2007-04-17 14:13:57

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


У нашай мінулай гутарцы мы расказвалі аб уплыве афіцыйнага мастацтва Рымскай імперыі, часоў першага хрысціянскага імператара Канстанціна, на тагачасную хрысціянскую іканаграфію. Новыя ідэі і формы ў мастацтва прыходзілі паступова, таму натуральна, што хрысціянскія мастакі запазычвалі ідэі ці схемы рымскага мастацтва для сваёй працы. Тут таксама трэба прыгадаць, што Канстанцін, як і ўсе папярэднія а потым і наступныя імператары, мелі яшчэ і тытул “вярхоўнага жрэца”. І толькі ў 391-392 гадах імператар Феадосій І выдаў законы забараняючыя ўсякае – публічнае і прыватнае – вызнанне язычніцтва. Негледзячы на супрацьстаянне Сената, які заставаўся верным язычніцтву, Феадосій адказаўся і ад тытула “вярхоўнага жрэца”. Язычніцкія храмы разбураліся або перабудоўваліся ў хрысціянскія. Імператару трэба было наладжваць суадносіны паміж дзяржаўнай і царкоўнай уладамі. І хаця афіцыйнай рэлігіяй Рымскай імперыі ўжо было хрысціянства – мінулае яшчэ не адпускала ад сябе.
У Рыме знаходзяцца два вялізарныя помнікі росквіту імперыі, калона Траяна і калона Марка Аўрэлія, упрыгожаныя рэльефамі на гістарычныя тэмы праслаўляючыя Рымскую імперыю. Гэтыя незвычайныя і каштоўныя трыумфальныя манументы былі ўзведзены ў ІІ стагоддзі ад Нараджэння Хрыстова, калі самое хрысціянства было пад жорсткай забаронай. Пазней, а менавіта каля 400-га года, імператар Аркадзій пажадаў узвесці падобныя калоны ў Канстанцінопалі – новай сталіцы імперыі. Адну ў памяць свайго бацькі імператара Феадосія І, а другую – на сваю памяць. Упрыгожвалі калоны таксама былі па тыпу рымскіх. Тыя Канстанцінопальскія манументы ўжо даўно разбураныя, але праз розныя дакладныя малюнкі эпохі Адраджэння і больш позьніх часоў, калоны адносна добра пазнаныя.
Цяжка знайсці больш відавочны і дзіўны прыклад імітацыі: пасля трох стагоддзяў, хрысціянскі імператар, з вялікімі выдаткамі, капіруе імперскія язычніцкія манументы, якія нічым не нагадваюць аб эпохе іх узвядзення ў Канстанцінопалі. На іх былі толькі невялікія выявы анёлаў, якія неслі выяву крыжа і манагарму Ісуса Хрыста. Нецяжка ўявіць сабе ўражанне, якое магло зрабіць падобнае “аднаўленне” на сучаснікаў. Але імператар шанаваўся як “роўны апосталам”, ён меў права гаварыць казанне, ўваходзіць у алтар і “прыймаць святыя дары ў выглядзе віна і хлеба”, у той час простыя смертныя прыймалі прычасце толькі ў выглядзе хлеба. У 381 годзе Імператар Феадосій І Вялікі прымусіў Папу Рымскага Святога Дамаса І (366-384) узвесці ў сан Патрыярха архіепіскапа Канстанцінопальскага, а імператар Маркіан дабіўся ў 451 годзе таго, што Патрыярх Канстанцінопальскі заняў у царкоўнай ерархіі другое месца пасля Папы Рымскага, стаў вышэй за ўсіх іншых патрыярхаў.
Праз 20 год пасля ўзвядзення трыумфальных калонаў, пад час пантыфікату Папы Рымскага Сікста ІІІ (432-440), у знакамітай рымскай базіліцы Святой Марыі Вялікай Santa Maria Maggiore – першым храме прысвечаным Багародзіцы, былі зроблены цудоўныя мазаікі. На арке перад абсідай выяўляны толькі асобныя евангельскія эпізоды. Выбар сюжэтаў, іх распалажэнне не адпавядаюць храналагічнай паслядоўнасці падзеяў. Яны больш адпавядаюць рэльефам вышэйузгаданых калонаў імператара Аркадзія ў Канстанцінопалі, бо на мазаіках у рымскай базіліцы вышэйшая моц Хрыста паказана на падставе іканграфічных умоўнасцяў рымскай манархіі. А вось мазаікі нефа базілікі Святой Марыі Вялікай маюць ужо зусім іншы, апавядальны характар. І ўсё ж, хрысціянскія выявы, надхнёныя ўрачыстасцямі, заўсёды рабіліся дзеля выразнага і дакладнага паказу Божай сілы. Так як імперская іканаграфія пастаўляла шэраг тэмаў і схемаў, што выклікалі ідэю магутнасці, прыстасаваць падобны сюжэт да хрысціянскай карціны было дастаткова лёгка. Вялікая мазаіка трыумфальнай аркі базіліцы Santa Maria Maggiore, складзена па тагачасных імперскіх традыцыях: трон гэта цэнтр і вяршыня як сімвал Боскай сілы на небе, потым выяўлена прызнанне сана ўладара Хрыста з боку габрэяў і рымлян, далей замежныя манархі прапануюць свае дары Дзіцятку Хрысту, і ніжэй усіх выявы разбітага ворага – цара Ірада.
Для тагачасных хрысціянаў цудоўныя мазаікі трыумфальнай аркі базіліцы, паказвалі ўсім глядачам магутнасць Бога і Хрыста: яна зыходзіць з неба на зямлю, і на зямлі пакрывае Рымскую імперыю і варварскія краіны – увесь сусвет. Хрысціянскія мастакі выяўлялі падзеі Святога Пісьма, дапаўняючы іх гістрычнымі знакамі і абстрактнымі знакамі, на зразумелай усім іканаграфічнай мове. Высечаныя фрызы з ваеннымі сцэнамі таксама аказвалі ўплыў на хрысціянскае мастацтва: біблейскія сцэны на мазаіцы ў Santa Maria Maggiore выяўлены па ваенных схемах рымскіх калонаў.
На мазаіках, як і на рэльефах калонаў, у гістарычным сюжэце войскі і народы рухаюцца плотнымі групамі і часам цяжка ўзгадаць, што гэтыя масы прадстаўляюць егіпцянаў, або габрэяў, бо на калонах такім жа чынам выяўлены рымскія войскі ў бітвах супраць варвараў. Таксама як і на калонах, на мазаіках сустракаюцца выявы ўмацаваных гарадоў. Валадары Ізраіля выяўлены на ўзвышэннях і такім чынам пануюць над народам. А на рымскіх калонах у ваеннай кампаніі такая ж схема служыць для вызначыць імператара, або нейкага іншага рымскага ваенначальніка. На мазаіцы старазапаветны Абрам, як рымскі генерал сядзіць на кані і сустракае пешага святара Мельхіседэка, які прапануе яму хлеб і віно, тое ж самае ёсць і на калонах, дзе падобным чынам выяўлены сцэны кантактаў з іншаземцамі. Мастацкія формы хрысціянскай веры першых стагоддзяў формай яшчэ вельмі моцна паходзілі на афіцыйныя, але гэта было ўжо зусім іншае мастацтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.