2006-11-29 12:38:58

Прапануем вашай увазе казанне Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI°, прамоўленага пад час Богаслужбы ў санктуарыі "Дом Марыі".


Працягваецца візіт Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI° у Турцыю. 29 лістапада Папа наведаў санктуарый “Дом Марыі”, які знаходзіцца ў 4 кілометрах ад г. Эфес, дзе а 12 гадзіне мясцовага часу ўзначаліў Святую імшу. Прапануем вашай увазе казанне Свяцейшага Айца, прамоўленае пад час гэтай Богаслужбы.
“Дарагія, браты і сёстры! Пад час гэтай літургіі мы жадаем ухваліць Пана за боскае мацярынства Марыі, за таямніцу, якая тут, у Эфесе, на Сусветным саборы 431 года была ўрачыста прызнана. Гэта месца, адно з самых ушанаваных хрысціянамі, ужо наведалі мае пашаныгодныя папярэднікі Слугі Божыя Павел VI° i Ян Павел II°, які наведаў санктуарый 30 лістапада 1979 года, праз непоўны год ад яго абрання на Пасад Святога апостала Пятра. Але ёсць і яшчэ адзін мой папярэднік, які ў гэтай Краіне быў не ў якасці Папы, але ў якасці прадстаўніка Папы са студзеня 1935 года да снежня 1944 года, асоба якога да гэтай пары прыпамінаецца з вялікай пабожнасцю і сімпатыяй. Гэта блаславёны Ян ХХIII°, у свеце Анджело Ронкаллі. Ён карыстаўся вялікаў павагай і любоў’ю турэцкага народа. У сувязі з гэтым, я жадаю прыпомніць выказванне з так заванага “Дзённіка любові”: “Я люблю туркаў, ацэньваю прыродныя якасці гэтага народа, які мае падрыхтаванае яму месца на шляху цывілізацыі”. Гэты Папа, сярод іншага, пакінуў ў дар Царкве і свету прыклад духоўных паводзінаў узорнага хрысцьяніна, заснаваных на глыбокай веры і трывалай еднасці з Богам. Натхнёны такім духам, я звяртаюся да турэцкай нацыі і, асаблівым чынам, да “маленькага статку” Хрыстовага, які жыве сярод яе, з тым, каб узмоцніць і паказаць яму любоў усёй Царквы. З вялікай любоў’ю вітаю вас, прысутных тут вернікаў з Iзміра, Мерсіна, Iскендеруна і Антакіі, а таксама іншых вернікаў, якія прыехалі з розных частак свету. Вітаю таксама тых, што не мелі магчымасці прыняць удзел у гэтай літургіі, але духоўна злучаны з намі. Дзякую вас за вашу прысутнасць, за ваша сведчанне і ваша служэнне Царкве на гэтай блаславёнай зямле, дзе некалі хрысціянская суполка мела вялікі росквіт, як аб гэтым сведчаць шматлікія пілігрымкі, якія накіроўваюцца ў Турцыю”.
Маці Божая – Маці Царквы.
У далейшай частцы свайго казання Папа сказаў: “Мы праслухалі ўрывак з Эвангельля ад Яна, які заклікае нас паразважаць над момантам Збаўлення, калі Марыя, разам з Сынам у ахвяры Пасвячання, прасцягае сваё мацярынства на ўсіх людзей і, асаблівым чынам, на паслядоўнікаў Хрыста. Сведкай гэтай падзеі ёсць аўтар чацьвёртага Эвангельля, Ян, адзіны з апосталаў, які застаўся на Галгофе разам з Маці Езуса і іншымі жанчынамі. Мацярынства Марыі, якое пачалося ад падзей у Назарэте, завершваецца пад Крыжом.
Маці Бога – Маці еднасці.
Першае чытанне падае нам тое, што магчыма акрэсліць як “эвангельле” Апостала народаў: усе, нават і пагане, пакліканы ў Хрысце ў поўнай меры прыняць удзел у Таямніцы Збаўлення. У прыватнасці, згаданы тэкст утрымлівае ў сабе выказ, які я абраў для майго апостальскага падарожжа: “Ён, Хрыстус, ёсць нашым мірам”. Апостал жадае атрымання “Божай ласкі і міра” ад нашага Нябеснага Айца і Пана Езуса Хрыста. “Божая ласка” ёсць сілай, якая пераўтварае чалавека і свет; “мір” ёсць сталым плёнам такога пераўтварэння. Хрыстус ёсць Божай ласкай; Хрыстус ёсць мірам, - зазначыў Бенедыкт XVI°.
Папросім міра для Ерусаліма і ўсяго света.
Узмоцненыя Словам Божым, адсюль, з Эфеса, горада, блаславёнага Найсвяцейшай Паннай Марыяй, якая, як вядома, ушаноўваецца таксама і мусульманамі, узнясем да Пана асаблівую малітву за мір паміж народамі. Папросім аб міры і пагадненні перад усім для тых, што жывуць на Зямле, якая ёсць Святой як для хрысціянаў, так і для гебрэяў і мусульманаў: гэта зямля Абрама, Iсака і Якуба. Мір усяму чалавецтву! Няхай хутка споўніцца прароцтва Iсайі: “Ніякі народ не ўздыме шаблі супраць іншага народа, не будзе болей войнаў”. Усе мы маем патрэбу ў гэтым агульным міры, і ў гэтым міры Царква заклікана не толькі па-прароцку абвяшчаць, але і, больш таго, быць “знакам і сродкам”, - скончыў сваё казанне Свяцейшы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.