2006-12-19 16:29:38

Наш новы цыкл: "Сьвет першых хрысьціянаў"


Аб жыцці першых хрысціянскіх суполак нам сёння сведчаць выявы, малюнкі, скульптуры і старажытныя тэксты першых стагоддзяў Новай Эры. Не заўсёды мы разумеем іх сэнс і рэлігійны характар. Але за тымі мастацкімі і літаратурнымі творамі першых паслядоўнікаў Хрыста знаходзіцца цэлы свет са сваёй цікавай, трагічнай і гераічнай гісторыяй. Ведаючы дзе, калі і чаму быў зроблены той ці іншы твор – больш зразумела і іх рэлігійнае значэнне. Праз выявы і вобразы, якія былі створаны мастакамі надхнёнымі Евангеллем, мы паспрабуем дакрануцца да вялікага культурнага і духоўнага скарбу, скарбу Хрысціянскай Царквы.
Пачынаючы з іканаграфіі Антычнай эпохі і да Сярэднявечча, з тых часоў, калі рэлігійныя выявы пачалі складацца больш сістэматычна і з вялікай верай у асвечаныя формы, на працягу гэтага доўгага перыяда, хрысціянская іканаграфія стварыла каштоўныя сродкі, каб выказаць веру праз мастацтва, спосабы і прыёмы да якіх звяртаюцца і сёння, і якія адыгралі важную ролю ў жыцці народаў.
Па агульнаму правілу ўсе хрысціянскія выявы нясуць у сябе рэлігійнае значэнне і створаны яны былі першымі мастакамі-іканапісцамі па хрысціянскім надхненні. У тую эпоху ніякае чужое меркаванне не магло стаць выявай ці скульптурай хрысціянскага мастацтва, калі гэта не было створана пад уплывам рэлігійнага ўздыма. Яно заўсёды мела хрысціянскі змест. Таму адразу трэба адхіліць выказванні, што першыя хрысціянскія выявы былі аднолькавыя і проста пераносіліся з папярэдняй эпохі, а таму і не маюць вялікага рэлігійнага кошту.
Першыя хрысціянскія мастакі, якія працавалі на свой страх і рызыку, нічога не стваралі без сур’ёзнай рэлігійнай падставы. Да таго ж першыя пакаленні хрысціянаў маліліся ўвогуле без ніякіх выяваў. Але дзейнасць ідалапаклоннікаў, якія аднаўлялі і стваралі вельмі шмат карцінаў і скульптураў, не магла не паўплываць на хрысціян. Першыя хрысціянскія выявы пачалі ўзнікаць каля 200 года ад Нараджэння Хрыстова. Да гэтых часоў належаць найстаражытныя выявы ў знакамітых рымскіх катакомбах Святога Пятра і Марцэліна, а самыя старажэйшыя скульптурныя выявы – фігуры на саркафагах, да першай трэці ІІІ стагоддзя. Вядома, што падобная храналогія вельмі агульная, бо не можа быць падтрымана датаванымі дакументамі. Выявы, прысвечаныя пахаванню братоў і сясцёр па веры былі пакліканы пераадолець жалобу і страх смерці. Многія ведаюць, што у Рыме знаходзяцца так званыя катакомбы – з’ява незвычайная, дзіўная і павучальная для багаслова і археолага, а найперш для хрысціяніна. Іх паходжанне сучасна першапачатковаму з’яўленню і зацьвярджэнню Хрысціянства ў гэтым вечным горадзе. Хрысціянства дарэчы і парадзіла катакомбы, адтуль жа ўзяло пачатак і хрысціянскае мастацтва.
Тут трэба сказаць калі Хрысціянства прыйшло ў Рым – тагачасны цэнтр свету – і чаму першыя хрысціяне ўстрайвалі там сабе пахавальні з бажніцамі ў глыбінях зямлі. У 34 годзе па Нараджэнні Хрыстовым у Ерусаліме адбыўся цудоўны зыход Святога Духа на апосталаў – Пяцідзесятніца. Сведкамі яе цудоўнасць і слухачамі апостальскіх казанняў аб велічы Божай і аб вечным збаўленні людзей праз Хрыста былі юдэі, што прыйшлі з Рыма, разам з язычнікамі, якія прынялі іх веру. Вярнуўшыся ў Рым яны паведалі сваім усё што бачылі і чулі ў Ерусаліме. Іх упэўненасць у месіянскай годнасці Ісуса Хрыста, у сапраўднасці Яго Уваскрэсення, у Боскасці як Яго Самога, так і навукі Яго і ў выратаванне ўсіх людзей праз Яго, – гэта ўпэўненасць стала пачаткам Рымскай Апостальскай Царквы. Хутка да іх далучыліся іншыя, што паверылі ў Хрыста, гэта былі салдаты з італьянскага атрада, ахрышчаныя разам са сваім сотнікам Карніліем у Палестыне. Гэта быў час валадарства кесара Калігулы (37-41). Святы Апостал Пётр быў у Рыме ў 53-м годзе і паспяхова там прапаведваў аб Хрысце. Тады ж спадарожнік яго Марк, па просьбе рымскіх хрысціянаў, напісаў ім Евангелле, а Пётр ухваліў яго.
У 58-59 гадах хрысціянская вера ўжо праслаўлялася па многіх краінах Міжземнамор’я. У 66 годзе апосталы Пётр і Павел прынялі ў Рыме мучаніцкую смерць, пад час праўлення імператара Нерона і былі пахаваныя ва ўсыпальніцы на Ватыканскім узгорку. Пры жыцці гэтых апосталаў і пасля іх смерці ў Рыме было немала хрысціянаў з розных саслоўяў і з трох народнасцяў: габрэйскай, грэцкай і лацінскай. У пасланні апостала Паўла да Філіпянаў узгадана, што ў Рыме былі хрысціяне нават з дома кесара. Але быць хрысціянінам у тую эпоху было вельмі небяспечна. Адным з найбольш вядомых мучанікаў за Хрыста ў 100 годзе быў рымскі консул Ціт Флавій Клімент, што ўжо казаць аб простых людзях. Пераследваных хрысціянаў забівалі, ссылалі ў аддаленыя месцы і канфіскоўвалі маёмасць. Улады Рымскай імперыі абвінавацілі паслядоўнікаў Хрыста ў бязбожжы і засваенні юдэйскіх звычак, пад гэтым разумелася хрысціянства, якое паважала святыя кнігі юдэяў і не прызнавала шматлікіх рымскіх паганскіх багоў і багінь. Безумоўна, некаторыя хрысціяне, асабліва тыя, што прыйшлі з юдэйства, асноўваючыся на старазапаветнай забароне абразà, адмаўлялі яго магчымасць і ў Хрысціянстве, і гэта тым больш, што хрысціянскія суполкі былі з усіх бакоў абкружаны паганствам з яго ідалашанаваннем.
Для узнікнення сярод паганскіх пасяленняў хрысціянскіх суполак было недастаткова адмовіцца ад юдэйскіх рытуальных правілаў, каб вызначыць свой асаблівы вобраз жыцця. Неабходны быў новы маральны закон. Каб Хрысціянства набыло асабісты твар, усё трэба было будаваць нанова, ствараць свае традыцыі, прыладкоўваючы іх да асяроддзя, ствараць сваё мастацтва. Але на сёння час нашай гутаркі скончаны, мы працягнем яе на наступным тыдні, у гэты ж час. 







All the contents on this site are copyrighted ©.