2006-10-30 14:31:36

Старонкі з Кампендіума сацыяльнай дактрыны Царквы.


170 Агульнае дабро грамадства – не самадастатковая мэта; яно мае вартасць толькі ў той меры, ў якой дачыняецца з асягненнем канчатковых мэтаў асобы з універсальным агульным дабром усяго стварэння. Бог – канчатковая мэта створанага Iм; ні ў якім разе нельга пазбаўляць агульнае дабро Яго трансцэндэнтнага вымярэння, якое пераўзыходзіць, але і прыводзіць да рэалізацыі гісторыю. Гэта перспектыва асягае сваёй поўні дзякуючы веры ў Пасху Езуса, якая асвятляе сапраўднае агульнае дабро чалавецтва. Наша гісторыя – асабісты і калектыўны высілак узвысіць становішча чалавека – пачынаецца і завершваецца ў Езусе: дзякуючы Яму, праз Яго і дзеля Яго ўсялякая рэчаіснасць, уключаючы чалавечую грамаду, можа быць прыведзена да свайго найвышейшага Дабра, да свайго выканання. Калі б запанавала чыста гістарычнае і матэрыяльнае бачанне, агульнае дабро ў рэшце пераўтварылася б у просты сацыяльна-эканамічны дабрабыт, пазбаўлены усялякага імкнення да трансцэндэнтнага, значыць да найглыбейшай прычыны свайго існавання.
III. Агульнае прызначэнне дабротаў.
а) Паходжанне і значэнне
171 Сярод шматлікіх наступстваў, якія паходзяць з паняцця агульнага дабра, асабліва важным ёсць прынцып агульнага прызначэння дабротаў: “Зямля і ўсё тое, што яе напаўняе, прызначана Богам для таго, каб усе людзі і народы ёю карысталіся і каб на аснове справядлівасці і любові створаныя даброты ўсе атрымлівалі аднолькавым чынам”. Гэты прынцып заснаваны на тым факце, што “першапрычына ўсяго, што ёсць дабро, - само дзеянне Бога, Які стварыў зямлю і чалавека і даў чалавеку зямлю, каб ён панаваў на ёй уласнай працай і карыстаўся яе пладамі (пар. Быц 1, 28-29). Бог даў зямлю ўсяму чалавечаму роду, каб яна харчавала ўсіх людзей, не выключаючы нікаго і нікаго не ставячы прывелеяванае становішча. Тут закладзены карані агульнага прызначэння дабротаў зямлі. Яна, з нагоды сваёй плённасці і здольнасці задавальняць патрэбы чалавека, ёсць першым дарам Бога дзеля падтрымання чалавечага жыцця”. Бо кожны чалавек не можа абыйсціся без матэрыяльных дабротаў, якія задавальняюць ягоныя першасныя патрэбы і складаюць базавыя ўмовы для яго існавання; гэтыя даброты яму абсалютна неабходныя, каб харчавацца і расці, уступаць у зносіны, аб’ядноўвацца з іншымі і асягаць найвышейшых мэтаў, да якіх чалавек пакліканы.
172 Прынцып агульнага прызначэння зямных дабротаў палягае ў аснове агульнага права на карыстанне дабротамі. Кожнаму чалавеку павінен быць асягальным дабрабыт, неабходны для яго поўнага развіцця: прынцып агульнага карыстання дабротамі – гэта “першы прынцып усяго этычна-сацыяльнага ўпарадкавання” і “тыповы прынцып хрысціянскай сацыяльнай навукі”. З гэтай нагоды Царква палічыла сваім доўгам удакладніць яго натуру і характэрыстыкі. Гутарка ідзе, перад усім, аб натуральным праве, упісаным у натуру чалавека, а не аб праве толькі станоўчым, звязаным са зменлівай гістарычнай сітуацыяй; акрамя таго, гэта права “першапачатковае”. Яно належыць асобнаму чалавеку і прыарытэтна ў адносінах да любога чалавечага валодання дабротамі, да любога юрыдычнага парадка, да любой сацыяльна-эканамічнай сістэмы і метада: “Усе іншыя правы, любога роду, уключаючы права на маёмасць і на свабодны гандль, падпарадкаваныя агульнаму прызначэнню дабротамі; такім чынам, яны павінны не перашкаджаць, але спрыяць яго здзяйсненню. Важны і неадкладны сацыяльны абавязак – вяртаць гэтыя правы да іх першапачатковай мэты”.
173 Канкрэтнае, у адпаведнасці з рознымі культурнымі і сацыяльнымі кантэкстамі, здзяйсненне прынцыпа агульнага прызначэння дабротаў патрабуе дакладнага акрэслення спосабаў, межаў, рэчаў. Агульнае прызначэнне і карыстанне не значыць, што ўсё знаходзіцца ў распараджэнні ўсіх і кожнага. Калі верна, што ўсе нараджаюцца з правам на карыстанне дабротамі, таксама верна і наступнае: каб забяспечыць раўнае і ўпарадкаванае здзяйсненне гэтага права, неабходна рэгламентаванае ўмяшальніцтва як вынік унутрынацыянальных і міжнародных пагадненняў і такая юрыдычная сістэма, якая б акрэслівала і ўдакладняла, як здзяйсняць гэта права.
174 Прынцып агульнага прызначэння дабротаў заахвочвае развіваць канцэпцыю эканомікі, заснаваную на маральных вартасцях, якія дазваляюць ніколі не губляць увагі да паходжання і да мэты гэтых дабротаў, каб ствараць справядлівы і салідарны свет, у якім накапленне багацця магло б выконваць пазітыўную функцыю. Багацце, сапраўды, здольна выконваць яе ў разнабаковых формах, у якіх яно можа выяўляцца як вынік творчага працэса тэхніка-эканамічнай разпрацоўкі маемых рэсурсаў, прыродных і створаных. Багацце асягаецца дзякуючы вынаходнасці, здольнасці да планавання, працы людзей і выкарыстоўваецца дзеля таго, каб павышаць дабрабыт людзей і народаў і супрацьставіцца маргіналізацыі і эксплуатацыі.
175 Агульнае прызначэнне дабротаў мае на ўвазе агульны высілак, накіраваны на стварэнне ўмоў, неабходных кожнаму чалавеку і ўсім народам дзеля цэласнага развіцця, каб усе маглі ўнесці ўклад у пабудову больш чалавечнага свету, “у якім кожны здолее даваць і атрымліваць і ў якім рух наперад адніх не будзе перашкаджаць развіццю іншых і не будзе нагодай для іх падпарадкавання”. Гэты прынцып адпавядае закліку, з якім Эвангелле няспынна звяртаецца да людзей і грамадстваў кожнай этохі, заўсёды спакушаемым жаданням валодання; такія спакусы Сам Пан Езус пажадаў перажыць (пар. Мк 1, 12-13; Мат 4, 1-11; Лк 4, 1-13), каб навучыць нас пераадольваць іх з дапамогай Ягонай Божай ласкі.
176 Працуючы і ўжываючы свій розум, чалавек асягае панавання над зямлёй і пераўтварае яе ў годнае жытло для сябе: “Такім чынам, ён робіць сваёй уласнасцю частку зямлі, якую заваёўвае працай. Так узнікае індывідуальная ўласнасць. Прыватная ўласнасць і іншыя формы прыватнага валодання дабротамі “забяспечваюць кожнаму чалавеку дасканала неабходны абшар для асабістай і сямейнай аўтаноміі, і таму іх трэба разглядаць як пашырэнне чалавечай свабоды. У рэшце, дадаткова заахвочваючы да выканання абавязкаў і доўга, яны складаюць адну з асноў грамадзянскіх свабодаў”. Прыватная ўласнасць – гэта істотны элемент эканамічнай палітыкі, сапраўды сацыяльна арыентаванай і дэмакратычнай, і ёсць гарантыяй правільнага сацыяльнага парадка. Сацыяльная навука патрабуе, каб уласнасць на даброты была аднолькава асягальная для ўсіх – тады ўсе зробяцца, хаця б у пэўнай меры, уласнікамі – і абвяргае формы “агульнага і змешанага валодання”.







All the contents on this site are copyrighted ©.