2007-01-20 10:11:10

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус


23 кастрычніка 1950 году Сіповіч напісаў ліст сакратару Ўсходняй Кангрэгацыі кардыналу Тысэрану, дзе распавёў пра ўсе цяжкасьці, што ўзьніклі пасьля прыезду ў Лёндан двох расейскіх сьвятароў. Ён заўважаў: «Гэтыя айцы прыехалі ў Лёндан пад законным паслушэнствам, але... мне здаецца, што Я. Э. Манс. Бучыс ня ўзяў пад увагу некаторыя абставіны». Далей падае ix пералік:
«1. Не было прадумана, ці Расейская Місія ў Лёндане наагул патрэбная, i калі так, то як яе зарганізаваць.
2. Не было прадумана зусім, як скаардынаваць працу дзьвюх розных місіяў у адным доме i адной капліцы. Бучыс напісаў інструкцыю, як захоўвацца тром сьвятаром, але гэтая інструкцыя ня мае ўплыву на нацыянальныя непаразуменьні, якія адбіваюцца балюча ў рэлігійнай галіне.
3. Для многіх праваслаўных беларусаў, якія прыходзяць у Марыян Гаўз, прысутнасьць расейскіх сьвятароў дае аргумэнты супроць Каталіцкае Царквы, быццам яна аддае перавагу расейцам. I гэта ў часе, калі Беларуская Праваслаўная Царква была ўзноўленая, i ейны біскуп Васіль (Тамашчык) прыяжджаў у Англію i заснаваў беларускую праваслаўную парафію ў Брадфардзе.
4. Бучыс паслаў двох расейскіх айцоў, не спытаўшыся рады ў Кардынала Грыфіна (архібіскупа Ўэстмінстэрскага) i архібіскупа Годфрэя, Апостальскага Дэлегата.
5. Урэшце трэба мець на ўвазе, што тыя самыя айцы Бранчанінаў i Каткоў прыехалі ў Лёндан супраць свае волі, пад моцным націскам паслушэнства, i без выразнага дазволу Ўсходняй Кангрэгацыі».
Перадумаўшы, айцец Сіповіч вырашыў не дасылаць гэты ліст (машынапісны тэкст захаваўся ў ягоным архіве), a толькі выказаць вусна ўсё, што набалела, кардыналу Тысэрану на аўдыенцыі 3 лістапада 1950 году.
Урэшце знайшлі кампраміс, які нікога не задаволіў. Сіповіч пісаў Татарыновічу 3 студзеня 1951 году: «Наканец Roma locuta est (Рым сказаў. – А.Н.) аб нашых тут місіях: а. Ю. Бранчанінаў астаецца ў Лёндане, а. Каткоў едзе ў Аўстралію. Гэта пакуль што de jure. Мая місія астаецца някранутай надалей, але капліца etc. супольныя. Разумеецца абодвым нам рукі зьвязаныя, пытаньне толькі, як надоўга? Выглядае, што на адзін год астаецца тут а. Юры, а пасьля i ён паедзе ў Аўстралію. Такі стан рэчы ненайгоршы, але без сумніву наш чэсьцідастойны Генэрал спрычыніўся да пагоршаньня майго становішча ў Лёндане».
Татарыновіч адказаў 22 студзеня 1951 году: «Спачуваю табе, што ізноў атрымаў на карак тых, ад якіх бараніўся. Адгэтуль выяжджалі яны трыумфатарамі. К(атк)оф, між намі кажучы, то так высока амбіцыянуецца Расеяй, навет бальшавіцкай, што ў гутарцы аб нас высказаўся зьняважліва: мы сядзімо ў падхвосьці немцаў...»
Айцец Каткоў выехаў у Аўстралію толькі ў канцы 1951 году. А дагэтуль становішча не палепшала. Сіповіч пісаў Бучысу 5 траўня 1951 году: «Нягледзячы на ўсе мае гутаркі i просьбы, якія я меў з Вашай Эксцэленцыяй, будучы летась у Рыме, вы намерыліся заснаваць у Марыян Гаўз Расейскую місію, каторая мае сяньня больш чым сьціплы назоў: “Russian Catholic Centre of Byzantine Slavonic Rite in Great Britain” (наколькі мне ведама, тытул нікім не зацьверджаны i без нічыйго паразумленьня ўведзены а. Юр’ем Бранчанінавым). Я цьвердзіў i асьмельваюся цьвердзіць, што гэткая разьвязка справы ёсьць вельмі нешчасьлівай, бо яна ёсьць на некарысьць абедзьвюх місіяў. Місійная душпастырская праца сярод беларусаў павінна весьціся зусім незалежна ад расейскай... Я спадзяваўся, што пры Божай помачы Беларуская Каталіцкая Місія ў Лёндане станецца той клетачкай беларускага рэлігійнага адраджэньня i завязкай беларускага марыянскага кляштару. Вельмі мне сумна, але трэба сьцьвердзіць, што замест далейшага разьвіцьця – клетачка гэтая прызначаецца на сьмерць. Сяньня ў Марыян Гаўз ёсьць Багаслужбы i саслужэньні, але няма на ix ані беларусаў ані расейцаў, i ix датуль ня будзе, пакуль у адным катле будуць варыцца дзьве розныя стравы. Я асабіста нічога не магу сказаць супраць айцоў Юрага i Андрэя. Прыехалі яны сюды пад паслушэнствам, i мы ўсё стараемся рабіць, каб між намі была згода i братняя любоў. Найлепшае аднак сужыцьцё паміж намі ня ёсьць гваранцыяй асягненьня мэтаў нашых місіяў».
Бучыс памёр 25 кастрычніка 1951 году. Пасьля ягонай сьмерці i выезду Каткова атмасфэра крыху зьмянілася на лепшае. Айцец Бранчанінаў пакінуў Англію ў лютым 1956 году пасьля няўдалых спробаў купіць асобны дом для расейскай місіі.
У 1951 годзе прыехаў у Лёндан Мікалай (Станіслаў) Баговіч, брат марыянін, які выехаў з Друі ў 1933 годзе i правёў 18 гадоў у Харбіне. Ён быў сьведкам, як 22 сьнежня 1948 году кітайскія камуністы арыштавалі айцоў Цікоту, Германовіча i Падзяву ды перадалі ix савецкім уладам. Кожнага зь іх засудзілі на 25 гадоў зьняволеньня. Брату Мікалаю i зь ім другому брату марыяніну кітайскія ўлады дазволілі свабодна выехаць з Кітаю. У Лёндане гэты пабожны i сьціплы чалавек стаўся незаменным у капліцы i гаспадарцы. Ніхто ніколі ня бачыў яго незанятым. Усе хвіліны, вольныя ад працы, ён праводзіў у капліцы ў малітве. Ягоным адзіным “адпачынкам” была праца ў гародзе, дзе яго знайшлі пры сьмерці 17 жніўня 1980 году. Памёр ён па дарозе ў шпіталь.
Перад тым як прыехаць у Лёндан, брат Мікалай правёў крыху часу ў Рыме, дзе меў нагоду распавесьці пра лёс беларускіх марыянаў Бучысу, які спрычыніўся да іхнай высылкі ў Харбін. Бучыс быў дзіўны чалавек. Вучоны-багаслоў i выдатны лінгвіст, поўнасьцю адданы Каталіцкай Царкве, якую ён разумеў даволі абстрактна, ён не вызначаўся шырынёй поглядаў. Ахоплены ідэяй “навяртаньня” Расеі, ён не шкадаваў дзеля яе ніякіх ахвяраў. Бяда ў тым, што ахвярамі ставалі іншыя, а ня ён сам. Пасылаючы беларускіх марыянаў у Харбін “навяртаць” расейцаў (дарэчы хрысьціянаў), ён прыраўноўваў сябе да сьвятога Ігната Ляёлі, заснавальніка закону езуітаў, які паслаў сьвятога Францішка Ксавэра ў Індыю прапаведваць Эвангельле людзям, якія ніколі ня чулі пра Хрыста. Ён ніколі не зразумеў беларусаў i іх нацыянальных памкненьняў, ставіўся абыякава да іхных духоўных патрэбаў. Для яго беларусы былі проста расейцамі. Гледзячы на дзейнасьць i дасягненьні Бучыса (i пакінуўшы суд пра яго як чалавека Богу), беларусы ня маюць прычынаў яму дзякаваць.








All the contents on this site are copyrighted ©.