2006-11-14 15:49:30

Сёння мы завершваем чытанне артыкулу Марі Крісцін Черуці "Эвангелле - гэта праўда". Перш хочым паведаміць, што літаральна праз некалькі дзён аўтарка распачне свой цыкл лекцый у беларускім Дзяржаўным універсітэце, у інстытуце тэалогіі св. Мефодыя і Кірыла.


Цыкл, падрыхтаваны філосафам і тэолагам, спадарыняй Марі Крісцін Черуці-Сандрыё.
Аўтарка выкладала ў Сарбоне, з'яўляецца рэдактарам французскага каталіцкага выдання "Бюлетэнь асацыяцыі Жана Карміньяка", выпусціла кнігу "Эвангелле як рэпартажы" і зараз працуе над новым творам; чытае курс у Інстытуце тэалёгіі пры Белдзяржуніверсітэце.
(Гностыкі) ...Ці можа гнастыцызм ляжаць у аснове Евангелляў? Гэта не пустое пытанне, бо станоўчы адказ на яго вельмі выгодны разнашэрсным адэптам гэтай ідэалогіі, па-першае, таму, што робіць хрысціянства залежным ад іх секты, па-другое, хрысціянства перастае быць носьбітам абсалютных каштоўнасцяў і ў выніку дазваляе гностыкам пацвердзіць мілы іх сэрцу тэзіс пра тое, што Езус прапаведаваў бязлікай масе простага люду адно Евангелле (тое, што мы ведаем), у той час як іншае, таемнае, з веку ў век перадавалася толькі абраным, пасвечаным «інтэлектуалам» акультнымі шляхамі.
Такім чынам, ці можна дапусціць, што Евангеллі, нашы, касцёльныя – я не кажу пра гнастычныя або апокрыфы – мелі гнастычныя вытокі? Згадаем, што на працягу ўсяго евангельскага аповеду Езус імкнецца «рэабілітаваць» матэрыю, плоць. Так, «ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сведчанні, знявагі» (Мц 15, 19; Мк 7, 21–22) сыходзяць не з плоці, а з сэрца чалавека. Евангелле сведчыць пра ўваскрасенне цела, у Евангеллі ўстанаўліваецца Эўхарыстыя – прычасце Цела і Крыві Хрыстовай, Евангелле прапаведуе роўнасць усіх людзей і, больш за тое, перавагу пакорлівых, малых, дзяцей... У Евангеллі Бог настойвае на тым, што мы павінны з адказнасцю ставіцца да справы збаўлення, настойвае на важнасці нашых высілкаў на гэтым шляху, бо мы будзем судзімыя па справах нашых; больш за тое, па Яго словах, немагчыма схаваць праўду, бо ўсё таемнае стане яўным (пар. Лк 12, 2–3), і ў дадатак ледзьве не на кожнай старонцы мы чытаем, што Езус прыйшоў выканаць абяцанні, дадзеныя Богам у Старым Запавеце. Евангелле ад Яна, відаць з-за таго, што ў ім ёсць «інтэлектуальныя» месцы, карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў гностыкаў, якім здаецца, што яно напісана герметычнай моваю, здольнаю перадаваць эзатэрычныя адкрыцці. Аднак у Евангеллі ад Яна няма нічога такога, што ставіла б яго асобна ад іншых Евангелляў, але затое ў ім прысутнічае нешта, што ёсць у ім і толькі ў ім адным: «Бо Цела Маё сапраўды ёсць ежа, і Кроў Мая сапраўды ёсць пітво» (Ян 6, 55), і цалкам неспасцігальнае: «І Слова стала целам» (Ян 1, 14). Такім чынам, цалкам відавочна, што нашы Евангеллі не маюць нічога агульнага з гнастыцызмам, калі толькі не дапусціць, што ўсе гэтыя і падобныя да іх вершы былі «дадзеныя пазней». ------Хутчэй за ўсё, заходні, і не толькі заходні, чытач скажа, што ўсё гэта для яго не новае. Так, рэінкарнацыя, змешаны свет, бесцялесныя істоты, таемныя веды, адчуванне абранасці, прыхільнасць да пантэізму, практыка сатанізму, адпрэчванне догмаў, ідэя пра тое, што Езус – гэткая ж ідэальная харызматычная асоба, як Буда, Сакрат або Заратустра, парытэт праўды і рэлігій – усё гэта і шмат іншага ў сучасным свеце не новае і, на маю думку, набірае нечуваны размах, прыносіць велізарную шкоду духоўнаму жыццю людзей, чаго яшчэ зусім нядаўна не было і ў паміне.
Несумненна, гнастыцызм перапоўнены супярэчнасцямі, бо памылкі і падман непазбежна вядуць да супярэчнасцяў, і пра гэта пісаў яшчэ св. Ірыней: «Вы гаворыце, што пнеўматыкі павінны ўсё выпрабаваць, але яны заўсёды выпрабоўваюць заганнае і ніколі – дабрадзейнасць з яе найвышэйшымі праявамі; вы гаворыце, што ўсё існае было народжанае плеромай, але і гаворыце, што матэрыя паходзіць не ад яе»... Што датычыць сучасных тэорый і тэндэнцый, то гнастыцызм разыходзіцца з імі толькі на першы погляд. Так, сучасная мараль, узброеная ідэямі талерантнасці і антырасізму як быццам выступае за роўнасць паміж людзьмі, але тым не менш на практыцы наша грамадства, стараннае дзіця гнастыцызму, робіцца ўсё больш выразна элітарным. Проста «талерантнасць» выстаўляецца напаказ, а элітарнасць – атрыбут класу абраных – прынята хаваць ад вачэй абывацеля. Між тым славутая талерантнасць, якой намагаюцца падмяніць евангельскую любоў да бліжняга, дазваляе ўспрымаць усе ідэі і ўсе рэлігіі як роўныя і ўзаемазамяняльныя, а значыць, скасоўвае гэта «ненавіснае» паняцце праўды, той самай праўды, якая з’яўляецца адной з асноўных характарыстык Бога ў супрацьлегласць якасцям таго, каго Езус назваў «бацькам хлусні». --Іншая ўяўная супярэчнасць – адмаўленне ад матэрыі і плоці, што цалкам не адпавядае каштоўнасцям сучаснага грамадства (не будзем забываць пра тое, што пнеўматыкі маглі дазваляць сабе ўсялякія плоцевыя жаданні, не рызыкуючы апаганіцца, бо яны былі не схільныя да заганаў). Мы бачым, што сённяшняе грамадства кіруецца іншымі ідэаламі, што любоў да дабротаў гэтага свету спараджае рабства, але гэта і ёсць жаданая мэта: заняволіць чалавека жарсцямі, каб лягчэй кіраваць ім. Але ці ўсё так адназначна? Давайце падумаем, адкуль пайшла гэтая мода на рэінкарнацыю, якая на самай справе ёсць ні што іншае як пагарда да плоці, спосаб яе адмаўлення. А аборты, дазволеныя дзяржавамі і ператвораныя ў норму жыцця? Такое зрабілася магчымым толькі таму, што эмбрыён, або зародак лічыцца неадухоўленым кавалачкам мяса, у якім яшчэ няма нічога чалавечага.
Такім чынам, у праявах гнастыцызму мы маем справу з праявамі антыхрысціянскіх і, больш за тое, багаборчых тэндэнцый і сіл. Гэта з імі сутыкнуліся нашы праайцы ў Эдэмскім садзе, што і было апісана ў кнізе Быцця (3, 5): «...вы будзеце як богі, што спазналі дабро і зло», з імі вялі барацьбу старазапаветныя юдэі і першыя хрысціяне, яны, як падводная плынь, пераследавалі хрысціянства на працягу ўсяго яго гістарычнага шляху. Дык ці варта здзіўляцца, калі сёння ма пазнаем гнастыцызм па яго нападках на Евангелле – апірышча ўсяго хрысціянства, якое заўсёды знаходзілася пад прыцэлам ворага роду чалавечага ў яго барацьбе з Богам за чалавечыя душы. У гэтай сітуацыі для нас было б найбольшай памылкай супакоіцца, палічыўшы, што праўда на нашым баку, а таму мы непахісныя. Будзем памятаць, што ганарлівасць – адметная рыса тых, хто (разам з князем цемры) прэтэндуе на тое, каб ведаць больш пэўна, чым Бог.
Такім чынам, адказ на пытанні «Як растлумачыць няспынную і злосную хвалю нападак на хрысціянства? Якая ад гэтага можа быць выгода?» становіцца цалкам зразумелым.
Як жа мы можам супрацьстаяць гэтаму? У мяне няма ніякіх новых «рэцэптаў» супрацьстаяння. Апрача пакорлівасці, патрэбна няспынная малітва і, безумоўна, дабрадзейнае жыццё, удзел у хрысціянскіх таямніцах. Але апрача гэтага, асабліва важная актыўная пазіцыя, якую часам так недаацэньваюць хрысціяне і якой усяляк перашкаджаюць ворагі хрысціянства, што яшчэ больш сведчыць пра яе важнасць. У чым жа мне бачыцца актыўная пазіцыя? У тым, каб авалодваць ведамі, і не толькі тэалагічнымі дысцыплінамі, але і свецкімі навукамі: дакладнымі навукамі, гісторыяй, філасофіяй, бо менавіта іх бяруць на ўзбраенне нашы апаненты для таго, каб абяззброіць нас, але ж агульнавядома, што сапраўдная навука здольная прывесці да Бога. Ды і сам Бог пакінуў нам гэты запавет. «Ідзіце, навучайце ўсе народы», – казаў Ён вучням. <...> -------Тым жа, хто мае схільнасць страчваць прысутнасць духу, – а запалохванне – адна з улюбёных тактыкаў князя цемры, гнастыцызму і хлусні – нагадаю словы Збаўцы: «Мужайцеся, Я перамог свет», і «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Ян 16, 33; Мц 28, 20).
Пераклад з французскай мовы
Алены Ціханавай
 







All the contents on this site are copyrighted ©.