2007-05-18 11:40:29

У ЗША памёр Алукс Сільвановіч


У ЗША, у горадзе Саўт‑Рывэр (штат Нью‑Джэрзі) 14 травеня на 71‑м годзе жыцьця пасьля цяжкой хваробы памёр Аляксандар (Алекс) Сільвановіч, шматгадовы працаўнік на беларускай грамадзкай, рэлігійнай, культурнай ніве.
Пераехаўшы з бацькамі ў Амэрыку на пачатку 1950‑х, Алекс Сільвановіч здабыў вышэйшую адукацыю, працаваў у Тэхналягічнай групе ў штаце Нью‑Джэрзі на адказных становішчах.
Быў шмат гадоў сябрам прэзыдыюму Рады БНР, належаў да Рады і Кансысторыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, да Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Браў актыўны ўдзел у арганізаваньні і завозе ў Беларусь гуманітарнай дапамогі ахвярам Чарнобылю. Быў сустаршынём Кааліцыі ў абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Лабіраваў у Вашынгтоне справу дапамогі Беларусі ў змаганьні за незалежнасьць і дэмакратыю. Быў сябрам рэдкалегіі «Ангельска‑беларускага слоўніка», які выйшаў у Менску летась.
Сьветлай памяці Алекс Сільвановіч пакінуў у глыбокім смутку жонку Ніну, двое жанатых сыноў, дзьве замужнія дочкі і ўнуткаў. Пахаваны будзе на беларускіх могілках у Іст‑Брансьвіку, недалёка ад месца, дзе жыў.
Вечная памяць вернаму сыну Беларусі, якую ён любіў і дзеля якой працаваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.