2007-01-26 15:33:41

Сваё задавальненне прыняццём Румыніі ў Еўрасаюз выказаў Бенедыкт 16, прымаючы на спецыяльнай аўдыенцыі новага пасла пры Святым Пасадзе ад гэтай краіны.


Таксама Папа станоўча ацаніў рашэнне ўрада Румыніі вярнуць румынскаму Касцёлу ягоную ўласнасць. Спадар Марыюс Габрыель Лазурка ўручыў Свяцейшаму Айцу даверачныя граматы. Папа звяртаўся да румынскага дыпламата на французскай мове і выказаў сваю пэўнасць, што краіна ўнясе асабісты станоўчы ўклад у будаванне свабоднай і справядлівай Еўропы. Ён папрасіў амбасадара перадаць прывітанне каталіцкай грамадзе суайчыннікаў і зазначыў, што мае спадзяванне на тое, што ў Румыніі законы аб рэлігійнай свабодзе поўнасцю выконваюцца, асабліва ў адносінах грэка-каталіцкае Царквы. На заканчэнне сустрэчы Бенедыкт 16 сказаў:"Я ведаю, што католікі прымаюць актыўны ўдзел у жыцці краіны, асабліва ў сферы духоўнасці і сацыяльным будаўніцтве, дык ад усяго сэрца заклікаю іх несці мужнае сведчанне важнасці сям'і у сучасным грамадстве".







All the contents on this site are copyrighted ©.