2007-03-03 10:11:05

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


5 лістапада 1952 году айцец Сіповіч напісаў у генэральную раду марыянскага закону наступную заяву: «Пасьля доўгай развагі перад Богам, маючы на думцы большую славу Божую i Блаславёнай Дзевы Марыі, а таксама лепшае асягненьне мэтаў нашага закону сярод беларусаў на выгнаньні, менавіта даць магчымасьць заснаваць законны дом (г. зн. кляштар. – А.Н.) беларускіх айцоў марыянаў (ut possibilitas domui religiosae Marianorum Alboruthenorum praeberetur), ніжэй падпісаны прапануе: Набыць, г. зн. купіць для Беларускай Micii дом, які знаходзіцца на Гольдэн Авэню, Лёндан N.12 i называецца Марыян Гаўз, разам з гародам i мэблямі, за цану 8200 фунтаў. Умовы куплі наступныя: сума 4000 фунтаў сплочваецца на працягу трох гадоў ад часу, калі Галоўная Рада дасьць сваю згоду. Пасьля таго, як сума 4000 фунтаў сплочаная летувіскім айцом марыянам, тытул уласнасьці Марыян Гаўз фармальна пераходзіць да Беларускай Micii. Апошнія 4200 фунтаў неабходна сплаціць на працягу наступных трох гадоў разам з 2,5% ад сумы, якую застаецца заплаціць. Пасьля куплі Марыян Гаўз уласнасьць бізантыйска-славянскай капліцы пераходзіць канчаткова да Беларускай Micii».


Думка купіць Марыян Гаўз для беларусаў нарадзілася ў айца Сіповіча даволі рана, хоць ён не казаў пра гэта нікому, апроч блізкіх прыяцеляў, якім мог даверыцца. 11 верасьня 1952 году ён пісаў айцу Гарошку: «Трэба выкупіць для Беларускай Micii Марыян Гаўз. Гэта вельмі важная, але i цяжкая справа». Думка надзвычай сьмелая, бо ў тым часе Сіповіч ня меў ніякіх фондаў і даходаў, апрача маленькай дапамогі ад Усходняй Кангрэгацыі. Але, калі яму нельга было адмовіць у сьмеласьці ды ініцыятыве, дык, відаць, не хапіла дасьведчаньня i разважнасьці, каб дакладна абмеркаваць праект i такім чынам пазьбегнуць у будучыні – калі не для сябе, то для сваіх наступнікаў – значных прыкрасьцяў i канфліктаў.


У вышэй згаданым лісьце можна вылучыць два істотныя пункты:


1. Дом купляецца для Беларускай Micii;


2. Гэта будзе законны дом (кляштар) беларускіх айцоў марыянаў, якім даручаная праца Місіі.


Тут адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць яснага падзелу між дзьвюма ўстановамі: Беларускай Каталіцкай Місіяй i законам айцоў марыянаў. Місію засноўвала Кангрэгацыя для Ўсходніх Цэркваў дзеля пастырскай апекі над беларусамі каталікамі ў Англіі. Першым яе рэктарам быў айцец Чэслаў Сіповіч, які належаў да закону айцоў марыянаў. Але гэта не азначала, што ягоным наступнікам таксама мусіў быць марыянін, як гэта бачылася Сіповічу. I вось тады паўставала пытаньне, хто ўласьнік Марыян Гаўз: калі Місія, то марыяне заставаліся без свайго кляштару; калі ж марыяне, дык місія магла апынуцца на вуліцы. Магчыма, праз гэтую юрыдычную няяснасьць марыянскія ўлады ў Рыме не сьпяшаліся з адказам. Пачакаўшы адзін год, 30 кастрычніка 1953 году Сіповіч паўтарыў сваю просьбу, але ў крыху зьмененай форме: «Я заўсёды цьвердзіў i цьверджу, што сужыцьцё i супрацоўніцтва дзьвюх установаў, менавіта беларускай i расейскай, у адным доме практычна немагчымае... Каб разьвязаць гэтае пытаньне, я зрабіў прапанову ўважаць Марыян Гаўз як ядро законнага дому беларускіх айцоў марыянаў (Ad solvendam questionem proposui “Marian House” qua cellulam Domus Religiosae Marianorum Alboruthenorum considerare) i як такі купіць яго ад летувіскіх айцоў марыянаў на працягу чатырох гадоў за цану 8200 фунтаў. Калі будзе на гэта згода, пакорна прашу Генэрала i Галоўную Раду даць дазвол на зборку грошай».


Гэтым разам яму не давялося доўга чакаць. 31 сьнежня 1953 году ён атрымаў ліст, падпісаны генэралам марыянаў Уладыславам Мрочакам i галоўным сакратаром Янам Сакявічусам: «Каб задаволіць тваю просьбу за 30 кастрычніка 1953 г., пасьля атрыманьня згоды нашай Рады 25 лістапада 1953 г., мы даем табе дазвол купіць у Лёндане маёмасьць летувіскай правінцыі, што называецца “Марыян Гаўз”, з мэтаю заснаваць у будучыні законны дом беларускіх айцоў марыянаў (ut ibi in futuro Domus Religiosa Marianorum Alboruthenorum fundetur), i дзеля асягненьня гэтай мэты мы даем табе права зьбіраць грошы, пад умоваю, што ўсё будзе згодна з патрабаваньнямі нормаў сьвятых канонаў i нашых канстытуцыяў».


Апошнія два дакумэнты ясна паказваюць, што купля Марыян Гаўз мела быць прыватнай справай між беларускімі i летувіскімі марыянамі. Пра Беларускую Каталіцкую Місію няма нават згадкі.


Атрымаўшы дазвол ад сваіх марыянскіх уладаў, Сіповіч зь вялікім імпэтам пачаў зьбіраць грошы. Быў створаны Фонд Беларускай Каталіцкай Місіі (з назовамі па-ангельску The Whiteruthenian Catholic Mission Fund i па-француску Le Fond de la Mission Catholique Biйlorussienne) пад патранатам архібіскупа Ўэстмінстэрскага кардынала Грыфіна. Ганаровы камітэт Фонду складаўся зь 15 беларусаў ды іхных прыяцеляў з розных краінаў сьвету на чале зь біскупам Баляславам Слосканам. Ад імя Фонду надрукавалі падпісныя лісты “дабрадзеяў Марыян Гаўз” (Benefactors of Marian House, Bienfaiteurs de Marian House) для зьбіраньня ахвяраў. На адвароце лістоў падаваліся тлумачальныя тэксты на трох мовах: ангельскай, францускай i беларускай. Вось беларускі тэкст: «Беларуская Каталіцкая Місія, якая вядзе ад 1947 г. душпастырскую, харытатыўную i культурна-грамадзкую працу сярод беларусаў у В. Брытаніі, ня мае дагэтуль собскага прыпынку. Таму з дазволу i багаславенства царкоўных уладаў прыступіла ў гэтым годзе 1954 – асабліва пасьвячаным Найсьвяцейшай Дзеве Марыі – да зборкі грошы на куплю д о м у, у якім яна сяньня знаходзіцца, a які сваім імям мае славіць Марыю: MARIAN HOUSE. На закуп Марыян Гаўз трэба восем тысяч ангельскіх фунтаў. Гэтым зьвяртаемся з гарачай просьбай дапамогі да суродзічаў беларусаў i да ўсіх тых, хто разумее патрэбы беларускага жыцьця на чужыне. Кожнага году ў дзень Унебаўзяцьця Н. Д. Марыі, 15 жніўня, за ўсіх дабрадзеяў Марыян Гаўз будзе адпраўлена сьвятая Багаслужба».









All the contents on this site are copyrighted ©.