Ватыкан называе прафанацыяй рэпартаж на базе псэўдасповедзяў
Ватыканская газэта «L’Osservatore Romano» назвала прафанацыяй споведзі рэпартаж італьянскага
тыднёвіка «L’Espresso», які абапіраецца на сымуляваных размовах з ксяндзамі ў канфэсыянале. Журналіст
часопісу, штораз выдаваўшы сябе за кагосьці, спавядаўся з выдуманых грахоў у 24 касьцёлах
на цэлым Апэнінскім паўвостраве. Рэдакцыя тыднёвіка падала рэпартаж як свайго роду
зандаж сярод шараговага духавенства на такія актуальныя і далікатныя тэмы, як эўтаназія,
аборты, гомасэксуалізм ці прастытуцыя. Погляды ксяндзоў не заўсёды супадалі з афіцыйным
вучэньнем Касьцёла, аднак заўсёды выказваліся з выключнай шчырасьцю. Тое самае нельга
сказаць пра рэпарцёра. І перадусім на гэта зьвяртае ўвагу ватыканская газэта. «Мы
маем справу зь небывалай па значнасьці выхадкай, што пераходзіць межы, вызначаныя
кодэксам журналісцкай прафэсіі – сьцьвярджае «L’Osservatore Romano». На думку газэты,
журналіст учыніў сьвятатацтва, бо зьняважыў выключны характар месца, якім зьяўляецца
канфэсіянал. Разам з тым ён абразіў усіх, хто прыходзіць туды, каб сустрэцца з Боскай
міласэрнасьцю, а таксама спавядальнікаў, якія пасярэднічаюць у гэтым.