2007-02-06 14:04:34

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


Сёння мы зноў працягнем расказ аб інасказальных выявах старажытных хрысціян, якія такім чынам вызначалі сваю веру. На сценах знакамітых рымскіх катакомбаў, у мазаіках, пахавальнях, саркафагах і лампах першыя хрысціяне часта выяўлялі голуба. Чаму? Бо гэтая птушка была абрана Богам каб пасрэднічаць у вялікіх патаемствах Яго міласэрнасці. Голуб прадвясціў Ною заканчэнне патопу і пачатку міра Бога з людзьмі, у выглядзе голуба явіўся Дух Святы пад час хросту Ісуса. Сам Збавіцель указаў сваім апосталам на голуба, як на абразчык незлаблівасці сказаўшы: «Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы» (Мц. 10,16).
Вядомы старажытны лацінскі паэт Прудэнцый, які жыў раней 410 года пісаў: «Ты для мяне, Хрысце, ёсць голуб моцны/ Ад якога ўлятае птушка, што харчуецца крывёю» (гэта значыць ястрэб – сімвал дябла). Але значэнне выяўленых у катакомбах галубоў рознае. У старажытным пакоі пахавальніцы Люцыны на фрэске, дзе прадстаўлены хрост Ісуса, голуб азначае Духа Святога, з яго дзюбы льецца вада на Хрыста. На магільнай пліце два галубы, якія дзяўбуць вінаградныя гронкі, што нагадвае запавет Збавіцеля: «і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Валадарства, каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Валадарстве Маім». (Лк. 22, 29-30). Той жа сэнс мае выява голуба на абразе Святой мучаніцы Агнэсы – Святы Дух дае мучанікам моц пераносіць пакуты да канца жыцця. У паданні аб Святым мучаніке Бенігне гаворыцца: «Пасля канчыны яго хрысціяне бачылі, што з цямніцы яго выляцеў голуб, бялейшы чым снег, і зразумелі, што душа святога мучаніка паляцела на неба. Гэты голуб аставіў па сабе такі духмяны водар, што ўсе адчулі подых рая».
Настаўнікі Царквы Кіпрыян і Тэртулліян называлі Святога Духа голубам без жэлчы. Гэтая замілаваная назва нярэдка ў надмагільных надпісах надаецца душы памерлага і наібольш душам нявінных дзяцей. Каля выявы голуба часта пісалі «Душа нявінная, душа простая». Часам галубы азначалі журбу па памёрлых. На адным са старажытных саркафагаў былі знойдзены выявы дзвух галубоў, што сядзяць на дзвух дрэвах, паміж якімі стаіць маці, якая моліцца і смуткуе аб смерці сына. З усіх інасказальных выяў у старажытных рымскіх катакомбах выява голуба была шанавана больш за ўсе выявы, бо першахрысціяне разумелі яе дагматычны і маральны сэнс. Часам знаходзіліся і выявы паўліна з паднятым, распушчаным хвастом. Гэта сімвал уваскрэсення цела і бессмяротнасці душы. Уваскрэсення – таму што зімой гэта птушка страчвае сваё пер’е, а вясной яго аднаўляе. Бессмяротнасці – бо мяса яе, як пісаў блажэнны Аўгусцін, па старажытнаму павер’ю не псуецца.
У пахавальні Святога Марцэліна і Святой Агнэсы выяўлены паўлін, які стаіць на шары з паднятым хвастом.
Гэты шар азначае зямлю, з якой уваскрэсне цела, а кола хваста азначае неба, куды будзе ўзнесены ўваскрослы чалавек. У катакомбах і пахавальніцах былі таксама знойдзены адбіткі ног. Гісторык і даследчык езуіт айцец Лупі так растлумачыў гэтыя знакі. Ведаючы, што ў старажытных язычнікаў пліты з выяўленымі падошвамі ці ступнямі лічыліся знакамі паспяховага вяртання дамоў пасля доўгага і небяспечнага падарожжа, і прыпомніўшы, што на іх напісана па-лаціне: «Шчасліва ісці, шчасліва вярнуцца», а таксама «Паспяховае вандраванне і вяртанне», прыйшоў да высновы, што старажытныя хрысціяне скарысталі язычніцкі звычай выяўляць падобныя эмблемы. Яны выяўлялі падошвы і ступні на пахавальнях сваёй радні ў знак шчаслівага і святога працяга ды заканчэння яго шляху незямнога жыцця.
Калі ж былі выяўлены кніга, пяро, чарнільніца, то гэта азначала рамяство так званага Libraiе, перапісчыка кніг. Сярод хрысціянаў шмат было такіх майстроў, бо патрабавалася шмат экземпляраў Святога Пісьма і твораў Святых Айцоў Царквы для бібліятэк пры храмах і для прыватных асобаў, якія, па выказванню царкоўнага пісьменніка Блаславёнага Ераніма, які жыў каля 420 года, штодзённа харчаваліся духоўнай стравай, гэта значыць чытаннем Закона Божага і думкамі аб ім.
Старажытныя хрысціяне мелі звычай насіць на шыі і на грудзях ладанкі з рэшткамі святых і з абрыўкамі пергаменту з Евангелля, і нават класці такія абрыўкі ў пахавальніцы ў скрыначках срэбраных, бронзавых ці свянцовых, а для вырабу іх патрабавалася немалая колькасць перапісчыкаў. Перапіскай кніг займаліся Святы мучанік Памфіл у горадзе Кесарыя Палестынская, Святы мучанік Лукіян з Антыохіі, які выправіў грэцкую Біблію і выдаў яе. Блаславёны Еранім трымаў шмат перапісчыкаў сваіх твораў і лацінскага пераклада Бібліі. Кесарыйскі дыякан Амвросій наймаў дзявіц, якія маглі прыгожа пісаць, дзеля перапісвання твораў хрысціянскага пісьменніка Арыгена, які жыў да Урачыстасці Хрысціянства 312 года. Епіскап Еленапольскі Паладый, што жыў у V-VI стагоддзях, узгадваў, што ў многіх манастырах дзявіцы займаліся перапісваннем кніг.
Нялёгкім быў той час для Царквы. Еўропа была разбурана войнамі. Піраты з Поўначы даплывалі па рэках да самога Рыма і рабавалі яго. Язычніцтва развалілася а Хрысціянства яшчэ не паспела яго змяніць. Неяк прыйшлося аб’явіць несапраўднымі ўсе хрышчэнні, якія правялі некаторыя гальскія святары. Аказалася, што тыя хрысцілі in nomine Patris et filiae (у імя Айца і дачкі), і не таму, што былі ерэцікамі і лічылі Хрыста жанчынай, а таму, што амаль не ведалі лацінскую мову. У гэты час Хрысціянская культура захоўвалася на Брытанскіх астравах, дзе выпрацоўвалася асабістая мастацкая мова і такія славесныя фармуліроўкі, якія ўжо не пакінуць месца ніякім непаразуменням.  







All the contents on this site are copyrighted ©.