2007-05-04 11:27:09

Вернiкi розных канфесiй моляцца за зварот касцёла св. Язэпа ў Менску.


Кожную сераду перад будынкам былога каталiцкага касцёла св. Язэпа ў Менску збiраюцца маладыя вернiкi, каб разам памалiцца аб яго звароце.
2 траўня памалiцца i запалiць свечы сабралося каля 40 маладых людзей, сярод якiх былi як католiкi, так i прадстаўнiкi iншых хрысцiянскiх канфесiй. Маладыя людзi малiлiся i спявалi рэлiгiйныя гiмны. Скончылася спатканне спевам “Магутны Божа”.
Пад час малiтвы ў дзверах былога касцёла з’явiлiся дзве жанчыны i папрасiлi ўбраць свечы, якiя нiбыта залiваюць ступенi воскам, але самi ўбраць свечы яны адмовiлiся.
Адна з жанчын сказала: “Убярыце свечкi, бо заўтра нас за гэта пакараюць. Зараз мiлiцыя тут ходзiць, у нас на 5 паверху мiлiцыя сядзiць. Гэта вы паставiлi свечкi, гэта вам вялiкi грэх. А я прыйшла зарабляць грошы, падлогу памыць…”
Другая жанчына сказала: “Пажаранебяспечную сiтуацыю ствараеце тут. Потым прыходзяць з адмiнiстрацыi… Ну калi не нальецца воска, то няхай гараць, мне абыякава…”
Нагадаем, што малiтвы перад будынкам былога касцёла св. Язэпа праходзяць штодзень у 18.20 менскага часу. Звычайна на iх збiраецца каля 10 асобаў. Заклiкаем вас далучыцца да iх.







All the contents on this site are copyrighted ©.