2007-03-10 09:39:34

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг)


Побач з афіцыйнай акцыяй айцец Сіповіч зьвяртаўся асабіста да некаторых больш вядомых асобаў, просячы іхнай дапамогі. 30 ліпеня 1954 году ён пісаў Амбражэю Ондраку, абату бэнэдыктынскага манастыра ў Ляйлі каля Чыкага: «Ha жаль, да сёньняшняга дня Місія наймае памешканьне. У гэтым годзе, з дазволу маіх старэйшых у Рыме, Яго Эмінэнцыі Кардынала Грыфіна i Біскупа Слоскана, Апостальскага Візытатара для беларусаў, я распачаў падпіску на фонд куплі дому для Беларускай Місіі ў Лёндане. Асьмельваюся зьвярнуцца да вас з просьбай...»


25 кастрычніка 1954 году айцец Сіповіч пісаў беларускаму сьвятару ў Нямеччыне Ўладзімеру Салаўю: «Вялікі дзякуй за тваю дасюлешнюю дапамогу для Беларускай Каталіцкай Місіі. Несумненна разьвіцьцё i лёс Місіі блізкія твайму сэрцу, i таму асьмельваюся, пачэсны Ойча, прасіць яшчэ адной ласкі, менавіта каб ты прыйшоў з дапамогаю набыць дом для Місіі (ut adiutorio in emenda domo pro Missione venias). Каб набыць гэты дом, які б задаволіў патрэбы Місіі, трэба 8000 фунатаў. Зборка грошай, пад патранатам Яго Эмінэнцыі Кардынала Грыфіна, арцыбіскупа Ўэстмінстэрскага, ужо пачалася».


Сіповіч прасіў дапамогі ў айца Вэрэнфрыда ван Страатэна, заснавальніка арганізацыі “Дапамога сьвятаром з Усходу” (Oostpriesterhulp). У лісьце за 31 жніўня 1956 году ён пісаў: «Наступная і вельмі важная справа – купля ўласнага дому для Беларускай каталіцкай Місіі ў Англіі (Die nächste und auch sehr wichtige Sache ist der Ankauf des eigenes Hauses fьr die Weissruthenische Katholische Mission in London)... Зьвяртаемся да цябе, дарагі Ойча, i празь цябе да ўсіх дабрадзеяў з просьбай дапамогі... Купля дому для Беларускай Каталіцкай Місіі ня толькі запэўніць існаваньне Місіі, але будзе служыць як духоўны цэнтар для беларусаў усёй Эўропы».


У адказ Ван Страатэн прыслаў 357 фунтаў, што ў той час было значнай сумай.


Ba ўсіх гэтых просьбах i зваротах адсутнічае якая-колечы згадка пра марыянаў. Таму ў дабрадзеяў складалася ўражаньне, што дом, на які яны давалі ахвяры, будзе ўласнасьцю Беларускай Каталіцкай Місіі. Пра сапраўдны стан рэчаў ня ведалі нават самыя блізкія супрацоўнікі айца Сіповіча. Так, 24 сьнежня 1954 году Catholic Herald надрукаваў ліст старшыні БАКА “Рунь” Язэпа Пазьняка пад назовам “Лёнданская Місія” (A London Mission). Яго аўтар высока ўзносіць дзейнасьць Беларускай Каталіцкай Місіі, якая «часова знаходзіцца ў Марыян Гаўз, Гольдэн Авеню, Лёндан N.12 (temporarily established at Marian House, Holden Avenue, London N. 12)... пад разумным i заўсёды прысутным у патрэбе, поўным спагады кіраўніцтвам Айца Сіповіча». Далей Язэп Пазьняк працягвае: «каб забясьпечыць будучыню гэтай карыснай працы... патрэбныя фонды, каб набыць Марыян Гаўз як сталы цэнтар гэтай Місіі» (funds are necessary to acquire Marian House as a permanent headquarters for this Mission).


Айцец Сіповіч зьвяртаўся таксама непасрэдна з просьбаю дапамагчы да кардыналаў Спэльмана зь Нью-Ёрку, Стрытча з Чыкага i Капэльля з Буэнас-Айрэсу. Усе тры лісты, з датаю 31 ліпеня 1954 году, мелі аднолькавы зьмест i пачыналіся такім сказам: «У выніку рэлігійнага перасьледу ў нашай бацькаўшчыне Беларусі, вялікая колькасьць уцекачоў, маіх суродзічаў... пасялілася ў В. Брытаніі». Рэлігійны перасьлед тады сапраўды існаваў у Беларусі і ва ўсёй Усходняй Эўропе, дзе пры ўладзе знаходзіліся камуністы. Аднак ня з гэтай прычыны бальшыня ўцекачоў пакінула сваю Бацькаўшчыну. Таму тое, што казаў Сіповіч, гучала непераканаўча i выглядала на спробу выкарыстаць рэлігійныя пачуцьці асобаў, да якіх ён зьвяртаўся.


У лісьце да кардынала Леркара з Балёніі за 29 чэрвеня 1955 году Сіповіч, папрасіўшы дапамогі, «каб набыць дом для маёй Місіі (per acquistare la casa per mia Missione)», працягваў: «Маю ініцыятыву ўхвалілі i падтрымалі мае непасрэдныя начальнікі, менавіта Яго Эмінэнцыя кардынал Грыфін i Яго Эксцэленцыя біскуп Баляслаў Слоскан». Сіповіч не належаў да Ўэстмінстэрскай дыяцэзіі, i таму кардынал Грыфін ня мог быць ягоным непасрэдным начальнікам: імі былі генэрал марыянаў i сакратар Усходняй Кангрэгацыі. Ніводзін зь ix не ўваходзіў у ганаровы камітэт куплі Марыян Гаўз.


Лісты да кардыналаў не далі чаканых вынікаў i прынесьлі айцу Сіповічу толькі клопаты. Кардынал Спэльман зь Нью-Ёрку пераслаў ягоны ліст i лісту ахвярадаўцаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Кардыналам кіравала звычайная абачлівасьць: напэўна, ён атрымліваў шмат падобных просьбаў і, ня ведаючы асабіста Сіповіча, не жадаў, каб ягоная ахвяра трапіла ў ня тыя рукі. Айцец Сіповіч не чакаў такога павароту справы. На збор грошай дзеля патрэбаў Місіі мусіла даць дазвол Усходняя Кангрэгацыя. Сіповіч яго не атрымліваў, бо хоць у звароце да ахвярадаўцаў гаварылася пра куплю дому для Беларускай Каталіцкай Місіі Ўсходняга Абраду, у сапраўднасьці (пра што не казалася) ён меў заставацца ўласнасьцю марыянаў. Такім чынам, Сіповіч трапіў у досыць непрыемную сытуацыю. Відаць, каб пазьбегнуць падобных прыкрасьцяў у будучыні, у сваім лісьце за 28 жніўня 1954 году да айца Яна Тарасэвіча Сіповіч настойваў, каб беларусы ў Чыкага абавязкова пайшлі да кардынала Стрытча, бо, як ён пісаў, «калі вы ня пойдзеце i ня выясьніце справы, я баюся, што ён мой ліст i просьбу перашле ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рым, i тады страціцца шмат часу i паперы на розныя выясьненьні».


Амаль праз тры гады, 15 траўня 1957 году, Сіповіч пісаў да доктара Станіслава Грынкевіча ў зьвязку з прапановай аднаго амэрыканскага сьвятара, Мартына МакДонафа, выстарацца яму дапамогу ў біскупа Філядэльфіі: «Вяртаючыся да справы Марыян Гаўз... жадаю... зьвярнуць увагу на некаторыя важныя абставіны. Трэба помніць, што на звычайную душпастырскую працу сярод беларусаў я атрымоўваю дапамогу сталую ад Айца Сьв. праз Усходнюю Кангрэгацыю. Гэтай дапамогі, аднак, мне зусім не выстарчае на куплю дому. Калі, аднак, a. Марцін МакДонаф жадае пайсьці да біскупа i прасіць мне аб сталую дапамогу, то трэба перш упэўніцца (у дыскрэтнай гутарцы з а. Марцінам), ці той біскуп не пачне наводзіць “спраўкі” адносна маёй Місіі i розных яе запамогаў. Я не баюся нічога, але гэтакія спраўкі звычайна вядуць у Рым, а Рым кажа: “Прысылайце нам грошы, а мы будзем дапамагаць сваім сьвятаром”. Гэтак мне ўжо здарылася з кард. Спэльманам, якому паслаў лісту, i тую лісту той пераслаў у Рым. А Рым так i астаўся нясьпешлівым Рымам...»










All the contents on this site are copyrighted ©.