"Царкоўны кубак (Сlericorinis poculum)"-так назвалі аматарскае першынство па футболе,
якое правядуць у Рыме святары і семінарысты.
Плануецца шэраг незвычайных спартыўных сустрэч на наступны год і, калі спадабаецца,
яны стануцца традыцыйнымі. Пройдуць сустрэчы лігі ад лютага да чэрвеня. Хаця завадатарам
спартыўнага настрою і самую ідэю правядзення чэмпіянату сярод каманд семінарыстаў
і царкоўных дзеячаў прыпісваюць Дзяржаўнаму сакратару Ватыкана кардыналу Тарчізіо
Бертоне, ён пакуль кажа, што гэта толькі мроя,якую стварылі СМІ. Ёсць аматарскія
каманды ў Ватыкане, у тымліку і у нас, на радыё. Але ў новым чэмпіянаце будуць выступаць
не журналісты, а падрыхтаваныя атлеты, напрыклад, швейцарскія гвардзейцы, археолагі
і, натуральна, моладзь - студэнты, якіх тысячы ў Рыме з розных куткоў свету. Многія
сістэматычна трэніраваліся з дзяцінства і могуць паказаць нават прафесійныя якасці.
Сам Кардынал Бертоне, як большасць італьянскіх мужчын, вялікі аматар і знаўца футболу.
Будучы арцыбіскупам Генуі, ён выступаў радыёкаментатарам гульняў і ўсяго нацыянальнага
чэмпіянату. А ў дзяцінстве і сам ганяў мяч. Першы розыгрыш новага кубка ўключыць
16 каманд, пройдзе ў Вечным горадзе. У ім прымуць удзел семінарысты італьянскай сталіцы
розных нацыянальнасцей і дыяканы, якія служаць у храмах Рыма. Сярод удзельнікаў будзе
і аматарская каманда Святога Пасаду. У першым туры будзе падзел на 2 групы, каб
ад чвэрцьфіналу весці прамыя сустрэчы. Матчы будуць праходзіць у буднія дні і грацца
ў 2 таймы па 30 мінут, каб спартсмены старэйшыя маглі вытрымаць рытм гульні. Найбольшыя
надзеі трэнеры ўскладаюць на семінарыстаў з Афрыкі, сярод якіх шмат прафесійных футбалістаў.
Яны найлепш падрыхтаваныя як атлеты. Самымі тэхнічнымі, па ацэнках рэлігійных дзеячаў,
з'яўляюцца бразільцы і аргентынцы, якія вучацца ў семінарыях, каталіцкіх універсітэтах
і працуюць у парафіях Рыма і прадмесцяў.