2006-12-05 13:42:04

У Менску прайшоў сімпозій пра Папу Яна Паўла ІІ


У Менску адбыўся Сімпозіум “Ян Павел ІІ – чалавек веры і культуры”, які быў арганізаваны Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіяй у супрацоўніцтве з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. З гэтай нагоды Беларусь наведаў Прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай адукацыі, царкоўных і каталіцкіх школаў і ўніверсітэтаў Кардынал Зянон Грахалеўскі.
Высокі госць выступіў з рэфератам “Ян Павел ІІ – заканадаўца”, у якім падрабязна расказаў аб тым вялізарным укладзе Папы Яна Паўла ІІ, у сусветную каталіцкую адукацыю, аб яго плённай багаслоўскай і заканадаўчай спадчыне. Потым з рэфератам “Рымска-каталіцкі Касцёл на Беларусі падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ” выступіў Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі Кардынал Казімір Свёнтэк. Яго Эмінэнца падрабязна расказаў аб кроках аднаўлення Каталіцкай Царквы ў Беларусі, аб шляхах і дасягненнях гэтага перыяда.
Далей з рэфератам “Сувязі паміж паўсюдным і партыкулярнымі Касцёламі ў вучэнні і заканадаўстве Яна Паўла ІІ” выступіў ксёндз прафесар Юзаф Крукоўскі. Галоўны рэдактар часопіса “Наша вера” Крыстына Лялько ў рэфераце “Спадчына Яна Паўла ІІ на беларускай мове”, расказала аб выдаўніцтве папскіх твораў па-беларускую. Біскуп Антоній Дзям‘янка, Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі прадставіў рэферат “Пантыфікат Яна Паўла ІІ: святыя і благаслаўлёныя Беларусі”, а кандыдат навук, гісторык Алесь Жлутка працу пад назвай “Ад апостала Андрэя да пантыфікату Яна Паўла ІІ: ключавыя этапы гісторыі Касцёла ў Беларусі”. Прафесар, доктар філасофскіх навук, сястра Зофія Здыбіцка пазнаёміла слухачоў з рэфератам “Разуменне чалавека ў філасофіі Яна Паўла ІІ”.
На сімпозіуме прысутнічалі: Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Марцін Відавіч, Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, вікарны Біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Вялікаселец, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама праваслаўныя святары – прадстаўнікі Беларускага Экзархату Рускай Праваслаўнай Царквы, каталіцкія святары з усіх беларускіх дыяцэзій.
Сімпозіум “Ян Павел ІІ – чалавек веры і культуры”, які праходзіў у Кафедральным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі, прыцягнуў да сябе ўвагу многіх зацікаўленых. Па запрашэнні на ім прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства Адукацыі Беларусі, прадстаўнікі Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, грамадзкіх уладаў, а таксама журналісты з тэлебачання і перыядычных выданняў. Адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам Прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай адукацыі, царкоўных і каталіцкіх школаў і ўніверсітэтаў Кардынала Зянона Грахалеўскага.
Па заканчэнні Сімпозіума адбыўся канцэрт арганнай музыкі, пасля якога Кардынал Зянон Грахалеўскі разам з Кардыналам Казімірам Свёнтэкам, ды іншымі пастырамі Каталіцкай Царквы ў Беларусі адслужылі Святую Імшу аб хутчэйшай кананізацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Пасля заканчэння набажэнства адбылася цэрымонія ўзнагароджання па выніках конкурсу, прысвечанаму Яну Паўлу ІІ, а таксама урачысты канцэрт “Яну Паўлу ІІ прысвячаецца” у якім прынялі ўдзел майстры мастацтваў Польшчы і Беларусі.
Пад час візіту ў Беларусь Прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай адукацыі, царкоўных і каталіцкіх школаў і ўніверсітэтаў Кардынал Зянон Грахалеўскі меў сустрэчу з намеснікам Міністра адукацыі Беларусі, а таксама, разам з Апостальскім Нунцыям Арцыбіскупам Марцінам Відавічам і Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Антоніем Дзям‘янкам, наведаў Магілёў, дзе таксама меў сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовых уладаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.