"-...майстру ДжанАнжэло - 10 скудо за ключ да куфра ў пакоі базілікі святога Пятра
, дзе жыве маэстро МікельАнжэло"-- такі кароткі запіс з ліста выплат за працу даказвае,
што вялікі скульптар, архітэктар і мастак жыў сапраўды ў самім старым саборы,узведзеным
імператарам Канстантынам у 4-м стагоддзі.
Італьянскія СМІ цытуюць гэты радок з каштарысу амаль паўтысячагадовай даўніны, каб
данесці да шырокай аўдыторыі думку экспертаў, што вялікі майстар жыў сапраўды ў тагачасным
ведамстве " Fabbrica di San Pietro", якое дагэтуль адказвае за будаўніцтва, рэстаўрацыі
і ўсе работы на тэрыторыі 44 га Дзяржавы Ватыкан, аколенай старажытнымі мурамі. Цяпер
на гэтым месцы знаходзіцца ватыканскі архіў. Аб месцы пражывання флярэнтыйца Мікелянжэло
Буанароцці ў Рыме не было вядома нічога дакладнага. Меркавалася, што ягоны дом быў
непадалёк ад будаўніцтва новага сабору. Напрацягу стагоддзяў факт існавання таямнічага
пакоя Мікелянжэла нараджаў чуткі і легенды. Хутчэй за ўсё, гэта на самой справе быў
невялікі пакой, куды не маглі патрапіць чужыя людзі і адкуль волат Адраджэння незаўважаным
мог спусціцца па лесвіцы непасрэдна на будоўлю новай базілікі, дзе ад 1547 па 1564
гады Мікелянжэло Буанароцці быў галоўным архітэктарам . Тое, што ён у гэтым перыядзе
жыў менавіта пад скляпеннямі старой, Канстантынаўскай базілікі, і пацвярджае фраза
з рукапісу 1557 года, які нядаўна выявілі навукоўцы ў бясконцых ватыканскіх архівах.
Прыгадаем, што будаўніцтва цяперашняй цудоўнай базілікі Святога Пятра ў Рыме - галоўнай
святыні над магілай Першаапостала ўсіх хрысціянаў, вялося ад закладання першага камяню
ў 1505 годзе да каланады работы архітэктара Джан Лоренцо Берніні, завершанай у 1667
годзе. У распрацоўцы праекта і карэкцыях удзельнічалі найвялікшыя дойліды Адраджэння.