2007-05-01 12:14:55

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


У мінулы раз, расказваючы аб мастацких творах першых хрысціянаў, аб партрэтах і выявах святых, якія захаваліся ў старажытных святынях, мы параўналі творчасць тагачасных майстроў з творчасцю мастакоў больш блізкіх нам часоў. Напрыклад на палотнах знакамітага гішпанскага мастака канца XVI-га пачатку XVII-га стагоддзя Эль Грэко, які шмат увагі надаў выявам са Святога Пісьма і лічыўся прызнаным майстрам, твары яго персанажаў маюць адмысловае падабенства і заўсёды трошкі выцянутыя. Партрэты французкага мастака пачатку ХХ стагоддзя Амедэо Мадзільяні, таксама сваеасаблівыя. Але вернемся ў старажытнасць і прыгадаем, што для старжытных хрысціянаў кожны рэлігійны партрэт ставіў вялікую праблему маральнага характару, бо нагадваў небяспечнасць ідалашанавання. Праблема карыснасці і нават законнасці хрысціянскіх выяваў была асабліва вострай, калі гаворка ішла аб партрэтах Хрыста, апосталаў і найбольш паважаных святых.
У хрысціянскай думцы, якая сама нарадзілася на стыку некалькіх культураў, у той час з’явілася шмат літаратурных твораў, розных па форме і выразнасці. Доўгі час яны заставаліся невядомымі, і толькі ў нашы дні іх зноў адкрывае сучасная навука. Некаторыя з так званых апакрыфічных евангелляў вядомыя толькі па фрагментах, якія дайшлі да нас праз Айцоў Царквы. Тыя апокрыфы падаюць цікавую карціну жыцця першахрысціянаў.
Аб гісторыі хрысціянскага партрэта сведчылі некаторя вельмі старажытныя літаратурныя крыніцы, якія праз пэўны час зніклі. Першая знаходзілася ў апакрыфічных Дзеях Апостала Яна. Гэта быў тэкст напісаны па-грэцку, які мовазнаўцы датавалі ІІ стагоддзем ад Нараджэння Хрыстова і месцам яго напісання вызначылі Малую Азію. Урывак пачынаецца вельмі жывым расказам аб адной падзеі, дзе ясна выяўлена постаць Апостала. Там напісана, што адзін з паслядоўнікаў і вучняў Яна, якога звалі Лікамед запрасіў да сябе ў дом свайго сябра мастака і там папрасіў яго намаляваць партрэт Апостала, каб той нічога не ведаў. Два дні мастак працаваў над партрэтам. У першы дзень быў зроблены эскіз, на другі дзень – партрэт у фарбах. Пасля мастак перадаў партрэт Лікамеду, які з захапленнем усталяваў яго ў сваім пакоі і ўпрыгожыў кветкамі. Пазней Апостал Ян заўважыў, што Лікамед часта ўхадзіў у сваю комнату і спытаў яго: “Сын мой, што ты заўсёды робіш адзін у пакоі, калі выходзіш з купальні? Ці я не малюся дастаткова з табою і з іншымі сябрамі суполкі? (ён хацеў сказаць: ты не павінен выдаляцца ў свой пакой, каб маліцца ў адзіноце), або цябе ёсць што хаваць?” Сказаўшы гэта вясёлым тонам Апостал Ян пайшоў за Лікамедам у яго пакой і ўбачыў на сцяне партрэт пажылага чалавека ўпрыгожанага гірляндай кветак, з алтаром і месцамі для свечак.
Апостал пазваў Лікамеда і спытаў у яго: “Лікамед, што азначае гэты партрэт? Гэта магчыма адзін з тваіх багоў? Бачу што ты на самой справе жывеш яшчэ па паганску”. Лікамед яму адказаў: “Не магу сказаць, што гэта адзіны Бог, які абудзіў мяне ад смерці з жонкай маёй: але калі б акрамя Бога можна было б назваць багамі яшчэ тых людзей, якія сталі нашымі дабрадзеямі, добра: гэта ты выяўлены на гэтым партрэце, ты, якога я сустрэў, люблю і паважаю, бо ты стаў для мяне добрым Правадыром”.
Апостал Ян, які ніколі не бачыў так свой твар, адказаў: “Ты жартуеш нада мной, юнак, табе здаецца, што я маю такі выгляд? У імя Госпада, як ты можаш упыўніць мяне, што гэты партрэт падобны да мяне?” Лікамед прынёс яму люстэрка. Апостал Ян паглядзеў у яго, потым на партрэт і сказаў: “Дзеля жыцця Госпада Ісуса Хрыста, гэты партрэт на мяне падобны. Аднак у сапраўднасці, ён падобны не да мяне, а да майго цялеснага выгляду. На самой справе, калі мастак, які выявіў мой твар хацеў намаляваць мой партрэт, фарбы, якімі мяне намаляваў, пункт гледжання, форма, старасць і маладосць, усё гэта ніколі ўсіх незадаволіць. Вось ты, Лікамед, стань для мяне добрым мастаком. Авалодай фарбамі, якія табе падаруе праз мяне Той, які дзеля сябе самога малюе ўсіх нас, Ісус, які ведае формы, малюнкі, аспекты, знаходжанне і характар душаў нашых. Але тое, што ты толькі зрабіў, гэта наіўна і недасканала: ты намаляваў партрэт памёрлага”.
Калі верыць гэтаму расказу ІІ-га стагоддзя, Апосталу Яну не вельмі надабалася мастацтва партрэта. Аднак вельмі цікава мець падобнае сведчанне напісанае на партрэце Святога Яна выяўленага нейкім чынам пры яго жыцці, нават калі мастак і не ведаў яго асабіста. Не меньш пазнавальна даведацца, што адзін з вучняў апостала, які вызнаваў сябе хрысціянінам, лічыў лагічным мець карціну з выявай настаўніка і нават рабіць з яго аб’ект шанавання. Відаць, у тыя часы, удзячлівае пакланенне свайму дабрадзею было натуральным.
Другі тэкст, які ўзгадвае хрысціянскі партрэт евангельскіх часоў, гаворыць аб партрэце самога Хрыста, на гэты раз высечанага з камня. Тэкст гэты пазнейшы за першы, ён датуецца сярэдзінай ІV стагоддзя, і таксама заслугоўвае ўвагі, перш за ўсё таму, што аўтарам яго быў Айцец царкоўнай гісторыі, біскуп Кесарыйскі Яўсевій Памфіл, які памёр у 340 годзе. Ён зыходзіў са старажытных крыніцаў і таму павінен быў асабіста ведаць узгаданую статую, якая знаходзілася непадалёку ад месца яго жыхарства. Таксама яго манера выкладання або доказу прысутнасці хрысціянскай выявы, гэта практычна даслоўнае паўтарэнне апокрыфа ІІ стагоддзя, у якім апраўдываўся чалавек, які зрабіў партрэт Апостала Яна, як аднаго з дабрадзеяў. Аднаўленне звычаяў уласцівых эпохе язычніцкай культуры было натуральным для новай Хрысціянскай культуры.







All the contents on this site are copyrighted ©.