2006-11-29 09:57:44

Біскуп Падовезе, Апостальскі вікарый Анатоліі выказаў свае меркаванні на конт візіту Свяцейшага Айца ў Турцыю.


Візіт Свяцейшага Айца ў Турцыю падтрымае і ўмацуе маленькую грамаду католікаў гэтай краіны, упэўнены біскуп Луіджы Падовезе, Апостальскі вікарый Анатоліі.
Выступаючы ў штаб-кватэры італьянскага аддзялення каталіцкай дабрачыннай арзанізацыі “Царква ў патрэбе”, біскуп Падовезе адзначыў, што сама прысутнасць католікаў і “асабліва каталіцкіх святароў у Турцыі рэзка “кантрастуе” з турэцкім нацыяналізмам”.
“Таму візіт Папы не толькі падтрымае, але і ўмацуе ў нас хрысціянскую самасвядомасць. З-за таго, што каталіцкая грамада ў краіне такая маленькая, мы часта імкнемся быць меньш заўважальнымі, каб пазбегнуць сур’ёзных цяжкасцяў сацыяльнага і рэлігійнага характара”, - падкрэсліў монс. Падовезе.
Ён дадаў, што сярод мноства туркаў існуе меркаванне аб неабходнасці паніжэння колькасці хрысціянаў у краіне. “У невялікіх гарадках і вёсках ёсць касцёлы без вернікаў. Часта мясцовыя ўлады прыймаюць рашэнне аб канфіскацыі гэтых будынкаў. Многія католікі накіроўваюць сваіх дзяцей вучыцца за мяжу, і яны ўжо не вяртаюцца. Многія католікі не маюць годных месцаў працы, па-большасці яны займаюцца фізічнай працай”, - заявіў прэлат.
Ён дадаў, што ў гэтай сітуацыі Царква ў Турцыі адмовілася ад місіянарскай дзейнасці, але яна адкрыта для ўсіх людзей, якія выяўляюць зацікаўленне да хрысціянства. Кожны чалавек можа прыйсці ў храм і паразмаўляць са святаром.







All the contents on this site are copyrighted ©.