2007-04-14 11:29:03

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Сіповіч стараецца зразумець прычыну такога становішча: «Як ня сумна, але некалькі пакаленьняў беларускае інтэлігенцыі ў час самага буйнага нашага адраджэньня... змушаны былі карыстацца чужою школаю, пры варожай нам дзяржаўнасьці i фармаваць свой рэлігійны сьветагляд паводле больш-менш хрысьціянскіх прынцыпаў, але падаваных як пажыву, запраўленую моцным чужым нацыянальным сосам, што было моцна адпіхаючым дзейнікам. Гэтак было ў царскай Расеі, гэтак было пад Польшчай, але куды горш яшчэ было ў БССР... Ці ж можна тады дзівіцца, што некаторыя з нашых інтэлігентаў ня знаюць нават асноўных прынцыпаў хрысьціянства? Усё вышэй сказанае ў аднолькавай меры адносіцца так да каталікоў, як i да праваслаўных... Мэтаю гэтага артыкулу ня ёсьць вышукваць дакорныя закіды пад адрасам інтэлігенцыі, але ў меру магчымасьцяў стацца памоцнікам сваім братом»102.
Артыкул выклікаў даволі вострую рэакцыю ў беларускай прэсе. У велікодным нумары газэты Бацькаўшчына зьявіўся артыкул “Некалькі словаў адказу”. Аўтар артыкулу, які падпісаўся псэўданімам “В. Мікалаеня”, даводзіў Сіповічу: «Калі справа ідзе пра нараканьні на факт прасьледу рэлігіі ў Савецкім Саюзе, дык трэба сказаць ясна i адкрыта, што незадаваленьне з такога стану выклікана шмат у каго з пасярод інтэлігенцыі не асабістай патрэбай (вылучана мною. – А.Н.), але ўважаньнем, што павінна быць свабоднае выконваньне рэлігійных практыкаў, але не рэлігійнага прымусу, для тых, хто гэтага патрабуе» 103.
Айцец Сіповіч, гаворачы пра рэлігійную абыякавасьць, прыводзіць словы зь Сьвятога Пісаньня: «I анёлу Ляодыкійскае царквы напішу... ведаю ўчынкі твае, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы... дык вось дзеля таго, што ты летні, ані сьцюдзёны, ані гарачы, Я выблюю цябе з вуснаў маіх» (Апакаліпсіс 3:14-15). Мікалаеня, відаць, мала абазнаны ў Сьвятым Пісаньні, павучае Сіповіча: «З пункту гледжаньня нацыянальнага, заклік да рэлігійнай гарачасьці даволі шкодны, бо-ж, як піша а. Сіповіч, праўдзівай зьяўляецца толькі адна рэлігія... У сувязі з гэтым... занадта вялікая гарачасьць у рэлігійных справах зьяўляецца для беларускага народу ня вельмі пажаданай, бо вядзе толькі да тварэньня канфліктаў ва ўлоньні народу». Ён сканчае свае разважаньні наступным сказам: «Гісторыя навучае нас, што лепш, калі кожны вернік будзе хоць на дне душы мець сумліў, ці зьяўляецца ягоная рэлігія “адзінай праўдзівай”».
Праз два тыдні, 4 траўня 1952 году, у Бацькаўшчыне зьявіўся артыкул Язэпа Каранеўскага “За згоду рэлігійную”. Язэп Каранеўскі – псэўданім рэдактара Бацькаўшчыны Станіслава Станкевіча. Аўтар, пахваліўшы рэлігійную згоду сярод беларусаў, далей тлумачыць, што піша пра гэтыя справы, «каб заалярмаваць у час, што гэтую згоду сьведама ці нясьведама намагаюцца разбурыць некаторыя нашыя беларускія сьвятары, як з боку праваслаўнага, так i каталіцкага... Па прыклады далёка хадзіць ня трэба. Ix знойдзем, між іншага, у... артыкуле В. Мікалаені “Некалькі словаў адказу”». Насамрэч у артыкуле Мікалаені няма ніякіх канкрэтных прыкладаў, ёсьць толькі палеміка з поглядамі а. Сіповіча. Затое Каранеўскі сам прыводзіць адзін прыклад: «З абурэньнем паведамляюць нас з Ангельшчыны, што адзін беларускі каталіцкі сьвятар адмовіўся ахрысьціць паводле каталіцкага абраду дзіця мяшанай сям’і (бацька праваслаўны, маці каталічка) i толькі таму, што кумы былі праваслаўныя»104.
Адзіным беларускім каталіцкім сьвятаром у Англіі быў тады айцец Сіповіч, i таму ён ня мог маўчаць. У лісьце за 10 траўня ў рэдакцыю Бацькаўшчыны ён пісаў: «Быў я ў мінулым годзе запрошаны сп-ром Р-кім з Гадэрсфільд (прыблізна 300 кілямэтраў ад Лёндану. – A.H.), праваслаўным беларусам, жанатым з каталічкай ірляндкай, ахрысьціць іхнае дзіцё. Запросіны я ахвотна прыняў і, будучы ў Брадфардзе на высьвячэньні Беларускага Дому, дагаварыўся з бацькамі дзіцяці, дзе i калі выканаем абрад хросту. Назаўтрае паехаў я ў Гадэрсфільд. Знайшоў бацькоў... Пытаю, дзе тут найбліжэйшы каталіцкі касьцёл... Ніхто ня ведае, ані сп. Р-кі, ані ягоная жонка (каталічка!). Пытаемся ў людзей i знаходзім касьцёл. Дагаварваемся з тамашнім ангельскім пробашчам, які сустрэў нас ветліва i ўслужліва. “Хто будзе кумам?” – пытаю сп.ра Р-кага. Сп. Р-кі просіць, каб ім быў сп. Р-ц, праваслаўны. Выясьняю, што выпадала б дзеля таго, што ў каталіцкім касьцеле хрысьцім, каб хоць адзін з кумоў быў каталік, тым больш, што маці дзіцяці каталічка. Калі ўсе ўступныя фармальнасьці выясьніліся, сп. Р-кі пайшоў за дзіцём, каб прынесьці яго да хросту. Чакаў я ў касьцеле больш гадзіны часу, тады калі ўсё было прыгатавана да сьвятога абраду. Зьдзівіліся мы, сьвятары (быў із мною цэлы час ангельскі сьвятар), калі сп. Р-кі вярнуўся зноў із сваім толькі сябрам. На пытаньне, дзе дзіця? – ён адказаў: Ужо пазнавата і... жонка не жадае хрысьціць, каб не зьвязвацца з сьвятарамі!..»105
Трэба аддаць справядлівасьць рэдакцыі Бацькаўшчыны: яна ня толькі надрукавала ліст Сіповіча, але i перапрасіла яго. Тым ня менш гэтае здарэньне паказвае, у якіх умовах даводзілася працаваць сьвятару i як лёгка ўзьнікалі абвінавачаньні ў “фанатызьме” i “неталерантнасьці”...
Дарэчы, пасьля гэтага выпадку між Бацькаўшчынай i айцом Сіповічам усталяваліся добрыя дачыненьні. Ягоныя артыкулы i карэспандэнцыі даволі часта зьяўляліся на старонках гэтай газэты.
Адной з галоўных цяжкасьцяў рэлігійнага жыцьця на чужыне была адсутнасьць уласнай сьвятыні. За айцом Сіповічам у Марыян Гаўз капліца сьвятых апосталаў Пятра i Паўла стала “парафіяльнай царквой” беларусаў у Лёндане. Спачатку яна выглядала вельмі сьціпла: у даволі вялікім пакоі стаяў алтар, але без іканастасу; на сьценах вісела некалькі іконаў. Аднак вернікі, якія прыходзілі ў нядзелю, уважалі яе за сваю царкву.
Айцец Сіповіч марыў мець капліцу ў традыцыйным бізантыйскім стылі. Усходняя Кангрэгацыя ўхваліла ягоны праект i абяцала дапамагчы грашыма. У 1951 годзе адмыслова для гэтай капліцы зрабілі іканастас. Іконы ўзяўся намаляваць айцец Геранім Леўсінк, бэнэдыктынскі манах з Шэвэтоню i вядомы мастак-іканапісец. Ён напісаў галоўныя іконы (Хрыстос, Маці Божая, Апошняя Вячэра, Зьвеставаньне i чатыры эвангелісты), але, не пасьпеўшы давяршыць пачатае, памёр у 1952 годзе. Ягоную працу працягвала сястра Лютгардзіс, бэнэдыктынская манашка з жаночага манастыра Скотэнгоф непадалёк ад Антвэрпэну. Яна таксама намалявала іконы на вялікія Гасподнія i Багародзічныя сьвяты. У пачатку 1953 году капліца набыла свой канчатковы выгляд, які мае і цяпер.








All the contents on this site are copyrighted ©.