2007-02-24 11:40:48

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг)


Біскуп Слоскан быў вельмі незадаволены крытыкаю папскай энцыклікі “да народаў Расеі”. 5 сьнежня 1952 году ён пісаў айцу Гарошку: «Уважаю, што гэта супраць майго перакананьня заўсёды паказваць Сьвяц. Айцу нашае незадаваленьне i нашу баязьнь». Ён ня бачыў нічога дрэннага ў тым, што яго прызначылі для беларусаў i расейцаў, i не разумеў крытыкі ліста “Да народаў Расеі”: «Вы пішаце аб уражаньні, якое выклікала пасланьне Сьв. Айца. Я чытаў гэтае ўражаньне ў Бацькаўшчыне i Беларускай трыбуне. Гэтыя людзі ніколі не зразумеюць Царквы як Regnum Dei (Валадарства Божае. – А.Н.)... Усе гэтыя закіды Сьв. Айцу ёсьць вынік нянавісьці да расейскага народу i ўся ix фармуліроўка сьведчыць аб гэтай нянавісьці... Першай віноўніцай гэтага пасланьня ёсьць Царыца Нябесная, Прэбагаславёная Маці Божая Марыя. У сваім зьяўленьні ў Фаціме ў 1917 годзе яна абяцала, што калі веруючыя будуць маліцца, дык Расея se convertira (навернецца. – А.Н.). Але ў сваім зьяўленьні Богамаці не адкрыла: а) што Яна разумее пад словам Расея, б) як трэба разумець слова se convertira... Маці Божая паставіла нібы ўмову навярненьня Расеі – яе пасьвячэньне непарочнаму сэрцу Марыі... Адтуль вышла пастанова пасьвячэньня Расеі сэрцу Богамаці. I Сьв. Айцец ня іначай бярэ пасьв(ячэньне) як у тым сэнсе, у якім яго бярэ Прачыстая – а нам, грэшным, ня трэба знаць omnia secreta Matris Dei (усе тайны Божай Маці)». Слоскан сканчае свой ліст словамі: «Прышла пара мне пачаць сваёй грудзьдзю бараніць Сьв. Айца, калі ўкраінцы i беларусы пачалі кампрамітаваць намесьніка Хрыста на радасьць цёмным сілам».


Айцец Гарошка адказаў 8 сьнежня: «Ужо сам факт, што падаючы аб Вашай намінацыі, нельга падаць да агульнага ведама даслоўнага тэксту намінацыйнага дэкрэту, гаворыць аб тым, што з гэтаю намінацыяю ня ўсё ў парадку, i гэта неабходна выясьніць якраз людзям, якія той дэкрэт падпісалі... Выказваць кардыналам i асабліва Сьвяц. Айцу ўсё тое, што нам баліць, ёсьць нашым абавязкам. Да каго ж нам зьвяртацца з нашымі рэлігійнымі клопатамі, як не да яго?.. Гісторыя паўстаньня ліста “да народаў Расеі” ведамая, але бяда ў тым, што якраз у гэтую гісторыю расейскі імпэрыялізм усадзіў свае тры грошы, бо зусім іншая справа “Расея” у фацімскім аб’яўленьні, a іншая справа “народы Расеі”. На маю думку, няма нічога больш небясьпечнага, як калі нядобрыя людзкія думкі прыкрываюцца аўтарытэтам сьвятасьці, у даным выпадку аўтарытэтам Багародзіцы i Сьвяц. Айца. А дзе ж у якім аб’яўленьні Багародзіца карысталася двузначнаю палітычнаю тэрміналёгіяю? Ці ж Багародзіца ведае толькі Расею, а ня ведае ані Беларусі, ані Ўкраіны?.. Зрэштаю для нікога ня ёсьць сакрэтам, што пасланьне ўкладаў рэктар “Русікум”, а. Вэттэр, i не паводле фацімскага аб’яўленьня, але паводле таго духу, які пануе ў гэтай установе... Аб тым, што хацелі правесьці расейскія прыслужнікі праз успомненае пасланьне, можна бачыць зь іхнае прэсы i камэнтароў, а яны маюць найвыразьней палітычную афарбоўку... Што да вашае апошняе заўвагі, быццам беларусы i ўкраінцы пачалі кампрамітаваць намесьніка Хрыста, дык тут трэба прызнаць хіба нейкае вялікае непаразуменьне, бо ж лісты, рапарты i нават пратэсты, якія ідуць у Рым у зьвязку з тым пасланьнем, маюць на мэце не кампрамітаваць Рым, а якраз бараніць аўтарытэт Сьвяцейшага Айца перад расейскімі служкамі, каб не выкарыстоўвалі яго для нячэсных палітычных мэтаў. Я... не магу спакойна глядзець на тое, як служкі расейскага імпэрыялізму прадзерліся са сваімі ненасытнымі аспірацыямі аж да найвышэйшага царкоўнага аўтарытэту. Уважаю, што найвышшы час даць ім такі адпор, на які заслужылі».


Востры абмен думкамі, відаць, быў патрэбны, каб разрадзіць напругу: ён зусім не пашкодзіў прыяцельскім дачыненьням Гарошкі i Слоскана i дапамог апошняму зразумець становішча беларусаў.


Верны шматвяковай традыцыі, Рым публічна не прызнаў сваёй памылкі. Тым ня менш пратэсты i дамаганьні не засталіся незаўважанымі. Слоскана ня вызвалілі ад абавязкаў візытатара для расейцаў, але пра гэта пакрысе быццам забыліся. У беларускіх часопісах Божым шляхам i Зьніч зьявіліся афіцыйныя паведамленьні пра ягонае прызначэньне візытатарам для беларусаў (ня згадваючы зусім пра расейцаў). 14 лютага Кансыстарыяльная Кангрэгацыя ад імя Папскай Камісіі для эмігрантаў прызначыла Слоскана Дырэктарам місіянераў для беларускіх эмігрантаў у Заходняй Эўропе (Director Missionarium Alboruthenorum in Europa ad Occidentem versa), такім чынам даючы яму юрысдыкцыю над беларускімі каталікамі рымскага (лацінскага) абраду. З нагоды ягонага 60-годзьдзя ў Зьнічы зьявіўся пра яго артыкул, a Божым шляхам пачаў друкаваць (у рэдакцыі айца Гарошкі) успаміны Слоскана з 20-х i пачатку 30-х гадоў, г. зн. з часоў ягонай працы ў Беларусі i зьняволеньня ў савецкіх турмах i лягерох. Гарошка пісаў 28 сакавіка 1953 году Сіповічу: «Сёньня бачыўся з біск. Слосканам, але ён тут затрымаўся ўсяго 3 гадзіны... Затое абяцаў калі небудзь спэцыяльна адведаць беларусаў i абяцаў прыехаць у Лёндан... З гэтага спатканьня маё такое ўражаньне, што ён больш схільны займацца беларускімі справамі, a расейскія, здаецца, пойдуць на другі плян, бо, напрыклад, аб сваім пераезьдзе праз Парыж нікога з расейцаў не паведаміў».


У 1954 годзе айцец Францішак Чарняўскі пераехаў з Францыі ў Бэльгію. Ён жыў у абацтве Mont Cйsar у Лювэне, выконваў абавязкі беларускага сакратара біскупа Слоскана i займаўся пастырскай дзейнасьцю сярод беларусаў у Бэльгіі i паўночнай Францыі. Беларускія каталіцкія студэнты Лювэнскага Ўнівэрсытэту прыходзілі ўкраніцы прыслугоўваць Слоскану да Імшы.


Біскуп Слоскан прысутнічаў амаль на ўсіх тыднях студыяў БАКА “Рунь”, цікавіўся беларускімі студэнтамі багаслоўя (сэмінарыстамі), што рыхтаваліся да сьвятарства. У 1960 годзе ён адыграў значную ролю ў справе біскупства Чэслава Сіповіча.


У 1953 годзе аўтар гэтых радкоў наважыўся стаць сьвятаром i напісаў у гэтай справе заяву ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рыме. У тым часе Рым быў адзіным месцам у Заходняй Эўропе, дзе месьціліся ўстановы (калегіі) для ўзгадаваньня “ўсходніх” сьвятароў. Ня маючы ніякай ахвоты ісьці ў Русікум, куды звычайна пасылалі беларускіх студэнтаў, ён прасіў, каб яго прынялі ў Грэцкую калегію, якая мела моцныя гістарычныя сувязі зь Беларусьсю з часоў Вуніі. Ён аддаў заяву ў рукі айца Сіповіча, але той меў некаторыя сумневы. А. Чэслаў пісаў айцу Гарошку 9 траўня 1953 году: «А. Надсон ужо злажыў на мае рукі заяву аб уступленьне ў Грэцкую калегію ў Рым. Ён жадае пайсьці на сьвецкага сьвятара. Гэта яго собскае рашэньне, i хай Бог багаславіць. Усё ж такі пакуль што я затрымаю яго заяву i пачакаю на твае заўвагі ў гэтай справе». Гарошка адказаў 12 траўня: «Калі Надсон злажыў заяву ў Грэцкую Калегію, дык i падавай яе па адрасу. Выбар вельмі добры i няма патрэбы над гэтым доўга разважаць». Усходняя Кангрэгацыя задаволіла просьбу безь ніякіх цяжкасьцяў. Гэта яшчэ адзін малы доказ, што стаўленьне да беларусаў у Рыме зьмянілася.








All the contents on this site are copyrighted ©.