2007-03-24 08:59:17

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Акцыя збору грошай сур’ёзна распачалася ў другой палове 1954 году. Беларусы i іхныя прыяцелі шчодра адгукнуліся на заклік Сіповіча, i ўжо на пачатку 1956 году ён здолеў сплаціць летувісам 1000 фунтаў, а яшчэ праз год аддаў ім другую тысячу. У верасьні 1957 году Сіповіч паехаў на тры месяцы ў Амэрыку. Мэты паездкі не абмяжоўваліся зборам грошай, але пра гэта ён нідзе не забываўся. Вярнуўся ў Лёндан 13 сьнежня, прывёзшы з сабою 6500 даляраў – больш як 2000 фунтаў паводле тагачаснага абменнага курсу. У лютым 1959 году Сіповіч сплаціў летувіскім марыянам ужо 5200 фунтаў. 8 ліпеня 1959 году летувіскія марыяне пастанавілі: «Большая частка грошай для летувіскіх айцоў была сплочаная а. Сіповічам МІС (дагэтуль заплочана 5200 фунтаў, застаецца да заплаты 3000 фунтаў), таму было аднагалосна пастаноўлена перадаць тытул уласнасьці “Марыян Гаўз” беларускім марыянам». Галоўная марыянская рада ў Рыме 21 ліпеня зацьвердзіла пастанову «перадачы тытулу ўласнасьці маёмасьці, што называецца “Марыян Гаўз”, ад летувіскай правінцыі да айцоў марыянаў беларускага паходжаньня».
Такім чынам, набыцьцё Марыян Гаўз для Беларускай Каталіцкай Місіі набліжалася да завяршэньня. Толькі Місія як раней, так i цяпер нічога ня мела. Дом заставаўся ўласнасьцю закону марыянаў, бо “перадача ўласнасьці” летувіскімі марыянамі беларускім была іхнай нутраной справай. За яе заплацілі беларусы з усяго сьвету i іхныя прыяцелі. Праўда, некаторыя падазравалі, што тут нешта не зусім у парадку. 1 чэрвеня 1955 году Сіповіч пісаў Віктару Іваноўскаму ў Лёндан у Канадзе: «Асобным лістом пасылаю вам лісту на Марыян Гауз. Убачыўшы яе, вы зразумееце, сколькі трэба было далажыць стараньняў, каб атрымаць той высокі Патранат Ўэстмінстэрскага Кардынала i іншых асоб! Ужо крыху сабраў грошы, але вельмі мне далёка да канца. Буду Вам вельмі ўдзячны, калі знойдзеце спосаб уцягнуць на лісту хаця некалькі ахвярадаўцаў. Верце, даражэнькія, што ўсё гэта робіцца на славу Бога i нашай гаротнай Беларусі». Відаць, “высокі патранат” не зрабіў вялікага ўражаньня на Іваноўскага, i ён адказаў айцу Сіповічу (ліст бяз даты): «Ha падпісную лісту я ўжо сабраў звыш 21 даляраў... Калі грошы вам так пільна не патрэбныя, то я хацеў бы ix затрымаць i выслаць большай сумай, каля 50 даляраў, бо маю надзею, што змагу сабраць досьць парадачную суму тады, калі вы выясьніце праз газэту Бацькаўшчыну, на каго гэны дом мае быць запісан i г.д. Бачыце, у мяне людзі пытаюць, i нат Др Рагуля катэгарычна патрабуе шырэйшага выясьненьня. Чы гэты дом будзе належаць для беларусаў каталікоў як цяпер за вашым жыцьцём, так i пасьля вашага адыходу ад рэлігійнага i наагул жыцьця».
Невядома, ці былі яшчэ іншыя лісты падобнага зьместу, але праз год у газэце Бацькаўшчына (выходзіла ў Мюнхэне) за 3 чэрвеня 1956 году зьявіўся наступны ліст Сіповіча: «На просьбу некаторых беларусаў падаю да агульнага ведама наступнае: Дом у Лёндане (пры Holden Avenue, N. 12) названы “Марыян Гауз”, у якім ад 1948 г. знаходзіцца беларуская каталіцкая капліца, прызначаецца для наступных мэтаў:
1) На памешканьне законьнікаў марыянаў-беларусаў;
2) Ha рэлігійнае абслугоўваньне беларусаў-каталікоў у В. Брытаніі;
3) Ha бібліятэку, архівы й музэй, вылучна беларускага зьместу або зьвязанага з беларусаведай.
Юрыдычна справа выглядае наступна: галоўная ўлада айцоў марыянаў дала фармальна поўную згоду на куплю Марыян Гауз для вышэй выказаных мэтаў – з тэй, зразумела, умовай, што знойдуцца сродкі на сплату коштаў куплі дому. Няма ніякіх сумлеваў, што Марыян Гауз прызначаецца для беларусаў, i за імі назаўсёды застанецца. Сяньня ў Эўропе пражывае 12 беларускіх сьвятароў-марыянаў, i яны ня маюць змогі пакуль што сабрацца i працаваць разам. Але, каб навет i была гэтая магчымасьць, няма дзе зьбірацца, пакуль ня купіцца Марыян Гауз. Хто із старэйшых беларусаў прыгадвае манастыр айцоў марыянаў у Друі i іхную працу сярод беларускай моладзі й сялян, той будзе ведаць, што Марыян Гауз мае служьщь тым самым мэтам, хоць i ў іншых – шмат цяжэйшых абставінах выгнаньня. Ад часу, калі ўсе юрыдычныя фармальнасьці былі выясьненыя, пачалася зборка грошай на выкуп Марыян Гауз. Дагэтуль было сабрана i выплачана собсьніку дому роўна тысяча фунтаў. Яшчэ трэба сем тысяч фунтаў, якія я павінен сабраць на працягу трох год»99. Допіс сканчаецца заклікам складаць ахвяры на Марыян Гаўз.
Гэты ліст выклікае неадназначныя пачуцьці. Кідаецца ў вочы адсутнасьць якой-колечы згадкі пра Беларускую Каталіцкую Місію, тым часам як у падпісным лісьце ахвярадаўцаў на Марыян Гаўз няма ні слова пра марыянаў. Прачытаўшы сказ “няма сумлеву, што Марыян Гауз прызначаецца для беларусаў”, хочацца спытацца, чаму наагул павінны ўзьнікаць нейкія сумневы. Аўтар замоўчвае, каму належаў дом. Зь 10 (не 12) марыянаў “у Эўропе” толькі адзін, айцец Сіповіч, быў на Захадзе, усе іншыя – у Польшчы. Двох зь ix, Германовіча i Падзяву, толькі год перад тым выпусьцілі зь зьняволеньня ў Савецкім Саюзе. Тры айцы, выселеныя з Друі ў 1938 годзе – Язэп Дашута, Віталіс Хамёнак i Казімер Смулька – ужо не маглі працаваць праз свой сталы век i благое здароўе. Дашута пісаў Сіповічу 28 сакавіка 1956 году: «Я яшчэ да працы не надаюся... Пасьля другога завалу сэрца ідзе трудней, але i так ніхто не спадзяваўся, што выжыву». Айцец Германовіч у 1955 годзе «знайшоў а. Смульку ўжо поўным інвалідам i нявідушчым»100. Айцец Віталіс Хамёнак быў найстарэйшы і, мусіць, найздаравейшы з трох. Але й ён пісаў Сіповічу 14 сакавіка 1961 году: «Аб сабе пісаць ня маю нічога новага. Старэю. Дакучае рэўматызм, артрэтызм, скляроза i печань, але прытрымліваюся ў ядзе i зажываю адпаведныя лякарствы i пры помачы Божай неяк кратаюся i працую».








All the contents on this site are copyrighted ©.