2007-04-26 14:59:52

Чарговая дата Чарнобыля. Чарговы Чарнобыльскі Шлях пралёг па Мінску для тых, хто не забыўся і хоча, каб не забываліся іншыя. Бо самыя трагічныя памылкі - гэта ісці па закалдаваным коле, увесь час патрапляючы ў тую самую пастку: хлусні.


RealAudioMP3 Пастку няпраўды - ілжы на самым высокім дзяржаўным тады ўзроўні.Прыпомнім - Гарбачова - ў СССР і Слюнькова - у БССР. Большасць ахвяр Чарнобыля - гэта людзі, што загінулі ці захварэлі дзеля маўчанкі перапалоханых бюракратаў, якія думалі толькі аб тым, як улагодзіць начальства ці застацца пры ўладзе. Большасць смярцей і страшэнных хвароб здарылася толькі таму, што простыя людзі не зачыніліся ў хатах і не вывезлі адразу ж, яшчэ ў красавіку 1986-га дзяцей, хаця б на першыя 10 дзён радыёактыўнага йодавага снегу і дажджу. Прыпомнім тут і імя Андрэя Сахарава - менавіта гэты вучоны і змагар з хлуснёй на адной шостай частцы планеты , разам з іншымі знаўцамі сітуацыі - у прыватнасці, нашымі беларускімі выдатнымі навукоўцамі на чале з тагачасным кіраўніком Інстытута ядзернай фізікі АН БССР, усім калектывам, што эксперыментаваў у Соснах, - настойвалі на адсяленні людзей не з 30км, але з дзесяціразова большай плошчы ў незаселеныя сельскія зоны, у занядбаныя вёскі - але цэлымі грамадамі, цалкам, "усім мірам". Аднак кіруючыя нявежды тады прымусілі людзей да ,можна сказаць, эміграцыі - расцярушылі па гарадах СССР, нанеслі дадатковыя душэўныя раны. Менавіта Чарнобыль прывярнуў і гады дзяржаўнага марадзёрства, што пачаліся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і завершыліся толькі пасля 2-й Сусветнай вайны. Усё гэта таксама ўрокі Чарнобыля. Але ці іх хтосьці вывучыў? Як кожная катастрофа, гэтая апакаліптычная "горкая трава" сталася цукрам для некаторых, хто пажывіўся і жывіцца дагэтуль на бядзе. Хачу таксама прывесці тут цытату з сацыялагічнай публікацыі ў часопісе "Нёман" спадара Е.Бабосава:"Чарнобыльскі сіндром і ядзерная энергетыка"
- ...Адзначым таксама недастатковую інфармаванасць спецыялістаў, якія ўплываюць на прыняццё рашэнняў у галіне ядзернай энергетыкі (41,3 працэнтаў экспертаў лічаць, што яны кіруюцца кан'юнктурнымі і эмацыянальнымі ацэнкамі)...дык можна выказаць сумніў у здольнасці... прыняць правільнае рашэнне аб найбольш рацыянальных шляхах пераадролення энергетычных цяжкасцей...
Давдадзім тут яшчэ, што Чарнобыльская АЭС, хаця і спынена, але працягвае заставацца нашым мясцовым Везувіем. Як той славуты вулкан, і 3 і 4 энергаблокі могуць прачнуцца. Не дай Божа! Нельга прывыкаць да і'х існавання, неабходна не стамляцца шукаць праўдзівай інфармацыі аб сітуацыі ў ядзерных праграмах на нацыянальным і інтэрнацыянальным ўзроўнях. Менавіта пра гэта і прыпамінаюць сёння ўдзельнікі многіх акцый, у тым ліку і ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху, які выбралі сваёй эмблемай Лысага Вожыка.







All the contents on this site are copyrighted ©.