2006-12-22 14:16:12

Божае Нараджэньне без Ісуса?


Штодзённая ватыканская газета L’Osservatore Romano у нумары ад 17 снежня 2006 г. крытыкуе спробы камерцыялізаваць свята Божага Нараджэння і зацерці яго рэлігійны характар.
Даючы ўласны каментар адносна спробаў замоўчваць ці нават хаваць рэлігійныя карані гэтага свята і яго сімвалы, газета, між іншым адзначае, што «можна было ўявіць сабе ўсё, апрача таго, што не толькі Італія, але і ўся Еўропа ў гэтыя дні будзе спрачацца з-за ясляў».
Паводле L’Osservatore Romano ў многіх краінах, у тым ліку ў Італіі і Англіі, адмаўляюцца ад такіх рэлігійных сімвалаў гэтага свята, як яслі, маўляў, каб не зняважыць пачуццяў няверуючых ці прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, «як быццам няверуючыя ці прадстаўнікі іншых вераваызнанняў раптам з’явіліся толькі на Божае Нараджэнне і, з другога боку, быццам вернасць (...) уласнай самасвядомасці, якая выяўляецца таксама ва ўласных традыцыях, не з’яўляецца маральным і грамадзянскім абавязкам».
L’Osservatore Romano нагадвае, што вернікі павінны адкрыта абараняць сваю самасвядомасць і традыцыі. У газеце адзначаецца, што Божае Нараджэнне зводзіцца да ўзроўня забавы, але ніхто не гаворыць пра гэта ўслых. Ватыканскае выданне звяртае ўвагу на тое, што вельмі шмат гаворыцца пра свята, але не пра ягоную сутнасць.
L’Osservatore Romano гаворыць пра сітуацыю «крывадушнасці і баязлівасці адначасова»: «Сёння пераважна хочуць думаць пра... „Божае Нараджэнне без Езуса“, Божае Нараджэнне зводзяць да ўзроўня свята спажывання і бесклапотнасці. Паколькі ніхто не адважваецца голасна сказаць пра гэта, мы сутыкаемся з супярэчлівасцю, якую можна параўнаць з праслаўленнем дня пры адначасовым адмаўленні сонца, якое стварае дзень».
L’Osservatore Romano робіць правакацыйную прапанову «да жэсту адвагі, якая можа садзейнічаць таму, што Божае Нараджэнне перастане быць цывільным святам, а застанецца святам, над якім будуць уважліва разважаць сапраўдныя веруючыя». Разам з тым ватыканскае выданне не хоча быць занадта суровым і выказвае надзею на тое, што «свет яшчэ апамятаецца».








All the contents on this site are copyrighted ©.