2007-02-12 13:23:41

Папа Пій ХІІ а Галакост


Супрацоўніцтва Папы Пія XII з нацыстамі – гэта выдумка КГБ

У шматлікіх краінах сьвету, напярэдадні Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў (18-25 студзеня), адзначаецца ў Каталіцкай Царкве Дзень дыялёгу з Юдаізмам. У кантэксьце духоўнага збліжэньня хрысьціянаў і габрэяў Экумэнічная Інфармацыйная Агенцыя (EAI) ды internet-сэрвіс Generation JP2 распаўсюдзілі ў сеціве цікавы матэрыял пра адносіны Папы Пія XII да габрэяў і Халакосту. Ніжэй прапануем чытачам асноўныя часткі таго матэрыялу.
Папа Пій XII ня быў антысэмітам
Хоць ужо колькі гадоў працягваецца беатыфікацыйны працэс Папы Пія XII, у пэўных колах не затухае дыскусыя: ці быў Папа антысэмітам, ці ня быў, ці ратаваў габрэяў, ці – наадварот – быў абыякавы да іх зьнішчэньня.
У найноўшым нумары амэрыканскага часопіса "National Review Online" былы дарадца румынскага дыктатара Нікалаэ Чаўшэску, агент румынскай таемнай міліцыі Сэкурытатэ, генэрал Іён Міхай Пачэпа (які ў 70-х гадох ХХ ст. зьбег у ЗША і папрасіў палітычнага прытулку) прасьвятліў таямніцу «чорнай легенды», якая абвінавачвае Папу Пія ХІІ. Іён Пачэпа сьцьвярджае, што гэта Крэмль і савецкі КГБ сумесна стварылі гэтую легенду, і прызнаецца, што сам удзельнічаў у сфабрыкаваным КГБ падмане стагодзьдзя. Змрочная, вайсковая мінуўшчына Папы Пія ХІІ, які быццам бы халодным вокам глядзеў, як мільёны габрэяў гінуць у газавых камэрах, - гэта фальсыфікацыя, зробленая ў 60-я гады на Лубянцы ў Маскве.
КГБ хацеў дыскрэдытаваць Папу Пія XII
Генэрал Іён Пачэпа інфармуе, што камуністычнаму рэжыму ў СССР вельмі хацелася дыскрэдытаваць памерлага ўжо тады Папу Пія ХІІ, каб паставіць пад сумнеў давер да інстытуцыяў Каталіцкай Царквы. Сьвяты Айцец ужо ня мог сябе бараніць, таму асоба памерлага ў 1958 годзе Папы была тым лягчэйшай мішэньню для камуністаў.
У лютым 1960 г. Мікіта Хрушчоў зацьвердзіў таемны план, мэтай якога быў паступовы падрыў маральнага аўтарытэту Ватыкану. Савецкая выведка імкнулася прадставіць Пія ХІІ як антысэміта, які заахвочваў Гітлера да разьвязваньня Халакосту. Каб дасягнуць мэты, было пастаноўлена між іншым “нязначна зьмяніць” некаторыя арыгінальныя дакумэнты Ватыкану. Планіроўшчыкамі акцыі былі шэфы КГБ і Палітбюро КПСС. Адначасова Крэмль падтрымліваў перасьлед Царквы ў іншых краінах камуністычнага блоку. КГБ ня меў адпаведных дакумэнтаў, на якіх можна было б абаперці свой план. Савецкая выведка ня мела таксама доступу да ватыканскіх архіваў і кантактаў з Ватыканам у адрозьненьне ад Румыніі. Расейцы пастанавілі заангажаваць румынскую выведку DIE, у тым ліку самога Пачэпу, які быў з 1959 году рэзыдэнтам DIE у Федэральнай Рэспубліцы Нямеччына і займаўся фальшаваньнем дакумэнтаў.
Аперацыя супраць Пія ХІІ называлася SEAT-12, а генэрал Пачэпа быў адказны за рэалізацыю “румынскага этапу”. Гэта была шырока задуманая акцыя дэзынфармацыі. Ён фальшыва паінфармаваў Апостальскую Сталіцу, што Румынія зацікаўленая ва ўзнаўленьні дыпламатычных адносінаў з Ватыканам пры ўмове, што Царква адчыніць доступ румынам у ватыканскі архіў, а таксама выдаткуе пазыку на 25 гадоў. (Двухбаковыя стасункі былі разарваныя ў 1951 годзе пад ціскам Крамлю, калі Апостальская Нунцыятура была абвінавачаная ў выведніцкай дзейнасьці на карысьць CIA).
У 1960-62 гадох DIE удалося прагледзець у ватыканскім архіве і апостальскай бібліятэцы сотні дакумэнтаў, якія датычыліся Пія ХІІ. Іён Пачэпа пераслаў дакумэнты ў цэнтралю КГБ. Дакумэнты тыя, на яго думку, не пацьвярджалі вінаватасьць Папы, але маглі быць выкарыстаныя для “лёгкай мадыфікацыі”. Генэрал Пачэпа, як сам сцьвярджае, пазьней даведаўся, што яго матэрыялы былі паддадзеныя “апрацоўцы” і зь іх зроблены сродак барацьбы з Папам. У ролі “выкарыстанага ідыёта” выступіў малавядомы ў той час заходне-нямецкі пісьменьнік Рольф Хохут (Rolf Hochhuth). КГБ перадаў яму матэрыялы пра Папу, а ён на іх падставе напісаў мастацкі твор "Намесьнік" (Der Stellvertreter), выданы ў 1963 годзе. У ёй Папа Пій ХІІ ня толькі не бароніць жыдоў, але яшчэ і заахвочвае Гітлера да працягу Халакосту. Табуны савецкіх агентаў і іх наіўных сяброў разрэклямавалі кнігу як сусьветны бэстсэлер. Яшчэ ў 2003 годзе зьявіўся на яе аснове фільм. Твор быў перакладзены на 20 моваў і стаў галоўным пунктам спасылак для шматлікіх кніжак і артыкулаў, што абвінавачвалі Папу Пія ХІІ у антысэмітызьме.
Забытая аўдыенцыя: заўсёды мусіш ганарыцца, што ёсьць габрэем
У 1941 годзе Пій ХІІ прыняў на аўдыенцыі маладога габрэя, які хацеў прасіць пра дапамогу Папы для сваіх суайчыньнікаў, інтэрнаваных італійскімі фашыстамі. Трымаліся яны ў несчалавечых умовах і галадавалі. У прысутнасьці нямецкіх жаўнераў, якія таксама былі на сустрэчы з Папам, Пій ХІІ два разы ў эмацыянальным тоне сказаў габрэю, каб ганарыўся тым, кім ёсьць. Сытуацыю апісала у красавіку 1944 году выданьне The Palestine Post (The Jerusalem Post), а апошнім разам успамінаў яе часопіс Inside The Vatican.
Паводле Ўільяма Дойна, які знайшоў архіўны тэкст у бібліятэцы Ўнівэрсітэту ў Тэль Авіве, зацемка паходзіць ад ананімнага аўтара. Чаму забытая? Хутчэй за ўсё таму, што ніводны дасьледчык Халакосту яе не працытаваў, а шкада, бо яна мае велізарную вартасьць.
Пад час памятнай аўдыенцыі гэты габрэй быў апошнім з тых, хто быў дапушчаны да Пія ХІІ. Мужчына пачаў гаварыць да Папы па-італійску, але гэта выклікала ў яго вялікія цяжкасьці. Папа сам перайшоў на нямецкую мову, лічачы што гэта родная мова госьця. “Добра зрабіў, прыйшоўшы да мяне з гэтым. Ужо пра гэта чуў. Прашу прыйсьці заўтра з напісанай заявай і перадаць яе майму Дзяржаўнаму сакратару, які зоймецца гэтай справай. А калі казаць пра цябе, мой сын, ты ёсьць маладым габрэем. Ведаю, што гэта значыць, і спадзяюся, што заўсёды будзеш ганарыцца тым, што ты габрэй”, – сказаў Папа. Далей цішэй, але ветлівым голасам сказаў да маладзёна, што ён гэтак сама важны як і каждая іншая чалавечая істота. “А зараз ідзі, мой габрэйскі сябра, ідзі пад апекай Госпада і ніколі не забывай, што мусіш ганарыцца тым, што ёсьць габрэем”, – дадаў.
Невядома, якая была рэакцыя нямецкіх жаўнераў, якія звычайна прымаліся на аўдыенцыі. Inside the Vatican інфармуе, што Гітлер забараніў жаўнерам сустракацца з Папам Піем ХІІ, пасьля таго як даведаўся, што той робіць ім шматлікія заўвагі. Дойна лічыць, што знойдзеная зацемка пацьвердзіць прыхільнае стаўленьне Пія ХІІ да габрэяў і яго негатыўнае стаўленьне да антысэмітызму. Ёсьць гэта асабліва важным для католікаў, якія шмат гадоў імкнуцца да беатыфікацыі Пія ХІІ, якога некаторыя аўтары абвінавачваюць у пасыўнасьці, а нават у прыхільнасьці да гітлераўска-нацыстоўскага рэжыму. (Паводле рэд. Дарыюша Брунча, EAI, Варшава).
* * *
„Маўчаньне” Пія XII
“Абвінавачаньні Пія XII у маўчаньні перад аблічам зьнішчэньня габрэяў пазбаўленыя падставаў,” – сцьвердзіў Дзяржаўны Сакратар Апостальскай Сталіцы кардынал Тарчызыя Бэртонэ. 24 студзеня 2007 году ён узяў слова пад час прэзэнтацыі італійскага выданьня кнігі аднаго з найвыбітнейшых ангельскіх гісторыкаў Марціна Гілбэрта: „Справядлівыя – невядомыя героі Халакосту”.
Кард. Бэртонэ падкрэсьліў, што справы католікаў, якія ратавалі у тыя часы габрэяў, ставяць пад сумнеў абвінавачаньні, быццам Папа Пій ХІІ хацеў супрацоўнічаць з Гітлерам, а таксама тэзы пра каталіцкі антысэмітызм. Каталіцкая Царква, якую разумеем як інстытуцыю, адыграла немалую ролю ў дапамозе перасьледаваным. Па ініцыятыве Пія ХІІ стараліся каардынаваць намаганьні на карысьць ахвяраў вайны, а таксама паказваць верным узор паводзінаў. Ня маецца на ўвазе толькі пошук зьніклых і дапамога для вязьняў. Габрэям, якіх перасьледавалі, дапамагалі ўсімі магчымымі спосабамі.
Кард. Т. Бэртонэ лічыць, што клапатліва сабраная ў кнізе М. Гілберта дакумэнтацыя пацьвярджае, што таксама Пія ХІІ трэба лічыць за аднаго са “справядлівых сярод народаў сьвету”. Яго публічныя прамовы мелі характар стратэгічны, прагнучы ацаліць як найболей чалавечых істотаў, і былі прыстасаваныя да акалічнасьцяў, у якіх выпала Папу выступаць. Царква ўсьведамляе, што непасрэдна пасьля заканчэньня вайны тысячы габрэяў, а таксама ўлады Ізраіля імкнуліся падзякаваць Пію ХІІ за ўмяшальніцтва і абраную стратэгію. Ватыканскі Дзяржаўны сакратар нагадаў, што ўжо ў 1928 годзе ватыканская дыкастэрыя Sanctum Officium асудзіла антысэмітызм.(Паводле Радыё Ватыкан).








All the contents on this site are copyrighted ©.