2007-02-10 10:42:51

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( працяг)


Трывога айца Сіповіча мела падставы. Праз два з паловаю месяцы беларускія сьвятары атрымалі ад біскупа Слоскана лісты з датаю 13 чэрвеня 1952 году з паведамленьнем, што «Сьвяты Айцец назначыў мяне Апостальскім Візытатарам для беларусаў і рускіх усходняга абраду ў краінах Заходняй Эўропы з выняткам Італіі». Слоскан прасіў не распаўсюджваць гэтай весткі, пакуль не атрымае з Рыму інструкцыяў адносна ягонай кампэтэнцыі.


Беларускія сьвятары былі ня тое нават слова, што расчараваныя i прыгнобленыя. Яны атрымалі ўсё, чаго баяліся: беларусаў “усходнікаў” укінулі зноў у адзін кацёл з расейцамі, аддзяліўшы ад ix перш “лаціньнікаў”. Айцец Сіповіч пісаў біскупу Слоскану 17 чэрвеня: «Дзеля таго, што назначэньне выказалася ў зусім нечаканай для нас агаворцы, асьмельваюся заўважыць, што паданьне яго да публічнага ведама павінна быць вельмі добра абдумана. Тое, што В. Эксцэленцыю Апост. Пасад назначыў толькі для беларусаў усходняга абраду, справу вельмі камплікуе».


Як быццам гэтага мала, 5 ліпеня 1952 году, у дзень сьвятых апосталаў славянаў Кірылы і Мятода ў рымскім календары, выйшаў у сьвет “Апостальскі Ліст да ўсіх народаў Расеі” (Epistula Apostolica ad universes Russiae populos) папы Пія XII, вядомы таксама як “Sacro vergente anno”, паводле трох слоў пачатковай фразы “Sacro vergente anno ad felicem exitum” (Як сьвяты год схіляецца да шчасьлівага канца). У лісьце папа пасьвяціў “народы Расеі” бязьвіннаму сэрцу Марыі, Маці Божай. Вось ягоныя словы: «Падобна як некалькі гадоў таму мы пасьвяцілі Бязьвіннаму Сэрцу Багародзіцы Дзевы ўвесь людзкі род, так цяпер у асаблівы спосаб пасьвячаем i аддаем пад апеку Ейнаму Бязьвіннаму Сэрцу ўсе народы Расеі»93.


Ліст прывёў беларусаў i ўкраінцаў у шок. Не таму, што папа аддаў Расею пад апеку Маці Божае, а таму, што ён карыстаўся падазронай палітычнай тэрміналёгіяй. Сапраўды, фраза “народы Расеі” вельмі ж нагадвала старую формулу “Вялікая, Малая i Белая Русь”, так дарагую расейскім імпэрыялістам усіх колераў, якія не прызнавалі беларусаў i ўкраінцаў за асобныя нацыі i адмаўлялі ім у праве на незалежнае існаваньне. Цяпер выглядала, што яны мелі падтрымку з боку галавы Каталіцкай Царквы. Прынамсі так зразумела апостальскі ліст расейская эміграцыйная прэса і, доўга не чакаючы, аднадушна яго ўхваліла. У Рыме ў сьпешным парадку выйшаў вялікім накладам расейскі пераклад ліста.


Рэакцыя беларусаў i ўкраінцаў на ліст “да народаў Расеі” вагалася ад разгубленасьці да абурэньня. Беларускія каталіцкія сьвятары апынуліся ў цяжкім становішчы: застаючыся вернымі сынамі Каталіцкай Царквы, яны не маглі маўчаць, калі дзеілася крыўда іхнаму народу. Аднак цалкам значэньне папскага дакумэнту яны ўсьвядомілі не адразу.


20–27 ліпеня 1952 году ў Лёндане адбыўся другі тыдзень студыяў БАКА “Рунь”. Прысутныя на ім сьвятары скарысталі з нагоды, каб супольна абмеркаваць стан рэчаў, які склаўся пасьля прызначэньня Слоскана візытатарам для беларусаў i расейцаў. Супольна яны выпрацавалі праект ліста да Сьвятога Айца. Напісаць канчатковы варыянт даручылі айцу Сіповічу. 8 верасьня ліст быў гатовы. Падпісалі яго, перасылаючы адзін аднаму па пошце, айцы Гарошка, Сіповіч, Маскалік, Татарыновіч, Чарняўскі i апякун беларускіх студэнтаў у Лювэне Рабэрт ван Каўвэляэрт. Апошнім атрымаў ліст айцец Татарыновіч у Рыме. Падпісаўшы, ён занёс яго ў Ватыканскі Дзяржаўны Сакратарыят. Беларускія сьвятары прасілі Сьвятога Айца пашырыць паўнамоцтвы апостальскага візытатара на вернікаў рымскага (лацінскага) абраду, «расьцярушаных па ўсім сьвеце i ў бальшыні выпадкаў пазбаўленых духоўнай апекі». Далей яны працягвалі: «Застаецца яшчэ адна паважная справа, менавіта паўнамоцтваў (юрысдыкцыі) адной асобы над дзьвюма рознымі i варожымі нацыямі, г. зн. расейцамі i беларусамі... што дзеля шматлікіх прычынаў вельмі нявыгадна. Усім ведама, што расейцы маюць свае палітычныя мэты (“адна непадзельная імпэрыя”) датычна іншых нацыяў, якіх яны паняволілі, i адначасова называюць “ярымі сэпаратыстамі” тых, хто нават законнымі спосабамі намагаецца супраціўляцца іхнай палітыцы. У такіх абставінах прызначэньне аднаго Візытатара для двох народаў выглядае на падтрымку расейскіх палітычных мэтаў. Адно пэўна, што правадыры (лідэры) i актыўныя сябры беларускага грамадзтва прыводзяць гэты аргумэнт супраць нас, нешматлікіх беларускіх сьвятароў, i супраць Сьвятога Пасаду. Таму такое прызначэньне Апостальскага Візытатара, замест таго каб прынесьці жаданую карысьць, стаецца прычынаю нязгоды i сварак паміж двума народамі. Беларусы істотна розьняцца ад расейцаў моваю i характарам... Таму ў духоўных справах патрэбны іншы падыход да беларусаў i да расейцаў, што практычна немагчыма, калі адна асоба прызначаецца для абодвух народаў»94.


Канчатковая рэдакцыя ліста далася Сіповічу нялёгка. Вось што ён пісаў 11 верасня айцу Гарошку: «Працаваў я больш добрых трох дзён i шмат яшчэ астаецца сумніваў. Гэтым лістом мы датыкаем сэрца справы, мы вучым Ватыкан, як ён павінен кіравацца ў царкоўнай палітыцы ў дачыненьні да расейцаў i да нас. Ня ведаю, што ёсьць важнейшым, ці назначэньне нам Бпа Балеслава на Апостальскага Візытатара, ці перакананьне Ватыкану аб памылковай яго пастаноўцы справы».


У сваім звароце да папы беларускія сьвятары не краналі, – хіба толькі ўскосна, – справу ліста “да народаў Расеі”, пра які айцец Сіповіч у лісьце да айца Татарыновіча за 16 верасьня 1952 году выказаўся, што «больш чагосьці няўдалага на працягу ўсіх пантыфікатаў апошніх 50-ці гадоў цяжка знайсьці». У згаданым вышэй лісьце да айца Гарошкі ён таксама закрануў справу папскага ліста: «Ліст Айца Сьв. да народаў Расеі. На маю думку вельмі няўдачны... Якое мы павінны заняць становішча? Думаю, што наш ліст да Айца Сьв. ёсьць пасрэдным адказам. Sapienti sat (таму, хто ведае, дастаткова. – А.Н.). Ёсьць тут у мяне часапіс АBN, дзе ў ангельскай мове ўкраінцы скрытыкавалі гэты ліст. Таксама пісаў мне a. Крэўза, што Ўладыка Бучко вельмі з яго незадаволены. Адно толькі пэўнае, што расейцам ён дагадзіў, бо будуць мець адзін з аргумантаў больш на свой млын».










All the contents on this site are copyrighted ©.