2007-01-02 13:38:02

Сьвяткаваньні 40 Сусьветнага Дня Міру ў Ватыкане


У панядзелак раніцай, 1-га студзеня, Папа Бэнэдыкт 16 адслужыў у Базыліцы Сьвятога Пятра Сьвятую Імшу з нагоды 40-га Сусьветнага Дня Міру. Сваё пасланьне на Сусьветны Дзень Міру, якое, дарэчы, мы ўжо пачалі перадаваць, Сьвяцейшы Айцец прыпомніў у казаньні ў часе Сьвятое Імшы з нагоды урачыстасьці Божае Маці. Ён сказаў наступнае: у абліччы пагрозаў міру, нясправядлівасьці, насільля, тэррарызму ды ўзброенных канфліктаў, якія пастаянна працягваюцца, больш чым калі-небудзь дагэтуль трэба дзейнічаць супольна ў карысьць міру. А гэты мір зьяўляецца адначасна дарам, якога трэба прасіць у часе малітвы, ды заданьнем да адважнага і пастаяннага выконваньня яго.
У прысутнасьці Дыпламатычнага Корпусу акрэдытаванага пры Сьвятой Сталіцы, Папа спаслаўся да драматычнае сітуацыі ў Сьвятой Зямлі. Маліўся, каб якнайхутчэй быў уведзены там мір і каб канчаткова быў развязаны канфлікт, які працягваецца ўжо задоўга. “Мірнае пагадненьне, каб было трывалым, мусіць прытрымлівацца пашаны годнасьці і правоў кожнага чалавека”- падкрэсьліў Бэнэдыкт 16.
RealAudioMP3
“Перад прысутнымі тут прадстаўнікамі многіў народаў я выказваю пажаданьне, каб міжнародная супольнасьць спалучыла свае намаганьні і ў імя Бога будавала сьвет, у якім усе паважалі б асноўныя правы чалавека”. Дадаў яшчэ, што каб так сталася, трэба аднак, каб фундамант гэтых правоў быў прызнаваны не толькі ў звычайных чалавечых пактах, але ў самой натуры чалавека і яго асноўнай годнасьці асобы створанай Богам.
Таксама і ў разважаньні, перад адгаварэньнем багародзічнае малітвы “Анёл Гасподні” ў панядзелак 1-га студзеня, Папа Бэнэдыкт 16 гаварыў аб Сусьветным Дні Міру, які ўстанавіў Папа Павал 6-ы.
RealAudioMP3
Касьцёл ўшаноўвае сёньня 40 Сусьветны Дзень Міру. Складаючы новагоднія пажаданьні да асобаў кіруючых дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ды ўсіх людзей добрае волі, Папа Ратцынгэр спаслаўся да тэмы Сусьветнага Дня Міру: “Чалавечая асоба ёсьць сэрцам міру. Сёньня гаворыцца многа аб правах чалавека, але часта мы забываемся, што яны патрабуюць трывалага фундаманту. А ім можа быць толькі годнасьць чалавечае асобы”- падкрэсьліў Сьвяцейшы Айцец. Ды далей сьцвердзіў, што пашана гэтае годнасьці пачынаецца ад прызнаньня яе праву да жыцьця і свабоднага вызнаваньня ўласнае рэлігіі. Накіруем нашую малітву да Божае Маці, каб пастаянна ўзрасталі ў чалавечай сьвядомасьці сьвятая пашана да кожнае чалавечае асобы ды рашучае адкіненьне вайны і насільля- падкрэсьліў Папа Бэнэдыкт 16.

Яшчэ ў нядзелю позным вечарам 31-га сьнежня Папа Бэнэдыкт 16 адслужыў у Ватыканскай Базыліцы Сьвятога Пятра, вячэрню “Тэ Дэўм” ( Цябе Бога хвалім) на заканчэньне 2006 году. У сваёй прамове Папа сказаў, што званьне Багародзіцы прызнау Марыі Сабор ў Эфэзе, які адбыўся ў 431-м годзе. Успамінаючы візіт у гэты горад Бэнэдыкт 16 падзякаваў Божай Маці за спэцыяльную апеку ў часе ягонага паломніцтва ў Турцыю. Ейнаму мацярынскаму заступніцтву Папа даручыў увесь сьвет, асабліва тыя сітуацыі, ў якіх толькі Божая ласка зможа прынесьці суцяшэньне, прывярнуць мір і справядлівасьць.
Пасьля вячэрні Папа наведаў батлейку, што знаходзіцца на Плошчы Сьвятога Пятра. Там хвілінку памаліўся ў маўчаньні. Затым увайшоў да гроты дзе зблізка змог лепш аглянуць мастацкія статуі Сьвятой Сям”і і ўсю сцэну Боганараджэньня Ісуса Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.