2007-03-13 14:00:51

З нашага цыклу "Сьвет першых хрысьціянаў"- працяг


У мінулых гутарках мы ўжо не раз узгадвалі, што першапачатковыя хрысціянскія вобразы былі вельмі падобныя на язычніцкія, бо іншага мастацтва ўвогуле не існавала. Напрыклад той жа вобраз пастыра, які нясе на плячах ягня, або казляня. Так у язычніцкім мастацтве выяўлялі бога Гермеса – апякуна пастухоў. Хрысціянскія мастакі перанялі гэты вобраз для выяўлення Ісуса, які апісаны ў Евангеллі як Добры Пастыр, што аддае жыццё за сваіх аблудных авечак. Падобная выява сустракаецца на многіх фрэсках у катакомбах. Айцы Царквы любілі таксама казаць аб пастве як аб статку, якому патрэбны пастыр. “Высвячайце сабе біскупаў, дастойных Госпада, мужоў лагодных, сапраўдных, выпрабаваных…” – гаворыцца ў “Навуцы Дванаццаці апосталаў” – сведчанні багаслоўскай думкі пакалення, якое ішло за апостальскім.
Маладосць усіх персанажаў на старажытнахрысціянскіх выявах пакідае іх паза часам: такім чынам, усе героі эпізода застаюцца маладымі і ў выніку гэты ж эпізод застаецца для кожнай эпохі. Шматлікія тэксты Сярэднявечча захавалі гэтую ідэю, якая знаходзіць вынік у іншым разуменні, адначасова падобная і процілеглая: калі вечнасць можа быць выказана праз нязменную юнацкасць героя, таксама можна узяць як сімвал выяву чалавека дарослага, бо яго барадаты твар і доўгія валасы сведчаць аб працягласці і паўноце яго моцы. Такія выявы малявалі каб выказаць веліч Хрыста, Госпада заўсёды магутнага і паўсюднага.
У Рымскай базіліцы Святога Себасцьяна знаходзіцца саркафаг, які датуецца ІІІ стагоддзем ад Нараджэння Хрыстова і лічыцца язычніцкім. На ім выява: перад маленькай хаткай – сям’я пастуха. Жанчына сядзіць на зямлі і трымае на руках дзіця. На думку навукоўцаў гэтая скульптурная выява надзвычайна каштоўная для гістарычнай хрысціянскай іканаграфіі, бо прадстаўляе прыклад тэмы маці з дзіцём, як звычайна гэта прадстаўлялася ў тую эпоху. Але першыя хрысціянскія мастакі выкарыстоўвалі падобную тэму каб выявіць Дзеву Марыю з Дзіцяткам. Існуе нават версія, што выява на саркафагу ў базіліцы Святога Себасцьяна дала жыццё іканагарфічнаму тыпу Маці Божай Адзігітрыі, што значыць “Пуцяводная”, у візантыйскай іканаграфіі.
Пачынаючы з ІІ стагоддзя распаўсюджванне Хрысціянства часта выклікала негатыўную рэакцыю народа і валадароў. Хрысціянства ператварылася ў палітычную праблему. Гэта быў час мучанікаў і спавядальнікаў. Пераследванні і пакутніцтва дзесяткаў тысяч хрысціян, гэта тэма асобнай гутаркі. У 260 годзе канец жорсткім пераследванням імператара Валерыяна паклаў эдыкт верацярпімасці яго сына Галіена. І напрацягу 11 гадоў хрысціяне атрымалі магчымасць спавядаць сваю рэлігію адкрыта і не ўдзельнічаць ў язычніцкіх абрадах.
Яны ажылі, і ў надзеі на працяглы мір, пачалі руйнаваць свае старыя храмы, а на іх месцы будаваць новыя, больш вялікія і больш упрыгожаныя. Але ў 303-м годзе, сярод міра і надзеяў, раптам пачалося новае пераследванне. Яно было апошнім, але жудасным. Толькі пабудаваныя храмы былі спалены і разбураны, дзялянкі і сады, пад якімі былі катакомбы, канфіскаваны, архівы Царквы канфіскаваны і знічтожаны. Вялікая і цяжкая страта для царкоўнай гісторыі! Напрыканцы 306-га года імператар Максенцій спыніў пераследванне хрысціян, але пахавальніцы ды іх царкоўныя маёмасці былі вернуты толькі праз 5 гадоў. Вядома, што ў часы пераследванняў і разбурэнняў немагчыма ствараць нешта новае, заставаліся толькі надпісы на сценах саркафагаў. Год 313-ы ад Нараджэння Хрыстова лічыцца пачаткам новай эпохі, эпохі верацярпімасці ў адносінах да хрысціян. Такую палітыку пачаў правадзіць імператар Канстанцін. Новая рэлігія заваёўвала грамадную колькасць прыхільнікаў і мела вялікую духоўную моц. Здавалася б, што ў гэтыя часы павінен быў адбыцца першы сапраўдны выбух творчасці, якая мела асаблівы сэнс. Можна было б меркаваць, што хрысіянская іканаграфія пачне развівацца ва ўсіх магчымых накірунках, бо ідэі і практыка хрысціянства ўрэшце змаглі выказвацца свабодна. Але гэта было не так.
Імперыя Канстанціна і яго сыноў, якія пачалі будаўніцтва Хрысціянскай імперыі, пакінула вельмі мала прыкладаў хрысціянскага мастацтва. Масавыя разбурэнні растлумачваюць атсутнасць архітэктурных манументаў узнятых пры Канстанціне. Таму не запісы і не манументы складаюць інфармацыю аб выявах, якія могуць быць прыпісаныя пачынанням гэтага імператара, яго двара, або нечаму іншаму ў першай палове ІV стагоддзя. З тых часоў вядомыя перш за ўсё катакомбы і саркафагі, дзе частка новых пачынанняў засталася адносна невялікай, у параўнанні з традыцыямі ІІІ стагоддзя; хаця засталіся невялікія мазаікі на біблейскі сюжэт, якія верагодна паходзяць з ілюстраваных манускрыптаў аб завяршэнні эпохі Канстанціна, а таксама цудоўны купал маўзалея дачкі Канстанціна – вядомага касцёла Святой Канстанцы ў Рыме.
Вялікая рэдкасць будынкаў, датаваных часамі закону аб талерантнасці, магчыма адлюстроўвае рэальную тагачасную сітуацыю: не засталося ніякіх тагачасных упрыгожванняў на мурах хрысціянскіх храмаў мазаікай або малюнкамі. Аб эпохе гэтага імператара цяпер сведчаць толькі трыумфальныя ды ваенныя рэльефы на знакамітай арке Канстанціна ў Рыме, падобныя на шматлікія тагачасныя імператарскія медалі. Але па яго загаду былі пабудаваны хрысціянскія храмы ў Рыме, Ерусаліме і ў Канстанцінопалі (былой Візантыі), куды ён перанёс сваю сталіцу. Існуе думка, што разам з разбурэннем ідалашанавання, Канстанцін хацеў усталяваць нейкую мяжу паміж фігуратыўнымі малюнкамі і выявамі рэлігіі Хрыста, стварыць адпаведнае мастацтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.