2006-12-25 16:57:25

Пастырскае Слова на Сьвята Божага Нараджэньня Архімандрыта Сяргея Гайка, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі


Пастырскае Слова


Апостальскага Візітатара
ad nutum Sanctae Sedis для грэка-католікаў Беларусі
на сьвята Раства Хрыстовага 2006 году
і на Новы 2007 Год Гасподні








Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Шаноўныя Сябры!
“Праўдзівае Сьвятло асьвятляе кожнага чалавека,
прыходзячы ў гэты сьвет” (пар. Ян 1,9).
1. Разам з усім хрысьціянскім сьветам у гэты сьвяточны час Раства Хрыстовага і Новага Году прыходзім у духу да ясьляў Ісуса Хрыста, Спрадвечнага Сына Божага, і прыносім Яму наш шчыры паклон. У сьвятле, што зьзяе з аблічча Бога-Чалавека, хочам асэнсаваць таямніцу нашай чалавечай годнасьці і нашага пакліканьня. У гэтыя сьвяточныя дні хочам прасьвятліць усё нашае жыцьцё сьвятлом “Слова Божага, якое сталася целам і пасялілася паміж намі” (пар. Ян 1,14). Верым, што Нованароджаны Ісус Хрыстос ёсьць “праўдзівае Сьвятло, Якое асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячы ў гэты сьвет” (пар. Ян 1,9). Гэтае Сьвятло выводзіць чалавека з цемры маны, фальшу і хлусьні ды вядзе дарогай Праўды. Ісус Хрыстос – Праўдзівае Сьвятло, Якое “прыйшло да сваіх, і свае Яго не прынялі. А тым, якія Яго прынялі, дало магчымасьць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго” (Ян 1,11-12).
Разумеем, што вера ў Ісуса Хрыста зьяўляецца крыніцай сьвятла, і ў сьвятле жывой веры хочам увайсьці ў Новы 2007 год. Больш таго, увесь новы год 2007 будзе для нас, вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, “Годам веры”.
Так шчасьліва атрымліваецца, што ў 2007 годзе спаўняецца 490 гадоў ад моманту, калі вялікі беларускі першадрукар Францішак Скарына пачаў выдаваць у Празе Біблію ў старабеларускім перакладзе. У духу ўдзячнасьці Госпаду за каштоўны дар Слова Божага на роднай мове пастараемся ў новым годзе штодзень чытаць і ў сэрцы разважаць над Словам Божым, найлепш ідучы шляхам нашых Айцоў – шляхам царкоўнай трыдыцыі, гэта значыць, карыстаючыся літургічным календаром. Такім чынам, сьвятло Слова Божага будзе нас весьці дарогай Праўды.
2. У гэты сьвяточны час, у які з уважлівай верай сузіраем Нованароджанага Хрыста – “Сьвятло, што прыходзіць з Усходу”, (пар. Лк 1,78) -- варта ўсім нам успомніць словы, якія Вялікі Папа, Слуга Божы Ян Павел ІІ, запісаў у Апостальскім Пасланьні “Сьвятло Ўсходу” (“Orientale Lumen”) больш за 11 гадоў таму. Зьвяртаючыся да вернікаў розных літургічных традыцыяў, Ян Павел ІІ пісаў:
“Мы закліканыя сёньня да таго, каб словам і ўчынкам адкрываць людзям нязьмерныя багацьці, якія нашыя Цэрквы захоўваюць у скарбніцах сваіх традыцый” (“Orientale Lumen”, 4).
Мы, беларускія грэка-католікі, гэта значыць католікі візантыйскай літургічнай традыцыі, прасьветленыя Сьвятлом Усходу, пакліканыя, каб сьвятло Божай Праўды пераказваць іншым. На пытаньне, як гэта зрабіць, Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ падказвае: “Праз нязьмернае багацьце вашай Традыцыі”. Бо царкоўная Традыцыя -- гэта спосаб перадачы веры з пакаленьня ў пакаленьне. Досьвед нашай Царквы і вопыт нашай асабістай веры паказвае, што нашая Традыцыя здольная захаваць і, што вельмі істотна, перадаць веру, падзяліцца з іншымі радасьцю з асабістай сустрэчы з Хрыстом. Гэта таксама заданьне і абавязак для ўсіх нас – спазнаць нашую ўласную Традыцыю, каб дзейсна і пасьпяхова абвяшчаць Добрую Навіну няверуючым суграмадзянам нашае Краіны. А рабіць гэта пасьпяхова можам толькі прыкладам нашага жыцьця паводле Слова Божага.
У згаданым ужо Апостальскім Пасланьні “Сьвятло Ўсходу” (“Orientale Lumen”), Ян Павел ІІ напісаў:
“Да ўсіх Цэркваў Усходу і Захаду дасягае гуканьне людзей нашага часу, што пытаюцца пра сэнс свайго жыцьця. Мы чуем у ім мольбы тых, хто шукае страчанага і забытага Айца. Сучасны чалавек просіць нас указаць яму Хрыста, Які ведае Айца і зьявіў Яго нам” (“Orientale Lumen”, 4).
3. Сьвята Божага Нараджэньня штогод нагадвае нам, што Бог Айцец у Сваёй любові паслаў Свайго Адзінароднага Сына на сьвет, каб Ён адкупіў чалавека. Той жа Адзінародны Сын, як перадае нам гэта Традыцыя ў Сымбалі веры, “прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы” ды -- ва ўлоньні Царквы -- пасылае таго ж Духа веруючым і робіць іх здольнымі любіць братоў і сёстраў, а нават ворагаў сваіх.
Першапастыр Паўсюднай Царквы, Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI, у сваёй першай энцыкліцы “Deus caritas est”, абвешчанай год таму, сярод іншага адзначыў:
“Дух зьяўляецца таксама сілай, якая зьмяняе сэрца царкоўнай супольнасьці, каб яна была ў сьвеце сьведкам любові Айца, Які хоча зрабіць чалавецтва адной сям’ёй у Сваім Сыне. Уся дзейнасьць Царквы зьяўляецца праяўленьнем любові, якая прагне поўнага дабра для чалавека: прагне яго евангелізацыі праз Слова і Сакраманты, што ў гісторыі часта зьяўляецца гераізмам; прагне яго рэкламаваньня ў розных вымярэньнях жыцьця і чалавечай дзейнасьці. Таму любоў зьяўляецца служэньнем, якое выконвае Царква, каб няспынна выходзіць насустрач цярпеньням і патрэбам людзей” (“Deus caritas est”, 19).
Паводле Традыцыі Царквы, у тым ліку і навучаньня Другога Ватыканскага Сабору, хочам няспынна і нястомна “выходзіць насустрач цярпеньням і патрэбам людзей”. І ў гэты калядны час хочам несьці духовую падтрымку ўсім, хто яе патрабуе, асабліва “хворым, тым, што церпяць, зьняволеным” ды ўсім вымушаным жыць далёка ад сваіх блізкіх і сяброў.
Да іх і да ўсіх суграмадзянаў нашае Айчыны Беларусі хочам з нязломнай верай данесьці Евангельле надзеі ды любові. Таму, малітвам і высілкам усіх вас давяраем наш супольны абавязак аднаўленьня нашых старадаўніх парафіяў ды храмаў – сьведкаў нашай царкоўнай Традыцыі і беларускай духовай культуры.
4. Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры, шаноўныя Сябры!
У гэты сьвяточны час Раства Хрыстовага хочам памятаць таксама, што ў 2007 годзе хрысьціяне Еўропы рыхтуюцца да III Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі, якая адбудзецца ў горадзе Сібію ў Румыніі 4-9 верасьня. Яе тэма -- “Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсіх. Надзея на абнаўленьне й еднасьць у Еўропе”. На шляху падрыхтоўкі да гэтай Асамблеі запланаваны духовы прыпынак і ў Беларусі. Усе мы шчыра ўсьцешаны з Экуменічнай канферэнцыі, якая адбудзецца ў Менску 20 студзеня 2007 году, гэта значыць падчас экуменічнага Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў. Молімся, каб гэтая Канферэнцыя была блаславёнай нагодай разам з братамі праваслаўнымі і пратэстантамі асэнсоўваць праўду, што Ісус нясе ўсім сьвятло няспыннай надзеі.
У блаславёны час Раства Хрыстовага ды ў новым 2007 годзе
няхай Госпад моцай Свайго Духа робіць усіх нас здольнымі
нястомна любіць нашых братоў і сёстраў, нашую Бацькаўшчыну і ўсіх яе жыхароў,
каб з нязломнай верай дзяліць з імі Евангельле надзеі ды любові.
З пастырскім блаславеньнем і калядным вітаньнем:
“Хрыстос нарадзіўся – Славім Яго!”




Менск, Раство Хрыстова 2006 году.
+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі








All the contents on this site are copyrighted ©.