2007-04-11 13:59:01

Як святкавалi Вялiкдзень у Азii.


Аб тым як прайшла Пасха ў краiнах Азii паведамiў карэспандэнту нашага Радыё кiраўнiк агенства AsiaNews а.Бернардо Червеллера: “Не меньш за 800 дарослых людзей былi ахрышчаны ў розных касцёлах афiцыйнай Каталiцкай Царквы ў Пякiне. Усяго ж iх болей за тысячу, калi ўключыць сюды таксама ахрышчаных у непрызнанай урадам Каталiцкай Царкве. Сярод прыняўшых Таямнiцу Хросту ёсць заможныя людзi, людзi, якiя займаюцца свабоднымi прафесiямi, выкладчыкi унiверсiтэтаў, студэнты i бедныя iмiгранты. У Кiтаi, дзе на працягу дзесяцiгоддзяў панаваў камунiстычны матэрыялiзм, а потым спажывецкi эгаiзм, пытанне рэлiгii з’яўляецца вельмi важным. Аднак пераследаваннi не спынiлiся. Напрыклад, двух святароў з дыяцэзii Вендзоў прыгаварылi да 9 i 11 месяцаў зняволення за тое, што яны накiравалiся ў пiлiгрымку ў Рым, пакiнуўшы Кiтай нелегальна. Многiя суполкi афiцыйна не прызнанай Каталiцкай Царквы не мелi Вялiкодных Богаслужбаў з нагоды таго, што палiцыя ў гэтыя днi ўзмоцнiла кантроль.
Таямнiцу Хросту прынялi таксама ў Манголii. Ганконгу, Японii, Iндыi, У’етнаме i Камбоджа. Таксама i ў Таiландзе з’явiлiся новыя хрысцiяне, перад усiм сярод жыхароў горных плямёнаў, для якiх зрабiцца хрысцьянiнам значыць увайсцi ў свет, дзе ўжо няма боязi перад злымi духамi i дзе аказваецца дапамога ў галiне выхавання i аховы здароў’я. Адзначаны выпадкi навярнення ў хрысцiянства таксама i сярод буддыстаў, i гэта перад усiм дзякуючы сяброўству з хрысцiянамi. У Шры-Ланка касцёлы накiравалi 200.000 уцекачам на поўначы краiны дапамогу, сабраную пад час Вялiкага Посту, i гэта пад час вайны памiж армiяй i “Тыграмi Тамiла”, якiя спрабуюць падзялiць краiну. У Карэi Пасха, як перамога жыцця, была засяроджана супраць культуры смерцi – абортаў i манiпуляцый з эмбрыёнамi, з крытыкай урада, якi фiнансуе лабараторыi для даследвання эмбрыянальных стваловых клетак. У Iнданэзii, Iраке, Пакiстане ў атмасферы напружанасцi, якую падтрымлiваюць iсламсiя тэрарысты, вернiкi не адмовiлiся ад вялiкодных святкаванняў. Таксама i ў гэтых краiнах многiя дарослыя людзi прынялi Таямнiцу Хросту, але гэта было зроблена патаемна, каб пазбегнуць абвiнавачванняў у празэлiтызме i адмове ад iсламу.








All the contents on this site are copyrighted ©.