форма была зменена і Хрыста пачалі выяўляць як Вярхоўнага Валадара седзячым на троне ў атачэнні сваіх вучняў. Падобныя выявы захаваліся ў старажытных касцёлах: Святой Прудэнцыі ў Рыме і Святога Лаўрэнція ў Мілане. Выявы групы вучняў Хрыста, якія сядзяць паўкругам, зноў з’явіліся ў больш пазнейшы час, напрыканцы эпохі Сярэднявечча.
З VІ-VІІ стагоддзяў пачалося распаўсюджванне партрэтаў, дзе персанажы ўжо стаялі на нагах, з сімітрычна ўзнятымі ўверх рукамі. Гэта быў жэст малітвы і ў асноўным выкарыстоўваўся ў алегарычных фігурах. На выявах молячыхся, што бяруць пачатак ад сімвалаў, прадстаўлены персанаж не лічыўся чужым, бо маліўся. Паказваць каго-небудзь у гэтай смірэннай позе азначала паказаць яго міласэрнасць – і вось з таго часу пачалі распаўсюджвацца партрэты святых у малітве, мучанікаў звернутых да Багародзіцы, дзеля заступства за род чалавечы. Выявы Дзевы Марыі ў выяглядзе так званай “Аранты” – у малітоўнай позе з узнятымі ўверх рукамі – рабілі Марыю выключнай абаронцай чалавека і ў той жа час выявай усёй Царквы.
Выявы Маці Божай у малітве, якую была прынята называць па-грэцку “Аранта”, ёсць асабліва павучальнымі, бо надае нам выключную магчымасць прасачыць эвалюцыю гэтай іканаграфічнай схемы. Спачатку Аранта была сімвалічнай фігурай, якая захоўвала той жа сэнс, які мела ў мастацтве ў імперскую эпоху: прадстаўляла міласэрнасць. Падобная выява ўпрыгожвала пахавальныя саркафагі як язычнікаў, так і хрысціянаў. І таму, з цягам часу выява міласэрнасці ператварылася ў знак таго, што нябожчык быў чалавекам пабожным. Выявы Аранты змяняліся, але потым гэтая выява не азначала толькі памёрлага хрысціяніна, але мучаніка за веру. Першая падобная выява, якая датуецца ІV стагоддзем, прадстаўляе Святую Агнэсу, партрэт зроблены на алтарнай дошцы старажытнай падземнай спавядальні рымскага касцёла Святой Агнэсы за мурамі.
Стагоддзем пазней, у грэцкім горадзе Салонікі, выявы шматлікі мучанікаў былі прадстаўлены на мазаіцы купала храма Святога Георгія з падобным жэстам – узнятымі ўверх рукамі. Падобны тып выяваў, дзе персанаж не падаецца незалежна ад свайго дзеяння, у дадзеным выпадку ён моліцца, паходзіць з сімвалічных выяваў. Усё гэта тлумачаць лёгкасць з якой хрысціянскі партрэт Аранты зной становіцца сімвалічным, калі выкарыстоўваецца каб паказаць святасць асобы, якой прысвайваецца гэты пабожны жэст: усё гэта яшчэ больш відавочна ў выявах Маці Божай, але гэта ўжо тэма нашай наступнай гутаркі.







All the contents on this site are copyrighted ©.