2007-01-16 15:01:41

Сьвет першых хрысьціянаў- працяг


На зямлі сёняшняй Турцыі, у горадзе Антыохія вернікі ўпершыню пачалі звацца “хрысціянамі”, адбылося гэта пасля 40-га года ад Нараджэння Хрыстова. Раней яны называлі сябе “братамі”, “вучнямі”, “святымі”, “стоячымі на Шляху”. Назва “хрысціяне” падкрэслівала ўжо складзены характар групы, якая з тых часоў была адкрыта і для язычнікаў.
Як мы расказвалі ў мінулай гутарцы, выявы старажытных хрысціянаў не былі спантаннай выдумкай мастакоў, а засноўваліся на выніках дагматычных разважанняў айцоў і настаўнікаў Хрысціянскай Царквы. Любілі старажытныя рымскія хрысціяне выяўляць у сваіх магільных склепах прарока Іону, якога лічылі пераадолеўшым смерць прадвеснікам Уваскрэшэння Хрыста. Падабаўся ім і вобраз прарока Данііла ў яме з львамі, а таксама трох габрэйскіх юнакоў у печы вавілонскай. У папярэдніх гутарках мы расказвалі аб прароке Іоне, як аб правобразе Хрыста. Цяпер некалькі слоў аб Данііле і юнаках. Данііл выяўлены ў яме паміж дзвума львамі, ён моліцца з распрасцёртымі ў выглядзе крыжа рукамі. Львы не дакрануліся да яго, з ямы ён выйшаў жывы. Гэта алегорыя на тое, што такім са склепа выйшаў Хрыстос пасля Уваскрэсення.
Пад час пераследвання хрысціянаў Святы Кіпрыян указваў на выратаванне Данііла ад смерці ў яме і трох юнакоў у печы, як на сведчанне аб магутнасці чалавекалюбівага Бога, які даў гэтым знакамітым праведнікам запас сілаў для перанясення пакутаў і вызваліўшага іх ад ворагаў для праслаўлення Свайго імя. Святы Ян Залатавусны і Святы Аўгусцін параўноўвалі гісторыю трох габрэйскіх юнакоў з гісторыяй Хрысціянскай Царквы, спачатку пераследаванай уладамі, а пасля стаўшай пераможцай сваіх ворагаў. Сустракаецца ў катакомбах шмат выяваў з Евангельскіх паданняў, напрыклад вінаградная лаза з гронкамі. У рымскіх катакомбах Даміцылы яны датуюцца І-м хрысціянскім стагоддзем! Узгадаем словы Ісуса Хрыста запісаныя Святым апосталам Янам.
«Я – сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – Вінагардар; кожную з Мяне галінку, якая не родзіць плоду, Ён адсякае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду. Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведваў вам. Заставайцеся ўва Мне і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне. Я – лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць шмат пладоў, бо без Мяне ня можаце рабіць нічога. Хто не застанецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць».
На некаторых фрэсках і саркафагах ІІІ-га і ІV-га стагоддзяў ужо быў выяўлены Хрыстос у вобразе Добрага Пастыра, а таксама алегорыя душаў вернікаў у выглядзе фігураў з паднятымі рукамі.
Тыя выявы не вельмі адрозніваліся і вызначаліся прастатою і схематычнасцю. Да таго ж каштоўнасць кожнага знака вызначалася яго кароткасцю, бо ў тыя часы хрысціяне, як і месцы іх культа, пераследваліся. Але кожная выява была зразумелая тагачасным хрысціянам. Яны ведалі, што выява рыбака намякае на Хрыста і апосталаў – лаўцоў душаў людзкіх. У некаторых выпадках тая сцісласць была занадта празмернай. Існуе, напрыклад, сцэна, дзе прадстаўлена нейкая вячэра, на якой няма нічога асаблівага, таму немагчыма сказаць: гэта Памнажэнне хлябоў, Цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай, Апошняя Вячэра ці нешта іншае. Для даследчыкаў некаторыя выяўленыя сцэны так і застаюцца незразумелымі, як напрыклад выява ў катакомбах Святога Себасцьяна ў Рыме. Там чалавек у адзенні салдата ўзыходзіць на неба перад колам здзіўленых асобаў. У старажытнай хрысціянскай іканаграфіі прадстаўленне незвычайных сюжэтаў было вельмі рэдкім.
Выявы прыпавесці аб Добрым Пастыры так падабаліся рымскім хрысціянам, што яны змяшчалі яго дзе толькі можна было яго змясціць: на чашах для прычашця, на столях і сценах пахавальніцаў, на магільных дошках, на пасудзінах, на лампадках, на пярсцёнках, ды іншых рэчах.
Што ж падштурхоўвала хрысціянаў маляваць найперш вобраз Добрага Пастыра, і як яны выяўлялі Яго? У іх руках быў Стары Запавет – Біблія. Чытанні з яе чуліся пад час багаслужэння. А ў Бібліі апека Бога аб людзях амаль заўсёды прадстаўлена пад выглядам клопатаў з пастушага жыцця. Ва ўсёй 34-й главе прароцтва Эзэкіля Бог падаецца як пастыр, а людзі – як авечкі. І гэта не адзінае параўнанне ў Старым Запавеце. У Евангеллях ад Лукі і Яна, Хрыстос сам сябе назваў Пастырам Добрым, які аддае душу сваю за авечак. Згодна з Бібліей айцы і настаўнікі Царквы Хрыстовай гаварылі аб Збавіцелі, як аб Добрым Пастыры.
Святар, хрысціянскі багаслоў і пісьменнік, галава Александрыйскай багаслоўскай школы Клімент Александрыйскі, які памёр у 215 годзе, у сваім гімне называў Ісуса Хрыста «Пастырам ягнятаў пануючых, Пастырам авечак разумных». Святы Аверкій, біскуп Іерапольскі, які жыў у часы праўлення Марка Аўрэлія (160-180), у сваім надмагільным надпісы, які сам жа сабе і напісаў, назваў сябе «вучнем пастыра цнатлівага, чыстага». Блажэнны Аўгусцін казаў, што юнацтва Божага Пастыра адвечнае. Святар і паэт V-га стагоддзя пісьменнік Седулій пісаў у зычных вершах: «...Шлях жыцця давядзе мяне да сельскай агароджы, дзе Пастыр Добры пільнуе Сваю дарагую паству і куды ўываходзіць увесь чысты статак, які вядзе Ягня Дзевы, Ягня беларуннае». Такім чынам, Святое Пісанне, якое было самым асноўным падручнікам тагачасных майстроў, навучыла хрысціянскіх мастакоў выўляць Добрага Пастыра. Яны перанялі гэты вобраз для выявы Ісуса, апісаны ў Дабравесці як Добры Пастыр, які аддае жыццё за сваіх аблудных авечак. 







All the contents on this site are copyrighted ©.