2007-02-17 10:54:53

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг )


Дарэчы, айцец Гарошка, відаць, разгубіўшыся i добра не падумаўшы, падаў у Божым шляхам кароткую вестку пад назовам “Ліст Сьвяцейшага Айца Пія XII да расейскага народу”, у якой было сказана, што «Сьвяцейшы Айцец пасьвячае расейскі народ непарочнаму Сэрцу Дзевы Марыі»95. Гэта не зусім адпавядала праўдзе, бо ў папскім дакумэнце гутарка ішла не пра “расейскі народ”, а пра “народы Pacei”. Гэта зазначыў айцу Гарошку айцец Сіповіч у лісьце за 9 кастрычніка: «Калі ідзе аб ліст Сьв. Айца – дык тут трудна спрачацца. “Украінцы пішуць супроць, а чаму вы маўчыцё?”. Я бачыў у L’Osservatore Romano, што ў Civiltа Cattolica ёсьць артыкул а. Гэрмана, які бароніць пазыцыі Ватыкану. Я жадаў бы мець гэты нумар... Я ня ведаю, але магчыма, што трэба было б напісаць у Божым шляхам штосьці спакойнага яшчэ раз, але называючы справу па імені. Гэта нядобра, што ты напісаў у апошнім нумары Б. шл.: “Ліст... да расейскага народу”. Гэта няпраўда. Толькі трэба напісаць вельмі спакойна ў Сэкрэтарыят стану, я думаю, няхай напіша кожны з нас аддзельна».


Так i зрабілі. Айцец Гарошка напісаў ад свайго імя пратэст 25 лістапада 1952 году i паслаў яго наўпрост Сьвятому Айцу, a копію ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Вось некалькі ўрыўкаў з гэтага ліста: «Мінула ўжо чатыры месяцы ад выхаду Вашага ліста “Sacro vergente anno” да народаў Расei... Беларусы (аднолькава каталікі i праваслаўныя) адчулі сябе балюча закранутымі, убачыўшы сябе залічанымі да расейскіх народаў. У сапраўднасьці расейцы для беларусаў зьяўляюцца найбольшымі прыгнятальнікамі; таму зразумела, што ім невыносна насіць імя сваіх прыгнятальнікаў... Я хацеў бы сказаць Вам больш ясна, чаму фраза “народы Pacei”... зрабіла такое ўражаньне сярод беларускай эміграцыі. Трэба зазначыць, што якраз гэтай фразай маніпулююць расейскія імпэрыялісты, якія хочуць захаваць уладу над народамі, паняволенымі праз СССР... Беларускія вернікі ўважаюць Вашую Сьвятасьць бацькам усіх народаў. Беларусы ўпэўненыя, што, як бацька сям’і называе кажнае са сваіх дзетак па імю, так i Ваша Сьвятасьць, зьвяртаючыся да беларускага народу, будзе ўжываць сапраўднае імя гэтага народу... Я прашу Вашую Сьвятасьць знайсьці спосаб направіць шкоду, зробленую лістом “да народаў Pacei” сярод беларускай эміграцыі. Можна было б скарыстаць з гэтай нагоды, каб назначыць Апостальскага Візытатара для адных толькі (г. зн. асобна ад расейцаў. – А.Н.) беларускіх эмігрантаў каталікоў абодвых абрадаў... i сказаць пры гэтай нагодзе эмігрантам некалькі слоў». Гэтыя моцныя, хоць ня вельмі дыпляматычныя словы, відаць, трапілі ў мішэнь, бо 15 сьнежня Гарошка атрымаў востры ліст ад сакратара Ўсходняй Кангрэгацыі кардынала Тысэрана, у якім той пісаў: «Не ўважаючы патрэбным уваходзіць сутнасьць такой просьбы, лічу маім абавязкам даць вам зразумець, што кожны раз, калі вы жадаеце данесьці нешта да ведама Сьвятога Айца, будзе добра рабіць гэта звычайнай дарогай, менавіта праз гэтую Сьв. Кангрэгацыю, якая мажліва прадставіць справу Высокаму Пантыфіку (Augusto Pontefice), дапаўняючы яе іншымі заўвагамі паводле свайго ўзгляду».


Айцец Сіповіч выказаў сваю думку пра папскі ліст “да народаў Расеі” ў лісьце на італійскай мове за 6 сьнежня 1952 году ня проста Сьвятому Айцу, але апостальскаму дэлегату ў Англіі, просячы выкарыстаць яго так, як уважае найлепш. Да свайго ліста ён дадаў тэксты адпаведных артыкулаў зь беларускае прэсы. Ён апісаў таксама рэакцыю беларусаў у Англіі: «Пасьля выхаду ў сьвет Апостальскага ліста да народаў Расеі дзьверы дамоў многіх праваслаўных братоў былі зачыненыя для каталіцкага сьвятара. У Манчэстары беларуская грамада не хацела нават сустрэцца са мною; некаторыя сябры Згуртаваньня Беларусаў (сябрам якога я таксама зьяўляюся) напісалі зьняважлівыя лісты супраць Каталіцкай Царквы, Папы i супраць мяне... У Брадфардзе... са злосьцю i сарказмам паказвалі мне ліст Папы “да народаў Расеі”, паўтараючы ўсьцяж пра крыўду, зробленую беларускаму народу... Тое самае адчуваецца i ў Лёндане... Ніводзін праваслаўны не прыходзіць больш у маю капліцу на Гольдэн Авэню. Каталікі, разгубленыя, ня кажуць нічога зьняважлівага супраць Сьвятой Царквы, але чуюцца прыбітымі лістом Сьвятога Айца».


На думку Сіповіча, незадаволенасьць перадусім выклікалі: неадпаведная перастарэлая тэрміналёгія; гістарычная няпраўда; рэакцыя расейцаў, якія зразумелі ліст папы як ухваленьне іхных палітычных поглядаў; i камэнтары ў афіцыйным Ватыканскім органе L’Osservatore Romano, якія яшчэ больш заблытвалi і без таго складаную сытуацыю.


Канчатковыя высновы айца Сіповіча ўяўляюць немалую цікавасьць. Спаслаўшыся на артыкул з L’Osservatore Romano за 3 жніўня 1952 году, у якім гаворыцца пра “Ліст да народаў Расеі” як пра “адну з найбольш выдатных падзеяў у Царкве i ва ўсім Хрысьціянскім сьвеце” (tra i piщ straordinari eventi religiosi della Chiesa e della Cristianitа), ён працягвае: «Мне балюча сказаць, што тыя, да каго гэты ліст быў зьвернуты, думаюць інакш. Усе беларускія i ўкраінскія часопісы прызнаюць вялікі аўтарытэт Папы, але адначасова выказваюць сваё расчараваньне гэтым дакумэнтам, які мусіў стацца паваротным пунктам у рэлігійнай скіраванасьці славянаў. Маё сьвятарскае сумленьне змушае мяне сказаць, што, на маю думку, ліст “да народаў Расеі” праз доўгія гады для 30 мільёнаў украінцаў i 10 мільёнаў беларусаў будзе найбольшай перашкодай на шляху да еднасьці з Рымскім Пасадам. Гэта вельмі балюча для нас, сьвятароў, нягодных але верных слугаў Сьвятое Царквы, якая дала нам уладу працаваць для збаўленьня душаў»96.


Айцец Сіповіч даў, мабыць, найбольш шырокую i глыбокую ацэнку папскага дакумэнту. Ён зыходзіў зь меркаваньняў пастырскага парадку i справядлівасьці для свайго народу. Яму прыйшлося нялёгка, бо ў той час усякая крытыка папы, асабліва з боку параўнаўча маладога i невядомага сьвятара, лічылася нечуванай сьмеласьцю. Каб “застрахавацца” ад магчымых абвінавачаньняў у неляяльнасьці, у канцы ліста ён дадаў на лацінскай мове дэклярацыю вернасьці Сьвятой Царкве i Наступніку Сьвятога Пятра. Ён пісаў: «Мой намер – паінфармаваць тых, каму належыць гэта ўсё ведаць. Тое, што я думаю пра Сьвяты Пасад i пра Найвышэйшага Пастыра хрысьціянаў, я казаў адкрыта шмат разоў, а таксама не адзін раз бараніў паводле маіх сілаў ягоны аўтарытэт у [маіх] пісаньнях... Калі нешта ў маіх заўвагах непраўдзівае або фальшывае, хай будзе папраўлена, i хай прабачаць іхнаму пакорнаму аўтару. Пісаў я гэта ўсё, абцяжараны сумам, што ліст Найвышэйшага Пантыфіка “Sacro vergente anno” меў сярод майго беларускага народу адваротны вынік ад таго, які жадаў Найсьвяцейшы Аўтар... Дзеля павелічэньня i ўзмацненьня маёй веры... з асабліва моцнай i непахіснай вераю прымаю i вызнаю ўсё, што Паўсюдныя Саборы Флярэнцкі i Ватыканскі ўстанавілі, менавіта: [што] Рымскі Пантыфік зьяўляецца сапраўдным намесьнікам Хрыстовым i Галавой Царквы, i айцом i настаўнікам усіх хрысьціянаў; i [што] яму, [праз загад] блаславёнаму Пятру пасьвіць [Ягоныя авечкі], была дадзеная ад Ісуса Хрыста, Госпада нашага, поўная ўлада панаваць i кіраваць усёй Царквой»97.










All the contents on this site are copyrighted ©.