2007-04-21 10:10:56

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Марыян Гаўз стаў цэнтрам розных мерапрыемстваў. Перадусім там месьцілася сядзіба БАКА “Рунь”. Да аб’яднаньня належалі беларускія каталіцкія студэнты i выпускнікі ўнівэрсытэтаў. Зборкі “Руні”, адкрытыя для ўсіх, адбываліся штомесяц у апошнюю нядзелю. Зборка пачыналася сьв. Літургіяй, пасьля быў супольны абед i адзін або два даклады. Ад 1951 году “Рунь” ладзіла тыдні студыяў. Кожны зь ix меў сваю тэму, напрыклад “Быць заадно з Хрыстом i Царквою” (Sentire cum Christo et Ecclesia), “Хрыстос – Дарога, Праўда і Жыцьцё”, “Хрысьціянскія элемэнты ў беларускай культуры” i г.д. Першы тыдзень, улетку 1951 году, прайшоў у Шэвэтоні ў Бэльгіі, наступныя два – у Лёндане ў Марыян Гаўз. 2 жніўня 1953 году, у апошні дзень трэцяга тыдня студыяў, адбылася ўрачыстасьць пасьвячэньня іконы Сьвятых Заступнікаў Беларускага Народу. Кампазыцыйна ікона належыць да тыпу “Дэісіс”, з выяваю Хрыста на пасадзе, з Найсьвяцейшай Багародзіцаю па правым баку i Янам Хрысьціцелем па левым на верхнім пляне, i зь пяцьцю беларускімі сьвятымі – на ніжнім. Яе падараваў Андрэй Багамолец, нашчадак старажытнага роду князёў Менскіх, а намалявала ўкраінская мастачка Ірына Караставец. Ікону пасьвяціў апостальскі дэлегат у Вялікай Брытаніі архібіскуп Ўільям Годфрэй з удзелам біскупа Слоскана. Цяпер яна вісіць за алтаром у капліцы сьв. Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз.
Ня ўсім спадабалася ікона заступнікаў беларускага народу. Дакладней, не сама ікона, a выбар сьвятых, сярод якіх быў Язафат Кунцэвіч, вуніяцкі архібіскуп Полацкі, забіты праваслаўнымі ў Віцебску ў 1623 годзе. Пра гэта пісаў у газэце Бацькаўшчына С. Грынеў (псэўданім) у сваім артыкуле, дарэчы, даволі памяркоўным, “Нятрапны выбар”106. Айцец Сіповіч стараўся пазьбягаць усякай палемікі, але скарыстаў з гэтай нагоды, каб напісаць доўгі артыкул “Леў Сапега i сьв. Юзафат”, дзе як гісторык разгледзеў асобу i дзейнасьць сьв. Язафата на фоне бурлівых падзеяў таго часу107.
Наступны тыдзень студыяў прайшоў у Рыме з 24 кастрычніка да лістапада 1954 году. Прысутныя ўзялі ўдзел у Міжнародным Марыйным Кангрэсе, што якраз адбываўся ў Вечным Горадзе. На ім айцец Татарыновіч чытаў даклад пра культ Багародзіцы ў Беларусі. Кангрэс завершыўся працэсіяй з старажытнай іконай Божай Маці “Salus populi romani” ад базылікі Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) да базылікі сьв. Пятра, дзе папа Пій XII каранаваў ікону. Беларусы ішлі ў працэсіі асобнай групаю, несучы выяву іконы Маці Божае Жыровіцкае. Увечары таго дня быў міжнародны канцэрт, у якім выступіў вядомы беларускі сьпявак Пётра Конюх.
Між іншага, пасьля першага тыдня студыяў у ліпені 1951 году некаторыя ягоныя ўдзельнікі паехалі на кангрэс “Pax Romana” ў горадзе Рэймс у Францыі. На кангрэсе “Рунь” прынялі ў сябры гэтай міжнароднай каталіцкай акадэмічнай арганізацыі.
Тыдні студыяў “Руні” карысталіся вялікай папулярнасьцю i прыцягвалі ўдзельнікаў з Англіі, Бэльгіі, Францыі, Італіі, Нямеччыны i Гішпаніі. Сьвятарам яны давалі нагоду сустрэцца, абмеркаваць цяжкасьці i вырашыць пытаньні, зьвязаныя з пастырскай працай сярод беларусаў.
Айцец Сіповіч браў актыўны ўдзел у грамадзкай i культурнай дзейнасьці Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі i Англа-Беларускага Таварыства. Яго заснавалі ў 1954 годзе з мэтай пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю i культуру ў англамоўным сьвеце. Першай супольнай імпрэзай стала сьвяткаваньне ў 1954 годзе Дня Незалежнасьці Беларусі (25 Сакавіка) з удзелам беларускага студэнцкага хору зь Лювэну, кампазытара Алеся Карповіча з Ольдэнбургу (Нямеччына) i сьпевака Пётры Конюха з Рыму. Сьвяткаваньне пачалося канцэртам у сам дзень 25 сакавіка ў Крайст Чэрч Гол (Christ Church Hall) у Фінчлей, непадалёк ад Марыян Гаўз, у прысутнасьці мэра Фінчлей i амаль усіх сяброў гарадзкой рады. У суботу 27 сакавіка адбыўся другі канцэрт у залі пры Ўэстмінстэрскай катэдры (Westminster Cathedral Hall) у прысутнасьці архібіскупа Ўэстмінстэрскага кардынала Бэрнарда Грыфіна i шматлікіх царкоўных i сьвецкіх дастойнікаў. У нядзелю 28 сакавіка айцец Сіповіч i апякун беларускіх студэнтаў у Лювэне айцец Рабэрт ван Каўвэляэрт адслужылі сьвятую Літургію ў капліцы сьвятых апосталаў Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз.
Ha ўрачыстасьцях прысутнічаў беларускі праваслаўны сьвятар айцец Аляксандар Крыт. Тады ў Лёндане не было беларускай праваслаўнай царквы, i ён служыў Літургію ў залі Беларускага дому, які належаў Згуртаваньню Беларусаў у Вялікай Брытаніі.
Аляксандар Крыт (1901–1983) прыехаў у Англію зь Нямеччыны y 1948 годзе як “эўрапейскі добраахвотны работнік”. Ён браў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці ў Нямеччыне, дзе яго ведалі як ахвярнага працаўніка, пабожнага праваслаўнага i шчырага беларуса. 25 чэрвеня 1950 году біскуп Васіль Тамашчык зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Чужыне пад час візыту ў Англію пасьвяціў Аляксандра Крыта на сьвятара. Айцец Сіповіч падараваў яму поўныя сьвятарскія шаты i нагрудны крыж. Праз чатыры дні, 29 чэрвеня, новы сьвятар пісаў айцу Сіповічу: «Шчыра дзякую за пажаданьні i падарунак... Апошні выбар гэтага шляху неяк адбыўся паміма волі, бо проста не хапіла сілы волі адмовіць». Тым ня менш ён стаў добрым i ахвярным сьвятаром. У 1961 годзе ён выехаў у ЗША, а дзесяць гадоў пазьней, у 1971 годзе, атрымаў біскупскія сьвячаньні. Паміж Сіповічам i Крытам заўсёды існавалі сяброўскія дачыненьні.
Дарэчы, біскуп Васіль Тамашчык (1900–1970), які сьвяціў Аляксандра Крыта на сьвятара, сам стаў біскупам толькі паўгоду раней, 19 сьнежня 1949 году. Айцец Сіповіч даведаўся пра гэта зь беларускай прэсы i 26 студзеня наступнага году напісаў новаму біскупу наступны ліст: «Даведаўшыся з газэт аб хіратоніі Паважанай Вашай асобы на Біскупа, гэтым маю гонар пераслаць Вам шчырыя беларускія прывітаньні i пажаданьні посьпехаў у Вашай працы для дабра душ. Я перакананы, што ня раз нам прыдзецца спатыкацца ў працы так на ніве харытатыўнай у дапамозе нашым суродзічам, як тож у дачыненьнях культурна-грамадзкіх. Не сумняваюся, што ў гэтых галінах наша супрацоўніцтва будзе карысным i пажаданым для Бацькаўшчыны». Біскуп Васіль адказаў 28 лютага доўгім лістом, у якім сярод іншага пісаў: «Перадусім дазвольце... шчыра падзякаваць Вам за Вашае мілае прывітаньне з нагоды маёй хіратоніі ў япіскапа БАПЦ, а таксама за Вашыя пажаданьні посьпехаў у маёй працы для дабра душ... Беручы пад увагу, што нашае настаўленьне да Бога й Маці-Беларусі поўнасьцю ідэнтычнае, цешу сябе надзеяй, што наша супрацоўніцтва будзе гарманійным i карысным для нашай Бацькаўшчыны... Я глыбока перакананы, што супольнымі сіламі, з дапамогаю Ўсемагутнага, мы выканаем наша заданьне, бо – “калі Бог з намі, каго ўбаімся?”»
У 1953 годзе захварэў Лявон Рыдлеўскі, старшыня Саюзу беларусаў у Францыі “Хаўрус”. Гэты вельмі ахвярны чалавек аддаваў усе свае сілы, каб дапамагчы іншым, i ня дбаў пра сябе. Спачатку ўсе думалі, што ён проста ператаміўся i яму неабходны адпачынак. Айцец Сіповіч згадзіўся ўзяць яго да сябе ў Марыян Гаўз. У Лёндане высьветлілася, што Рыдлеўскі невылечна хворы на рак. Ён памёр 24 кастрычніка 1953 году. Перад сьмерцю ён спавядаўся i прычасьціўся ў айца Сіповіча. Паколькі, аднак, Рыдлеўскі быў праваслаўным, выканаць абрад пахаваньня айцец Сіповіч папрасіў айца Крыта, які жыў у горадзе Брадфард, за 300 кілямэтраў ад Лёндану. Айцец Сіповіч зьвярнуў яму кошт падарожжа. Усё гэта – раней, чым Каталіцкая Царква “адкрыла” экумэнізм...
Таксама ўвосень 1953 году Янка Садоўскі, якога айцец Сіповіч прыняў кандыдатам у закон марыянаў i паслаў вучыцца ў Рым, вырашыў не аднаўляць сваіх законных шлюбаў. Ён перайшоў зь бізантыйскага абраду на рымскі. З дапамогаю біскупа Слоскана ўдалося знайсьці яму месца ў Францускай калегіі ў Рыме, дзе ён працягваў сваю навуку i быў пасьвячаны на сьвятара 17 сьнежня 1955 году.








All the contents on this site are copyrighted ©.