Вялікі Марк Шагал зноў раскрые свае ВІЦЕБСКІЯ вокны ў Рыме. У самым сэрцы Вечнага
горада - Віктарыяне - адкрываецца выстава славутага ўраджэнца Беларусі. "Ён пакінуў
сваіх людзей, каб убачыць вялікі свет і стацца мастаком"
Так піша ў прэстыжнай каталіцкай газеце "Аввенірэ" італьянскі мастак і музыкант
Моні Авадзія.Ён называе яго палотны "колерамі духоўнасці", якія для нас спалучаныя
з тым, што так мучыць ва ўсходнім юдаізме , цудоўным дзеля сваёй глыбіні і хрумкасці.
Гэты "маленькі юдэй" прыгожы глыбінёй свайго ўнутранага свету; надта гуманны для
планеты, заражанай глупствам і насіллем. Мастацтва было ягоным пакліканнем ад дзіцячых
гадоў. Каб ажыццявіць сваю мару маленькі Марк звярнуўся з гарачай малітвай да каталіцкага
святога - Бенедыкта, ахоўніка выгнаннікаў. Віцебскі яўрэйскі хлопчык на рагу стагоддзяў
заклікаў Бога праз San Benedetto :"Зрабі так, каб мая пакутная душа хлопчыка-заікі
абудзелася, пакажы мне шлях. Не хачу быць як усе, хачу бачыць новы свет". І, як мы
бачым, - піша аўтар,- Сан Бенедэтто, ахоўнік вандраўнікоў, пачуў ягоную малітву.
Марк збег са свайго маленькага свету - выключнага, але абважанага забабонамі, галеччу,
адсталасцю, і накіраваўся ў цывілізаваны свет - каб удзельнічаць, піша італьянскі
аглядальнік, ў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Разам з Маякоўскім і Меерхольдам
- двума тагачаснымі першаадкрывальнікамі рэвалюцыйнага авангарду, ён быў прызначаны
кіраўніком, а затым камісарам па мастацкай частцы ў Віцебску, ў сваім родным горадзе.
Там разам са сваімі студэнтамі ён адзначыў першую гадавіну бальшавіцкага Кастрычніка
тым, што размаляваў сваімі фігурамі ў палёце сцены дамоў і забораў. Але палітыкі
ўжо больш не леталі, яны жадалі моцна ўсталявацца на зямлі і мець свае партрэты як
іконы сацрэалізму..." Італьянскі аўтар ў патэтычным тоне апісвае далейшыя прыгоды
Шагала: ён збягае ў Парыж субратоў па мастацтве - Матыса і Пікасо, каб завершыць
сваё падарожжа ў Ерусаліме. Але, як зазначае Моні Авадзіа, ужо "не вандраўніком-яўрэем
хрысціянскага праклёну, але такім яўрэем,які быў асвячаны выгнаннем ў вымярэнні, дзе
і Езус Хрыстус ёсць толькі маленькім яўрэем, якога распнулі ў ягонай самай безабароннай
і апошняй праўдзе разам са сваім народам ненавіснікі чалавека. Марк Шагал намаляваў
і выявіў усё гэта і тым самым стварыў цуд жывапіснай матэрыялізацыі гэтага выключнага
свету"...Так Фпіша аўтар у каталіцкай газеце " Avvenire", запрашаючы ўсіх яшчэ раз
параздумваць над жыццём уласнае душы ля палоцен і стампаў вялікага віцебляніна.