2006-11-14 15:54:28

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( 11 11 06)


25 сакавіка 1946 году беларусы ў Рыме ўпершыню адзначылі ўгодкі абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта айцец Сіповіч падаў у Беларускіх навінах кароткую зьвестку, падпісаўшы яе ініцыяламі “В. К.” (Васіль Крывічанін. – А.Н.): «Помнячы аб вялікім дню 25 Сакавіка, беларусы ў Італіі магчыма што найбольш урачыста сьвяткавалі яго тут у Вечным Горадзе. Грамадка наша тут на чужыне зрабіла ўсё магчымае, каб жыва ўявіць веліч Акту Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі. A гадз. 10-ай раніцы сабраліся ў катакомбах сьв. Каліста пры вія Аппія беларусы каталікі абодвух абрадаў i праваслаўныя на супольную літургію, каб памаліцца за нашу гаротную Бацькаўшчыну, што пераходзіць сяньня свае катакомбы... Пасьля палудня сабраліся ўсе беларусы пад сьцягам бел-чырвона-белым i Пагоняй, каб прыпомніць мілагучныя беларускія песьні, што нязгорш удаваліся пры скромнай чарцы віна сонечнай Італіі. З пажаданьнем да шчасьлівейшага 25 Сакавіка ў Бацькаўшчыне разьвіталіся»79.
У сярэдзіне 1946 году стала ясна, што беларусы знаходзіліся ў Італіі толькі часова. Польскае войска мелі хутка расфармаваць. Жаўнерам даваўся выбар: вярнуцца ў Польшчу, эміграваць у заакіянскія краіны (Канаду, Аргентыну, ЗША) або пераехаць у Вялікую Брытанію. Там на аснове польскіх вайсковых адзінак утвараўся Польскі Корпус падрыхтоўкі i расьсяленьня (Polski Korpus przysposobienia i rozmieszczenia, або ў скароце PKPR; па-ангельску ён называўся Polish Resettlement Corps, або PRC), каб былыя жаўнеры маглі навучыцца прафэсіі ці здабыць асьвету i падрыхтавацца да цывільнага жыцьця на чужыне. Беларусы з зразумелых прычынаў не маглі вярнуцца на Бацькаўшчыну i ня мелі ніякага жаданьня ехаць у Польшчу. Таксама найчасьцей яны яшчэ не былі гатовыя да далейшай эміграцыі. Такім чынам, да канца 1946 году беларускія жаўнеры польскай арміі ў бальшыні сваёй апынуліся ў Вялікай Брытаніі. Перад ад’ездам многія дасылалі разьвітальныя лісты айцу Сіповічу. Адзін зь ix, Тодар Цімафейчык, які вучыўся ў гімназіі ў Алесана, пісаў 11 ліпеня 1946 году: «Паведамляю Вам, што я i ўсе сябры... выяжджаем у Англію 19.VII.46 г... Ветліва прашу Вас трымаць з намі лучнасьць аж да апошняе хвіліны... Хоць сяньня закінуў нас лёс у шэрагі чужынскае i ад вякоў варожае нам арміі, але дзе, у чым i ў якіх абставінах мы ня будзем, апрача нашага вонкавага выгляду, свайго мы ідэалу не загубім. З упавагі маіх сяброў перасылаю Вам усім Змагарам найлепшае нашае пажаданьне, каб як найхутчэй убачыліся мы ў нашай вольнай i незалежнай Бацькаўшчыне». Сувязь з айцом Сіповічам не перапынялася i пасьля іх прыезду ў Англію. Павал Бударкевіч, адзін з гусараў, пісаў 23 ліпеня 1946 году: «Пішу да Вас з Англіі, гдзе знаходзімся ўжо блізу месяц. Першыя ўражаньні, каторыя тут адчулі, гэта ўласьцівы гэтай краіне клімат... жаданьнем нашым ёсьць аседліцца больш згуртавана ў якім ліба заморскім краю i магчыма больш утрымоўваць свой нацыянальны дух. Дарагі Тата (так называлі гусары айца Сіповіча. – А.Н.), калі пасядаеце новыя намяры газэт, то калі ласка прышліце ў лісьце па адным экзэмпляры, а мы пастараемся запазнаць з імі ўсіх блізшых калегаў». Іншы гусар, Уладзімер Ваўчок, пісаў 14 жніўня: «Ад нас большая палова выяжджае да Польшчы, астаюцца толькі з нашых старон, а пераважна беларусы... Мы папісаліся на выезд да Канады. Нас беларусаў налічваецца каля 60 чалавек толькі ў нашым палку».
Перад беларускімі сьвятарамі ў Рыме паўстала пытаньне, што рабіць далей. Айцец Сіповіч у тым часе рыхтаваўся да абароны сваёй доктарскай працы, i таму пастанавілі, што ў Францыю працаваць на Беларускай Каталіцкай Місіі паедзе айцец Гарошка. Ужо 27 сакавіка 1946 году айцец Сіповіч пісаў Абрамчыку: «Айцец Гарошка выбіраецца ўжо да вас i прыедзе напэўна». Розныя фармальнасьці занялі больш часу, чым спачатку спадзяваліся. Усходняя Кангрэгацыя дала нарэшце сваю згоду, i 25 кастрычніка 1946 году айцец Гарошка апынуўся ўжо ў Парыжы. Гэта была першая Беларуская Каталіцкая Місія, афіцыйна зацьверджаная царкоўнымі ўладамі.
Перад ад’ездам у Парыж Гарошка напісаў 8 кастрычніка ліст да кардынала Тысэрана ва Ўсходнюю Кангрэгацыю з просьбаю паслаць, як толькі гэта будзе магчыма, a. Сіповіча ў Вялікую Брытанію – краіну з патэнцыйна найбольшай беларускай эміграцыяй у Эўропе. Пра гэта гаварылася яшчэ ў Рыме на сустрэчах з Жук-Грышкевічам, Сянкевічам ды іншымі беларускімі жаўнерамі, што служылі ў польскім войску. Неўзабаве пасьля прыезду ў Вялікую Брытанію група беларусаў сабралася 22 верасьня 1946 году ў Лёндане i заснавала беларускую арганізацыю пад назовам Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі, якая існуе да сёньняшняга дня. Першым старшынёй Згуртаваньня стаў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, а сакратаром – Віктар Сянкевіч.
Аднак справа выезду айца Сіповіча ў Англію, відаць, ішла нялёгка: узьніклі нейкія сумневы ў ягоных законных уладаў. Ён пісаў 30 лістапада 1946 году айцу Гарошку ў Парыж: «Цяпер просьба: канечна напішы просьбу да Владыкі Петры (Бучыса. – A.H.), каб мяне захацеў выслаць у Лёндан, паклікаючыся на свае папярэднія разгаворы з ім, на сваю просьбу да Кардынала Тысс(эрана)... яшчэ раз паўтараю: як найхутчэй палагодзь справу: адразу пішы да нашага Владыкі, а пасьля я з ім, або адзін пойдзем у Кангрэгацыю».
19 сьнежня 1946 году Сіповіч пасьпяхова абараніў доктарскую працу ў Папскім Усходнім Інстытуце. Цяпер ужо нічога не трымала яго ў Рыме. 1 студзеня 1947 году Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі зьвярнулася да Бучыса i Ўсходняй Кангрэгацыі з просьбай накіраваць айца Сіповіча ў Англію. Бучыс спачатку нават не адказаў на іхны ліст. 22 студзеня Сіповіч быў ва Ўсходняй Кангрэгацыі i ўзьняў там пытаньне пра свой выезд у Англію. У Кангрэгацыі абяцалі напісаць Бучысу, што i зрабілі 24 студзеня. Атрымаўшы ліст ад Усходняй Кангрэгацыі, Бучыс адразу зьмяніў думку i даў свой дазвол. Ён нават напісаў, або прынамсі падпісаў (тэкст склаў, напэўна, айцец Сіповіч), ліст да Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі на беларускай мове.








All the contents on this site are copyrighted ©.