2007-03-17 09:51:57

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг)


Такім чынам, давялося, хоцькі-няхоцькі, даваць тлумачэньні для Ўсходняй Кангрэгацыі. 30 сьнежня 1954 году айцец Сіповіч пісаў кардыналу Тысэрану: «Прынятае рашэньне заснаваць у Лёндане “Новую Друю”, але каб зрабіць гэта, трэба перш набыць адпаведны дом. Праблема вырашылася, бо летувіскія айцы (марыяне) прыйшлі нам з дапамогаю i выказалі згоду перадаць маёмасьць “Марыян Гаўз” на выгадных для нас умовах... Дзеля яснасьці справы пасылаю неабходныя дакумэнты i прашу пакорна ў Вашай Эмінэнцыі дапамогі ў куплі дому ў залежнасьці ад вашага меркаваньня i шчодрасьці».


Тысэран адказаў 25 лютага 1955 году: «У справе куплі дому для Місіі, паколькі кантракт мае праходзіць нутраной справай між дзьвюма часткамі таго самага закону (між летувіскімі марыянамі рымскага абраду i беларускімі марыянамі бізантыйскага абраду), Сьвятая Кангрэгацыя (Усходняя. – А.Н.) ня мае ў гэтым ніякай асаблівай зацікаўленасьці; калі б, з другога боку, набытак рабіўся для Беларускай Каталіцкай Місіі бізантыйскага абраду ў Англіі sic et simpliciter (так і не інакш. – А.Н.), тады і толькі тады гэтая Сьвятая Кангрэгацыя магла б разгледзець магчымасьць зрабіць свой унёсак»98.


Беларуская грамадзкасьць на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны складалася галоўным чынам з “новых” эмігрантаў, г. зн. тых, што засталіся на Захадзе як уцекачы, бо не жадалі ці не маглі вярнуцца на Бацькаўшчыну, якая тады ўваходзіла ў Савецкі Саюз. У большасьці сваёй маладыя людзі, яны пачыналі новае жыцьцё ў цяжкіх абставінах. Тым ня менш вызначаліся глыбокім разуменьнем i ахвярнасьцю дзеля беларускай справы. У прыватнасьці, яны добра разумелі вартасьць свайго рэлігійнага цэнтру, i таму многія, каталікі i праваслаўныя, шчодра адгукнуліся на заклік дапамагчы набыць Марыян Гаўз. Калі б, аднак, яны ведалі, што Марыян Гаўз меў застацца ўласнасьцю айцоў марыянаў, то адрэагавалі б прыблізна гэтак жа, як і кардынал Тысэран. Для малодшага пакаленьня словы “беларускія марыяне” нічога не азначалі. Старэйшыя маглі памятаць лёс Друі...


Бальшыні сяброў ганаровага камітэту для куплі Марыян Гаўз ужо няма сярод жывых, таму цяжка сказаць, ці ведалі яны пра сапраўдны стан рэчаў. Усё паказвае на тое, што не. Адзін зь сяброў камітэту, доктар Вітаўт Рамук з Чыкага, даслаў 2 сьнежня 1998 году ліст аўтару гэтых радкоў, у якім піша: «У 1953–54 гг. я жыў у Лёндане... У 1954 г. Айцец Сіповіч спытаўся ў мяне, ці я згадзіўся б быць сябрам камітэту куплі Марыян Гаўз як сталага памешканьня для Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі. Я згадзіўся з гатовасьцю, бо ідэя ўласнага рэлігійнага цэнтру была вельмі даспадобы мне i іншым беларусам... Таму для мяне быў вялікі шок, калі нядаўна даведаўся, што Марыян Гаўз застаўся ўласнасьцю айцоў марыянаў, а не Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі. Выглядае, што спачатку мне i іншым не сказалі ўсіх фактаў. Я ўпэўнены, што, калі б мы ведалі праўду, наша рэакцыя на заклік была б зусім іншай. Як католік i беларус я вельмі праняты тым, што я даведаўся. Я заўсёды верыў, што жаданьні ахвярадаўцаў павінны быць выкананымі. Не хачу абвінавачваць нікога, але выглядае, што беларусам не сказалі праўды. Асабіста ў мяне такое адчуваньне, быццам мяне выкарысталі».


Іншыя беларусы мелі яшчэ больш сьціслыя весткі. 12 верасьня 1953 году, яшчэ да атрыманьня дазволу на збор грошай, айцец Сіповіч пісаў А. Касьцюкевічу ў Бафалоў у ЗША: «Цяпер дазвольце мне зьвярнуцца да вас з просьбай. Пасьля доўгіх разважаньняў я пастанавіў выкупіць Марыян Гаўз ад літоўцаў... Таму абгаварыўшы з усімі знаёмымі суродзічамі справу, я адважыўся распачаць зборку грошы на выкуп з мэтай зрабленьня ў ім беларускай бібліятэкі, архіву, мейсца на розныя зборкі. Ужо мне некаторыя беларусы злажылі ахвяры, некаторыя задэкляравалі... Я ведаю, што вы небагатыя i што кожны грош цяжка запрацаваны, але асьмельваюся да вас зьвярнуцца з просьбай аб злажэньне ахвяры на выкуп Марыян Гаўз з той надзеяй, што Вы мне дапаможаце i што я Вам у будучыне пастараюся чымколечы адплаціцца».


Ад маладых гадоў жыцьцё айца Сіповіча было цесна зьвязанае з Друяй. Ён застаўся да канца ёй верным i эмацыйна зь ёю зьвязаным. Зь цягам часу ў ягоным уяўленьні значэньне Друі ў рэлігійным жыцьці Беларусі непамерна вырасла. Адсюль i спроба заснаваць “Новую Друю”. Наагул, аднак, ён трымаў гэтую сваю мару ў сакрэце i дзяліўся ёю толькі зь нешматлікімі даверанымі асобамі. 27 жніўня 1954 году ён пісаў айцу Міхалу Ўрбановічу, беларускаму марыяніну, які правёў амаль усё сваё жыцьцё ў працы сярод летувісаў i палякаў у Амэрыцы: «Марыян Гаўз мае быць Новай Друяй, якая, зруйнаваная i зьбяшчэшчаная бязбожнікамі, на векі будзе ганарыцца, што ў ёй працавалі сьвятыя нашы айцы беларусы – Абрантовіч, Цікота, Германовіч, якія аддалі жыцьцё i кроў за веру. Я, як той недабітак, з Божай помаччу хацеў бы традыцыі Друі, маіх дарагіх Айцоў, якія мяне выхоўвалі, захаваць, i таму трэба залажыць дом для марыянаў беларусаў на чужыне». Зрэдку ідэя “Новай Друі” вельмі асьцярожна згадваецца ў перапісцы зь іншымі беларусамі каталікамі, напрыклад у лісьце за 1 кастрычніка 1954 году да доктара Станіслава Грынкевіча ў Кліўленд: «Марыян Гаўз – гэта Новая Друя. Тут павінны знайсьці прыпынак беларускія архівы, музэй i т. п. Вельмі цяжка ўрэчаісьніць гэты плян, але пры помачы Божай ёсьць магчыма».


Ахвярадаўца мае поўнае права ведаць, куды ідуць ягоныя ахвяры, i дамагацца, каб ix скарыстоўвалі на прызначаную мэту. Будучыя дабрадзеі Марыян Гаўз нічога ня ведалі пра “Новую Друю”, таму цяжка пазбыцца ўражаньня, што Сіповіч вельмі ашчадна абышоўся з праўдаю.


У 1954 годзе беларускіх марыянаў у Марыян Гаўз было двое: 40-гадовы айцец Сіповіч i брат Мікалай Баговіч, якому споўнілася 51. Спадзявацца на рост у будучыні практычна не даводзілася. Адзіны кандыдат, Янка Садоўскі, які вучыўся ў Рыме, пакінуў марыянаў у 1953 годзе. Не выпадала разьлічваць і на прыезд марыянаў з Польшчы, дый усе яны належалі да рымскага (лацінскага) абраду i мелі за плячыма ўжо шмат гадоў. Аднак гэта не зьнеахвочвала Сіповіча. Ён пачаў зьбіраць грошы на Марыян Гаўз яшчэ ў 1953 годзе, раней як атрымаў дазвол ад сваіх законных уладаў. Так, у чэрвені таго году ён адведаў беларусаў у Ковэнтры, Бірмінгаме, Ньюўарку i Ньюпарце i вярнуўся дамоў зь велізарнай сумай... 6 фунтаў. У верасьні a. Сіповіч быў у Ірляндыі. Паездку зладзілі сябры “Легіёну Марыі”, якія часта прыходзілі на Гольдэн Авэню. Візыт не лічыўся пастырскім, бо ў Ірляндыі беларусы не пражывалі. Тая спроба сабраць грошы на Марыян Гаўз скончылася нічым. Другая паездка, у 1957 годзе, атрымалася ня лепшай, хаця ён пазнаёміўся з заснавальнікам “Легіёну Марыі” Франкам Дафам, які даў на Марыян Гаўз 2 фунты. Айцец Сіповіч меў таксама аўдыенцыю ў прэзыдэнта Ірляндыі Дэ Валера, але як толькі згадаў пра дапамогу, той адаслаў яго да ірляндзкіх біскупаў. Атрымаць аўдыенцыю ў Дублінскага архібіскупа ня выйшла, a генэральны вікары прыняў яго “ветліва, але холадна








All the contents on this site are copyrighted ©.